«Чаго ім не хапала». Гісторыя рэпрэсій сям'і Зуевых
Таццяна і Андрэй Зуевы былі актывістамі ў сваім родным Наваполацку — назіралі за выбарамі, хадзілі на пратэсты, друкавалі і расклейвалі налепкі... Пара распавяла гісторыю свайго пераследу — пра бясконцыя «суткі» мужа і спробу забраць дзяцей у прытулак.
Кошт свабоды і высновы пасля трох гадоў у эміграцыі. Арышты, ператрусы, канфіскацыя, уцёкі: «Салідарнасць» распавядае гісторыю звычайных беларусаў, якія не пабаяліся выказаць сваё меркаванне ў 2020 годзе.
— У мяне было ўсяго 20 хвілін на тое, каб сабраць траіх дзяцей, схапіць заплечнікі і выскачыць у суседні двор. Ужо адтуль мы бачылі, як да нашага пад'езда пад'ехаў бус, з якога выйшла шмат людзей. Гэта, відавочна, не была звычайная праверка сацслужбы, яны ехалі забіраць дзяцей, — распавядае Таццяна Зуева пра тое, як бегла з роднага Наваполацка.
У той красавіцкі дзень тры гады таму ёй з дзецьмі ўдалося дабрацца да аэрапорта ў Мінску, купіць квіткі і вылецець у Кіеў, дзе іх сустракаў кіраўнік сям'і — актывіст «Народнай Грамады» Андрэй Зуеў.
Сам ён пакідаў Беларусь у багажніку аўтамабіля. Гісторыя іх сям'і ператварылася ў вострасюжэтную драму вясной 2020-га года, пасля таго як Андрэй у адкрытым інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму распавёў усё, што думае аб нязменнай уладзе ў краіне.
«Даў інтэрв'ю Ціханоўскаму і атрымаў за гэта 7 сутак»
У Андрэя Зуева прафесія не зусім звычайная для мужчыны. Ён — швачка. У Наваполацку працаваў на фабрыцы Mark Formelle, а Таццяна — прадаўцом у краме. Трохпакаёвую кватэру жонкі, як шматдзетная сям'я, купілі за льготны крэдыт, пад 1% на 40 гадоў. З улікам чацвярых дзяцей, частка сумы пакрыла дзяржава.
— Перад выбарамі мы яшчэ ўмудрыліся купіць дачны ўчастак — 6 сотак з летняй хаткай. І я з дзецьмі туды ездзіла на шашлычок на свежым паветры, побач лес, рэчка, грыбы, ягады. У цэлым, у матэрыяльным плане ў нас сапраўды вялікіх праблем не было, — дзеліцца Таццяна.
Па ўсіх параметрах сям'я падыходзіла пад тое самае, крыўднае для прыхільнікаў рэжыму вызначэнне — «чаго ім не хапала».
— Я не быў тым, хто прачнуўся ў 2020 годзе, — тлумачыць Андрэй. — Ведаў Мікалая Статкевіча, быў у партыі «Народная Грамада».
Але я вельмі радаваўся, калі ўбачыў, як прачынаюцца іншыя. Яшчэ ў 2019-м на Дзень Волі 25-га сакавіка мы ўсёй сям'ёй пайшлі да цэнтра горада з БЧБ-сцягам. Тады да нас падыходзілі, каб спытаць, што гэта за сцяг, куды і навошта мы ідзем, але ніхто так і не далучыўся. А мне ў выніку далі штраф за несанкцыянаваны мітынг. Хто б мог падумаць, што ўсяго праз год увесь наш горад напоўніцца гэтымі сцягамі.
У траўні 2020 года я даў інтэрв'ю Ціханоўскаму і атрымаў за гэта 7 сутак. Выйшаў з СІЗА і адразу пайшоў валанцёрам у ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай. Мы арганізоўвалі зборы подпісаў у Наваполацку, Полацку і Лепелі.
Да нас тады ішло вельмі шмат людзей, яны прапаноўвалі любую дапамогу, неслі ваду, чай, бутэрброды і піражкі.
Затрымліваць актывістаў сталі практычна адразу. Андрэю з напарнікам прысудзілі па 15 сутак з адтэрміноўкай выканання пакарання. Пасадзілі іх у СІЗА толькі 1 жніўня, жадаючы такім чынам нейтралізаваць мясцовых актывістаў на выбары.
— Прагаласаваўшы 9 жніўня, я разам з іншымі засталася чакаць, пакуль вывесяць пратаколы, але іх так і не вывесілі, — успамінае Таццяна. — Камісію выводзілі праз заднія дзверы, а да нас пад'ехалі дзве міліцэйскія машыны.
