Ці маглі адхіліць Лукашэнку ад улады, калі ўвесь клан сабраўся ў ААЭ?

Лукашэнка два тыдні адсутнічаў у Беларусі. Але ніхто не скарыстаўся гэтым, каб адхіліць усё сямейства ад улады. Унутры наменклатуры не могуць з’явіцца людзі, здатныя на дзяржаўны пераварот, лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Перад нашымі вачыма разгортваецца тая ж гісторыя, што і ў Савецкім Саюзе ў апошнія гады панавання Сталіна.

Фрагмент фота «Пул первого»

Фрагмент фота «Пул первого»

29 лістапада — 12 снежня Лукашэнка адсутнічаў у Беларусі. Афіцыйна паведамлялася пра візіты ў КНР, абвяшчаўся «афрыканскі тур» і перамовы ў ААЭ. Вынікі гэтага туру беларускі правіцель нават падвёў 13 снежня на адмысловай нарадзе ў Мінску.

Аднак не прагучала ніякіх тлумачэнняў наконт рызыкоўнай двухтыднёвай адсутнасці Лукашэнкі ў краіне. 

— Сваю ролю адыграў шэраг фактараў, — мяркуе гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. — Першае — адпачынак. Лукашэнка раней бываў у Эміратах, там яму спадабалася, надвор’е летняе, таму ён скарыстаўся кліматычным самітам пад эгідай ААН, каб чарговы раз наведаць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. 

У далейшым ён сумясціў усе міжнародныя візіты з адпачынкам. Лукашэнка наведаў Кітай, але ў гэтым візіце я не бачу нічога надзвычайнага. Думаю, проста адбылася шараговая працоўная сустрэча Лукашэнкі з Сі Цзіньпінем.

«Афрыканскае турнэ» таксама не ўяўляе нічога новага. Папярэдні раз Лукашэнка дзейнічаў па той жа схеме, лагістыка ўжо адпрацаваная: з Эміратаў паляцеў у Зімбабвэ, і пасля пералётаў, якія сапраўды складаныя, напружаныя, фізічна цяжкія нават для маладых людзей, вырашыў яшчэ раз адпачыць у Эміратах, так бы мовіць, падсумаваць свой адпачынак. 

Сярод надзвычайных момантаў я б адзначыў адсутнасць Лукашэнкі ў краіне цэлыя два тыдні. Раней ён не рызыкаваў пакідаць краіну на такі працяглы тэрмін, тым больш ва ўмовах вайны. Відавочна, Лукашэнка вырашыў для сябе, што сітуацыя ў Беларусі спакойная і стабільная, што падначаленых можна пакінуць на гаспадарцы, а заадно і праверыць, як яны справяцца без яго. Раней ці пазней усё роўна прыйдзе момант, калі Лукашэнка адыдзе ад аператыўнага кіраўніцтва. Апрача таго, ён мусіць змірыцца з думкай, што кожная паездка за мяжу можа стаць апошняй: Міжнародны крымінальны суд можа выдаць ордар на яго арышт, і тады любая паездка ператворыцца ў вялікую рызыку. Таму Лукашэнка паспрабаваў зрабіць як мага больш за гэты перыяд.

Канешне, сярод міжнародных візітаў былі і пільныя справы. Напрыклад, да Абіянга Мбасога трэба было ехаць, бо кіраўнік Экватарыяльнай Гвінеі ў Мінску ўжо пабываў. З Кеніяй варта было спрабаваць завязаць кантакты. Ён вырашыў для сябе, што яго паездка можа паспрыяць эканамічнаму супрацоўніцтву, і перш за ўсё заключэнню кантракта на пастаўку сельскагаспадарчай тэхнікі. 

Комплексна гэта выглядала прыкладна так.

— Звяртае на сябе ўвагу лагістыка пералётаў, у цэнтры якой апынуліся Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Лукашэнка з Мінска накіраваўся ў Дубай, адкуль паляцеў у Кітай івярнуўся ў ААЭ, палёты ў Экватарыяльную Гвінею і Кенію — і зноў вяртанне ў ААЭ. Чаму цэнтрам двухтыднёвай актыўнасці сталі менавіта Эміраты?

