«Мне падабаецца конь». Як судзілі жыхара Лебядзінага за Пагоню на вакне

Раніцай 25 лютага да сям’і Максіма і Юліі Лакатковых, якая жыве ў мінскім мікрараёне Лебядзіны, прыйшоў ГУБАЗіК з ператрусам. З жонкай запісалі відэа раскаяння за сліў інфармацыі Матольку і аштрафавалі за непадпарадкаванне міліцыянтам, а мужа арыштавалі за герб «Пагоня» на акне.

content_1_6.jpg

Раніцай 25 лютага сілавікі прыйшлі да сям'і Максіма і Юліі Лакатковых. Юлія кіруе некалькімі IT-бізнесамі ў Беларусі, а Максім з’яўляецца галоўным інжынерам-канструктарам у адной з мінскіх фірм, паведамляе «Вясна».

Падставай зацікаўленнасці да іх сям’і нібыта стала паведамленне суседа пра «Пагоню» на іх акне на шостым паверсе. Але ў кватэру да іх прыйшлі супрацоўнікі не РУУС, а ГУБАЗіКа, якія правялі ператрус. Супрацоўнікаў не спыніла нават тое, што ў кватэры было дзіця.

У выніку, мужа і жонку на розных машынах павезлі ў ГУБАЗіК. Ведамства пазней паведаміла, што яны затрымалі дзяўчыну — Юлію Лакаткову, якая нібыта перадавала інфармацыю блогеру Антону Матольку. Яе прымусілі пакаяцца на відэа на фоне чырвона-зялёнага сцяга. Пазней Юлію аштрафавалі ў Цэнтральным судзе на 40 базавых велічыняў (1160 рублёў) па арт. 23.4 КаАП за тое, што яна нібыта непадпарадкоўвалася міліцыянтам на паркоўцы РУУС, куды яе прывезлі пасля ГУБАЗіКа. Юлію пасля суда з РУУСа па скайпу з асабістага тэлефона міліцыянта адпусцілі на волю, а Максіма да суда змясцілі на Акрэсціна.

Максіма Лакаткова судзілі 26 лютага ў Цэнтральным судзе па арт. 23.34 КаАП — за несанкцыянаванае пікетаванне «Пагоняй» на сваім акне. Герб «Пагоня» быў надрукаваны на паперы і выглядае менавіта так, як паказана ў рэестры гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Мужчына віну не прызнаў. Акрамя таго, ён завяіў, што да яго быў прыменены гвалт.

На судзе заслухалі сведку-міліцыянта са змененым прозвішчам, які складаў рапарт. Але Максім сцвярджаў, што бачыць гэтага чалавека ўпершыню і ніколі не даваў яму тлумачэнняў.

На працэсе суддзя Дзмітрый Карсюк вельмі падрабязна распытваў Максіма пра мэту, спосаб, прычыну, ідэю размяшчэння герба «Пагоня» на акне.

— Чаму вырашылі абраць менавіта гэты сімвал для размяшчэння?

— Адчуваю сімпатыю.

— Для чаго размясцілі менавіта на акне?

— Падабаецца, як сонечнае святло праходзіць праз малюнак, гэта падымае мне настрой.

— Што менавіта падабаецца ў гэтым сімвале?

— Мне падабаецца конь...

У выніку, суд Цэнтральнага раёна арыштаваў Максіма Лакаткова на 15 сутак.