Цыганкоў распавёў, як яго хацелі вылучыць ў прэзідэнты, і раскрыў, чаму на яго пакрыўдзіўся Чалы
У выпуску ютуб-канала «Жыццё-маліна» журналіст Віталь Цыганкоў распавёў пра сваю першую сустрэчу з Лукашэнкам, адносіны ў парламенце Пазняка да Лукашэнкі, прапанову стаць кандыдатам у прэзідэнты і прычыну крыўды на яго з боку Чалага.Віталь Цыганкоў вядомы як сузаснавальнік беларускага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, журналіст «Радыё Свабода» і «Белсат». Яго словы ў інтэрв’ю прыводзіць «Наша Ніва».
Як Цыганкова клікалі ў прэзідэнты
Гэта гісторыя адбылася восенню 2019 года. Як згадвае Цыганкоў, да яго звярнуўся прадстаўнік адной з партый, што ўваходзілі ў правацэнтрысцкую кааліцыю (Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Рух «За свабоду»):
«Адзін з іх патэлефанаваў і прапанаваў сустрэцца. Мы сустрэліся. Ён кажа: «Давай адкладзем тэлефоны». Мы адкладаем, ходзім па вуліцы. Ну і мне кажуць: «Прапаноўваем табе вылучыцца на прэзідэнцтва». Зразумела, што тут шэраг розных эмоцыяў».
Паводле слоў журналіста, у адрозненне ад іншых, каму такая прапанова рабілася, ён доўга думаў. Толькі праз тры тыдні Цыганкоў сказаў «не». Ён тлумачыць: «Пасля ўсіх разваг я вырашыў, што гэта нічога не прынясе ні мне, ні краіне. У мяне была такая ацэнка на той момант, якая не супадала з іхняй.
Можа, яны лічылі, што ўсё будзе звычайнай «прабежачкай» тыпу 2015 года. Я ж тады, у канцы 2019-га, быў настроены дастаткова радыкальна на тое, што будзе ў Беларусі.
Я бачыў, што на апошнія парламенцкія выбары не пусцілі нікога з апазіцыянераў, што лібералізацыя ўжо згарнулася. І наперадзе будзе бітва. Я стаў пралічваць магчымыя варыянты. Пры тым нават не для сябе (я разумеў, што патрэбен сыход з журналістыкі, прынамсі з «Радыё Свабода», там гэта натуральная практыка — журналіст не можа ўдзельнічаць у палітыцы).
Але перш за ўсё я думаў пра тое, пасадзяць адразу ці не пасадзяць. Другое — ці прынясе мой удзел нейкую карысць для краіны. Гэта я не вельмі бачыў. Нават на самых свабодных выбарах з маімі даволі цвёрдымі перакананнямі, якія з 1990-х вядомыя, мой электарат — гэта 10-15 працэнтаў».
Першая сустрэча з Лукашэнкам
Віталь Цыганкоў яшчэ падчас навучання на журфаку БДУ стаў працаваць парламенцкім карэспандэнтам газеты «Знамя юности».
«Гэта быў 1991 год. Я хадзіў у Вярхоўны Савет як на працу. З 1991-га па 1996-ты я сваю журналісцкую карʼеру правёў у Вярхоўным Савеце. Была якраз спроба прыняць закон пра прэзідэнцтва задоўга да путчу (18-21 жніўня 1991 года). Я збіраў розныя каментары ў калідорах Вярхоўнага Савета ці нават у сталоўцы. Можна было падысці ў залі (журналісты маглі туды праходзіць) і папрасіць выйсці. Усё было вельмі вольна.
Я памятаю, што Лукашэнка стаяў не ў парламенцкай зале, а ў калідоры. Я прапанаваў яму пракаментаваць. І што мне запомнілася: калі іншыя дэпутаты так трошкі расслаблена, «ну ты там, як што, дапішы, падрэдагуй», то Лукашэнка, калі да яго падыходзілі журналісты, станавіўся такі важны, браў на сябе ўсю сурʼёзнасць, разумеў, як гэта важна перад журналістам выступіць, і пачынаў гаварыць, не расслабляючыся, не прапускаючы ні слова», — успамінае Цыганкоў.
Паводле яго слоў, у той час Лукашэнка быў папулісцка-дэмакратычны дэпутат, які крытыкаваў урад Кебіча, а па многіх пытаннях крытыкаваў улады разам з БНФ.