— Праходзіла інфармацыя, што сям’я Лукашэнкі валодае нейкай маёмасцю там. Ёсць маёмасць ці няма, мы не ведаем. Магчыма, ён проста адпачываў, тады і абраная лагістыка выглядае лагічнай. Наўпроставы пералёт з Кітая ў Экватарыяльную Гвінею яму цяжка было б перанесці, таму ён і рабіў паўзы. Такі аб’ём пералётаў цяжка б даўся і ў 40-гадоваму, а Лукашэнку амаль 70. 

— Ці атрымаўся эксперымент па дыстанцыйным кіраванні краінай? Як сябе праявілі магчымыя пераемнікі ва ўладзе?

— Відавочных скандалаў і праблем не назіралася. Прапаганда працавала, дзяржаўны апарат працаваў, рэпрэсіі як ішлі, так і працягваліся — кожны выконваў сваю ролю. Ніхто сябе не выпячваў: Качанава праводзіла сустрэчы, кудысьці з’язджаў Галоўчанка, нешта рабіў Хрэнін, нешта рабіў Вальфовіч. Ніхто з іх у гаспадара не гуляў: галоўным па-ранейшаму заставаўся Лукашэнка, ва ўсёй публічнай прасторы дамінаваў ён, а сістэма працавала. Для яго гэта станоўчы эксперымент, прынамсі, публічных форс-мажораў не адбылося. Значыць, сістэма можа існаваць з Лукашэнкам на адлегласці.

— Ці наважыцца Лукашэнка працягнуць эксперымент у рэальнасці?

— А чаму не? Усё залежыць ад таго, як адбудуеш сістэму. Мараканскі кароль ужо працяглы час кіруе на адлегласці. У Мухамеда VI праблемы са здароўем, ён знаходзіцца пераважна ў Францыі, дзе атрымлівае медыцынскую дапамогу; у краіне таксама ведаюць, што ў яго хворае сэрца. У прынцыпе, насельніцтва ўжо прызвычаілася да такой сітуацыі: сістэма працуе, а народ нават не ведае, кароль прысутнічае ў краіне ці няма. Вось і Лукашэнка ўбачыў, што сістэма працуе. Значыць, можна абмежаваць свой удзел у аператыўным кіраванні і абмежавацца ўладай збоку. Калі Лукашэнка разважаў над тым, што, можа, час ужо сысці з прэзідэнцкай пасады на ганаровую пенсію, то не выключае, што гэтыя два тыдні — аргумент на карысць адыходу ад спраў.

Мы ж бачылі, што ў пэўны момант узнікла вялікая рызыка: у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах сабраўся ўвесь клан. Тэарэтычна гэта была магчымасць адхіліць ад улады ўвесь клан. Я заўсёды вельмі крытычна ставіўся да думкі, што ўнутры лукашэнкаўска-беларускай наменклатуры могуць з’явіцца людзі, здатныя на дзяржаўны пераварот. Не, яны не здатныя. Перад нашымі вачыма разгортваецца тая ж гісторыя, што і ў Савецкім Саюзе ў апошнія гады панавання Сталіна: атачэнне яго зневажала, баялася яго, але нічога з ім не рабіла. Нейкія дзеянні пачаліся толькі тады, калі Сталін ужо ляжаў пасля інсульту і нічога зрабіць не мог. Вось тады атачэнне ўбачыла, што правадыр сапраўды можа памерці... 

Беларуская сістэма такая ж: яны так баяцца Лукашэнку і настолькі прызвычаіліся на другіх ролях, што ніхто і блізка не спрабаваў выдзяляцца з натоўпу. Нават сёлета, калі вясной Лукашэнка ляжаў хворы, чыноўнікі зачытвалі віншаванні ад яго імя і дрыжалі. 

Страх у сістэме пануе, атачэнне баіцца Лукашэнку і будзе выконваць усе загады. Лукашэнка можа быць задаволены.