Таксама падыходзілі нейкія мужчыны ў цывільным адзенні і дакучліва цікавіліся, чаму мы не сыходзім, мітынгуем і парушаем закон. Затым некалькі самых актыўных з тых, хто чакаў, затрымалі. У першыя дні пасля выбараў у нас у горадзе праходзілі моцныя пратэсты. Бачыла, як цягнулі ў бусы людзей, якія проста сядзелі за столікамі ля кавярні. Чула выбухі гранат. Мінімум аднаго чалавека дакладна паранілі.
А падчас аднаго маршу людзі дайшлі да СІЗА і запатрабавалі адпусціць затрыманых, і некаторых тады пад ціскам сапраўды выпусцілі.
Відавочна, чакаючы такога развіцця падзей, Андрэя і яшчэ некалькіх чалавек напярэдадні выбараў вывезлі з горада.
— Мяне перавозілі ноччу ў першых чыслах жніўня. Гэта была цэлая аперацыя. Пасля адбою сказалі выйсці з камеры, я спрабаваў адмовіцца, бо не патлумачылі, для чаго.
Аднак мяне ўсё роўна павезлі. Суправаджаць мяне прыехаў аж маёр з Віцебска, але і ён не адказваў на мае пытанні. У нейкі момант я, праўда, падумаў, што ім нічога не варта адвезці мяне ў які-небудзь лес.
У 2 гадзіны ночы мы прыехалі ў ІЧУ ў Віцебск. Я крыху супакоіўся. Быў апрануты тады ў скураную куртку з жалезнымі кнопкамі. Маёр паспрабаваў іх зрэзаць, але ў яго не атрымалася. Кажу, дай нажніцы, сам зрэжу. Той машынальна аддаў мне гэтыя вялікія нажніцы, а потым раптам рэзка адступіў назад.
Убачыўшы ў мяне ў руках «халодную зброю», ён, нават будучы пад аховай у спецустанове, спалохаўся. Я аж засмяяўся тады, — распавядае суразмоўца.
«Падчас ператрусу ўбачылі велізарны тапак. Пытаюцца, што гэта? Кажу, тапак атрымаўся не па памеры»
Пра падзеі 9 жніўня і наступныя дні Андрэй даведваўся ад шматлікіх затрыманых. Сам ён вызваліўся пасля 15 сутак і паехаў дадому. Аднак доўга на волі не затрымаўся.
— Травень, два разы ў жніўні, верасень, лістапад, снежань, студзень, — пералічвае актывіст свае арышты. — Тады ў жніўні я ішоў праз цэнтр горада, мяне сфатаграфавалі і паведамілі ў мясцовыя чаты, маўляў, Зуеў вызваліўся і прыйшоў падтрымаць пратэстоўцаў.
Праз два дні за мной прыехалі дадому, затрымалі на 12 сутак. Пасля гэтага мяне забіралі яшчэ некалькі разоў. А калі знаходзіўся дома, літаральна пад акном увесь час стаяў бус. У снежні ў чарговы раз мяне забралі проста з аўтобуснага прыпынку і ўжо да 25-га студзеня не выпускалі.
Ні ў РАУС Наваполацка і Полацка, ні ў Віцебскім ІЧУ мяне не збівалі. Але ставіліся па-рознаму. Сярод супрацоўнікаў былі гатовыя выконваць усе загады, не задумваючыся. Але былі і тыя, хто дапамагаў перадаваць затрыманым перадачы і паведамленні. Мне вядома не менш за пяць чалавек, якія звольніліся з органаў у першыя месяцы.
— У нас не такі вялікі горад, многія знаёмыя адзін з адным. Таму мы выдатна ведаем імёны супрацоўнікаў нашага РАУС, якія давалі ілжывыя паказанні супраць Андрэя на судах — Алег Рэпнік, Яўген Рыбічонак і Дзяніс Макрыцкі. Цікава, што жонка Рэпніка, Валянціна, працавала выхавальніцай нашага сына, — кажа Таццяна.
Саму яе затрымлівалі двойчы, адзін раз проста на працоўным месцы, аднак пасля допытаў усё ж адпускалі да дзяцей. Пасля гэтага неаднаразова выклікалі на «прафілактычныя гутаркі». За паўгода ў Зуевых і іх родных прайшло два ператрусы.
