Ці можна фатаграфавацца ў басейне каля белых і чырвоных паплаўкоў? Што жыхары Мазыра пачулі ў адказ
У басейне Мазыра, як і ва ўсіх басейнах, паплаўкі і раздзяляльнікі — белага і чырвонага колеру. Жыхары райцэнтру занепакоіліся і спыталіся ў мясцовай улады, ці пагражае пакараннем гэтая «схема БЧБ», піша «Свабода».
Жыхары Мазыра задалі чыноўнікам наступныя пытанні:
— ці не будзе заплыў у басейне лічыцца пікетаваньнем ці
несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам з выкарыстаннем сімволікі «па схеме
БЧБ»?
— ці могуць супрацоўнікаў і наведвальнікаў басейна прыцягнуць да адказнасці па артыкуле 23.34?
— ці можна выкладваць здымкі з басейна, на якіх бачныя раздзяляльнікі, у інтэрнэт?
Намеснік старшыні райвыканкаму Фэлікс Галюк супакоіў
грамадзян: у басейне можна плаваць і нават фатаграфавацца.
«Калі вы не падавалі (падавалі) і Вам не выдаваўся
(выдаваўся) дазвол на правядзенне пікету, можна разглядаць наведванне Вамі
басейна выключна з мэтай вядзення здаровага ладу жыцьця. Падстаў для
прыцягвання супрацоўнікаў і (альбо) наведвальнікаў басейна да адміністрацыйнай
адказнасці няма», — абяцае намеснік старшыні выканкаму.
Але ёсць нюанс.
«У выпадку, калі выява фатаздымкаў, зробленых у басейне,
утрымлівае ў якасці элементаў абазначэння разметкі, прызначанай выключна для
выкананьня правілаў тэхнікі бяспекі, без вашых камэнтароў па адпаведнай
тэматыцы, то размяшчэньне гэтых фатаздымкаў не зяўляецца забароненым», —
адказаў Фэлікс Галюк.
За што яшчэ ў Беларусі можна займець праблемы з міліцыяй
За пасцілу фабрычнай вытворчасці белага і чырвонага колеру. За яе судзілі 75-гадовую жыхарку Жодзіна Іраіду Міско.
За «адзенне палітычных колераў» затрымалі жыхарак Гомеля, калі яны ўскладалі кветкі да помніка Ірыне Паскевіч (у пратаколе міліцыя напісала: «Ускладалі кветкі да помніка Сускевічу»).
За белыя шкарпэткі з чырвонымі палоскамі, гумкі на руку белага і чырвонага колеру.
За фіранкі на вокнах «палітычных колераў».
За карагод у лесе вакол ялінкі.
За снегавіка ва ўласным двары.
За «падтрымку пратэстаў у думках».
За «пікетаванне з дапамогай аптычнага прыбору «Праектар».
За ляльку, падобную да Лукашэнкі.