Чарговыя прысуды па «карагоднай справе»: ад «хатняй хіміі» да калоніі

У судзе Маскоўскага раёна Брэста прагучаў прысуд для пятай групы ў «карагоднай справе». Суддзя Яўген Брэган асудзіў 13 чалавек.

image_from_ios_9_1.jpg

Судовы канвеер разагнаўся так хутка, што пятую групу асудзілі хутчэй, чым чацвёртую: апошняя пачуе прысуд толькі 8 чэрвеня, піша «Белсат».

Адзначым, што пятая група, у адрозненне ад чацвёртай і асабліва трэцяй, практычна не змагалася: 8 з 13 чалавек адразу прызналі сваю віну. І сёння пачулі такі прысуд:

Аляксандр Храпко — 1 год і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Ілля Палхоўскі — 2 гады «хіміі»;

Андрэй Аніскевіч — 1,5 года «хіміі»;

Алена Лайко, Галіна Чугунова — па 2 гады «хатняй хіміі»;

Ігар Вінакураў, Сяргей Ксянжук, Зміцер Курганаў, Радзівон Медушэўскі, Андрэй Нямірскі, Сафія Нішт, Кацярына Смірнова, Мікіта Увараў — 1,5 года «хатняй хіміі».

Прызнаных палітвязнямі Радзівона Медушэўскага і Ігара Вінакурава вызвалілі ў залі суду, яны знаходзіліся ў СІЗА з 16 сакавіка.

Адным з нямногіх, хто не прызнаў віну, стаў Андрэй Аніскевіч, ён адзіны хто пагадзіўся пагаварыць з журналістам «Белсата».

— Гэтае рашэнне буду абскарджваць, зразумела, што ўсё гэта фармальнасць, зразумела, што там нічога не зменіцца, але час пацягнуць можна. Відавочна, што гэта палітычная справа, уключыўся канвеер рэпрэсій, патрапілі пад яго, я не маркочуся і ўпэўнены, што ў нас у краіне хутка ўсё зменіцца, — сказаў Андрэй Аніскевіч.

13 верасня мінулага года ў Брэсце адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекта Машэрава і спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асоб утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал — так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу брэстаўчане называюць гэтае скрыжаванне «вадамётным», а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца «карагоднай».

Па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») у гэтай справе асудзілі ўжо 32 чалавекі, 18 з іх ужо адбываюць пакаранне.