— Першы раз ператрусы ў нас і бацькоў былі 7 жніўня, — распавядае суразмоўца. — Тады канфіскавалі сцягі, плакаты. Ўбачылі велізарны тапак. Пытаюцца, што гэта? Кажу, тапак атрымаўся не па памеры. Яго таксама забралі. Андрэй, калі вызваляўся, друкаваў плакаты, налепкі, пасля смерці Рамана Бандарэнкі намаляваў трафарэт для графіці з яго партрэтам.
А яшчэ ён сшыў велізарны дзесяціметровы сцяг, які неслі падчас пратэстаў па горадзе. Таксама муж займаўся рамонтам тэхнікі. Падчас другога ператрусу ў студзені, акрамя ўсёй нашай тэхнікі, забралі і ноўтбукі кліентаў.
— 25 студзеня 2021 года я выйшаў з ЦІП, дзе правёў амаль паўтара месяца, — успамінае Андрэй. — 4 лютага мяне выклікалі ў СК падпісаць згоду на экспертызу канфіскаванай тэхнікі. Я пайшоў туды, каб растлумачыць, што большая частка канфіскаванага — не маё і я не ведаю, што можа быць на чужых ноўтбуках. Я наогул не быў упэўнены, што мяне адпусцяць, але я выйшаў.
Зразумеў, што наступнае затрыманне можа стаць апошнім, таму вярнуўся дадому, хутка сабраў рэчы, пазычыў трохі грошай і ў той жа вечар з'ехаў. У Расію мяне перавозілі ў багажніку. Ва Украіну ішоў пешшу з правадніком. Дабіраўся двое сутак. Самым цяжкім у гэтай сітуацыі было тое, што пра свой ад'езд я не мог сказаць нават жонцы, баяўся, што ў нас у кватэры і тэлефонах ёсць праслушка. Таму Таццяне давялося сказаць, што пайшоў па цыгарэты.
— Калі я зразумела, што Андрэй не вернецца, вырашыла, што яго зноў затрымалі, чакала раніца, каб пачаць яго шукаць па ІЧУ, — распавядае жонка. — Праз двое сутак ён напісаў, што жывы, здаровы і, калі ўладкуецца, дасць ведаць.
Я выдыхнула, даведаўшыся, што муж у бяспецы, хоць нават не ведала, у якой ён краіне. І нас абавязкова забяруць. Таму мы з дзецьмі сабралі рэчы і сталі чакаць. Такім я свой ад'езд не ўяўляла. 1-га красавіка мне патэлефанавалі і сказалі, што ў 17 гадзін прыедзе камісія правяраць нашу сям'ю, нібыта паступіў сігнал аб тым, што дзеці дзесьці ходзяць без нагляду.
Да гэтага да нас ужо прыходзілі сацработнікі. Але ў той раз добрыя людзі папярэдзілі, што едзе не проста камісія правяраць жыллёвыя ўмовы, яны хочуць забраць дзяцей. Я адразу паведаміла Андрэю, было каля 15 гадзін. У 16: 30 ён ператэлефанаваў і сказаў, што ў мяне ёсць 20 хвілін на тое, каб выскачыць з дзецьмі з дому і дабегчы да машыны, якая павязе нас у аэрапорт.
«Мінімальны заробак санітаркі — 800 Еўра»
З Украіны муж і жонка вырашылі пераехаць у Еўропу.
— Прыехалі мы на новае месца з 800 еўра ў кішэні, і тыя нам сабралі ў Беларускім доме ў Чарнігаве. На жаль, гэтага не хапала нават на арэнду кватэры. Разабрацца з усімі праблемамі спачатку дапамаглі землякі, за што мы ім вельмі ўдзячныя, — кажуць муж і жонка.
Літаральна праз тыдзень Таццяна знайшла першую працу, Андрэй уладкаваўся працаваць праз месяц.
— Чаму таксі?
— Без ведання мовы і дакументаў выбар працы для эмігрантаў у Еўропе невялікі, — усміхаецца Таццяна. — У Беларусі я ездзіла на сваёй машыне, тут узяла ў арэнду. Не без праблем, вядома. Першы досвед быў горкім: тры дні езджу, чатыры — рамантую машыну, а арэнду ўсё роўна трэба плаціць.
Амаль нічога не зарабіла, сышла да іншага працадаўцу. Была адзінай жанчынай з 30-ці кіроўцаў.
— Андрэй, а чаму вы не пайшлі ў таксі?
— Гэта не маё, да таго ж досвед кіравання ў мяне вялікі толькі на матацыкле, на машыне ў асноўным ездзіла жонка. Тут, як і ў Беларусі, я шыю форму для паліцэйскіх, вайскоўцаў і пажарных.
Муж і жонка распавядаюць, што праз год жыцця на новым месцы ўзялі крэдыт і купілі мінівэн.