«І вось ён мне гаворыць, што гэта нехарошы закон пра прэзідэнцтва. Яго нельга ўводзіць. Гэта дыктатура. Не трэба нам у Беларусі прэзідэнцтва. І я проста ў момант інтэрвʼю адчуў (абсалютна нічога не маючы да гэтага чалавека), якая ад яго ідзе злосная, негатыўная энергія. І я з той пары да яго не падыходзіў», — дзеліцца сваімі ўражаннямі журналіст.
Пра агульнае ў членаў каманды Лукашэнкі ў 1994 годзе
Пазней Лукашэнка прыходзіў на прэс-канферэнцыю ў рэдакцыю газеты «Звязда», дзе працаваў Цыганкоў, разам з Аляксандрам Фядутам і Валерыем Цапкалам, якія ўваходзілі ў яго каманду.
«Не ведаю, ці гэта трэба гаварыць, ці гэта будзе маім асабістым перабольшаннем, але мне здаецца, што многія члены той каманды Лукашэнкі 1994 года маюць нешта агульнае (у тым ліку і тыя, хто зараз лідары дэмакратычных меркаванняў). Гэта такі трохі эгацэнтрызм, нежаданне гуляць у камандзе, заклапочанасць на сабе, пэўная канфліктнасць, скандальнасць, — дзеліцца сваімі назіраннямі Цыганкоў і дадае: — Чалы таксама адпавядае гэтай маёй характарыстыцы. Я не кажу пра погляды. Яны могуць быць самыя правільныя, дэмакратычныя. Я кажу пра асабістыя якасці».
Пра барына Пазняка і калгасніка Лукашэнку
Спасылаючыся на словы іншых журналістаў, што працавалі ў Вярхоўным Савеце, Цыганкоў распавядае такі эпізод: «Стаіць Зянон Пазняк у буфеце Вярхоўнага Савета, есць. Побач праходзіць Лукашэнка. І Зянон Станіслававіч яму кажа: «Добра, Саша, ты выступіў. Працягвай, працягвай у тым жа духу».
І як бы ў гэтым нічога кепскага, але ведаючы ўсе інтанацыі, спецыфіку асобаў Пазняка і Лукашэнкі, натуральна, што апошні ўспрымаў гэта як нейкую пахвалу зверху барына да яго, такога «нехламяжего колхозника». А ён тады ўжо лічыў, што стане [прэзідэнтам]».
Хто найлепшы аналітык
На думку Цыганкова, Арцём Шрайбман — нумар адзін у сэнсе папулярнасці і ўплывовасці. У той жа час ён не лічыць гэтага аналітыка першым у сэнсе дакладнасці і глыбіні прагнозаў.
Паводле слоў журналіста, і Чалы, і Шрайбман — прадукты арыентацыі на вялікую аўдыторыю, якая традыцыйна была ў іх у TUT.BY.
«Гэта нармальна. Але гэта, як мне падаецца, аказвае ўплыў на іх аналітычна-прагнастычныя дзеянні. Бо яны былі вымушаныя (асабліва да 2020 года), гаварыць тое, што народ чакае. Тым больш, што гэта TUT.BY, гэта на рускай мове».
Цыганкоў заўважае, што ў яго чацвёрку аналітыкаў уваходзяць Дракахруст, Карбалевіч, Класкоўскі і Шрайбман. Сяргей Чалы туды не трапляе.
«Дракахруст заўсёды ўмее па-свойму ставіцца да падзеяў усе гэтыя 25 гадоў. Карбалевіч пасля першага мітынгу 16 жніўня пісаў: «Рэвалюцыя ёсць, а рэвалюцыянераў няма». І потым у верасні казаў, што калі мы не пераможам, настануць такія рэпрэсіі, якіх мы ніколі не бачылі ў гісторыі Беларусі. Вось рэальны прагназіст», — тлумачыць Цыганкоў.
Чаму Чалы пакрыўдзіўся на Цыганкова
Цыганкоў распавёў, з-за чаго на яго пакрыўдзіўся Чалы:
«Калі два гады назад ён зрабіў даволі вядомае інтэрвʼю з Ціханоўскай, я яго ў
фэйсбуку даволі зʼедліва абсмяяў. А там не было варыянтаў. Там толькі можна
было абсмяяць. Яно было даволі забаўнае — там Чалага, у яго стылі, было больш
за Ціханоўскую. І потым я яго недзе бачу, па-мойму, на канцэрце Лявона
[Вольскага], і ён мяне абыходзіць. Я кажу: «Ну ладна, ты такая цаца, пакрыўдзілася на
мяне». І мы з Арцёмам [Шрайбманам] смяёмся (бо Чалы і яго стараецца абыходзіць
на нейкіх сустрэчах)».