Харкаў мусіць стаць украінскім Сталінградам
Харкаў — гэта ўкраінскі Сталінград. У тым сэнсе, што стаўкі сапраўды вельмі высокія. Калі адняць Харкаў ад Украіны, на наступны ж дзень яна стане аграрнай дзяржавай.
Пра сітуацыю ў Харкаве мы пагутарылі з Аляксандрам Філоненкам, выпускніком Харкаўскага Нацыянальнага Універсітэта па спецыяльнасці «эксперыментальная ядзерная фізіка», а цяпер кандыдатам філасофскіх навук, дацэнтам кафедры тэорыі культуры і філасофіі навукі філасофскага факультэта ХНУ. Ён неаднаразова прыязджаў у Беларусь з лекцыямі, дзе я з ім і пазнаёміўся калісьці.
Аляксандр Філоненка. Фота з сямейнага архіва Філоненкі
Вось што напісана пра яго ў студэнцкіх водгуках на універсітэцкім сайце: «Выдатны спецыяліст, грошай не бярэ, з ім не засумуеш... жывыя, прыгожыя, як рок-канцэрты, лекцыі, шануе хутчэй стыль і дапытлівасць, чым зубрылаў, размаўляць з ім адно задавальненне». Апошняе я магу цалкам пацвердзіць.
Аляксандр не з тых філосафаў, што «лунаюць у аблоках», не зважаючы на навакольную рэчаіснасць. Ён удзельнік Харкаўскага грамадскага форума — арганізацыі, створанай для «эфектыўнага кантролю за дзеяннямі ўсіх галінаў улады».
З Харкава хочуць зрабіць Луганск, Славянск і Краматорск
Мой суразмоўца адразу ж дэманструе сваю абазнанасць у бягучых падзеях, кажучы: «Ёсць інфармацыя з вартых даверу крыніцаў, што ў перыяд ад Вялікадня да 9 мая Расія запланавала грамадзянскую вайну ва Украіне, якая мае скончыцца канчатковай і бязлітаснай «перамогай над фашызмам». У найбліжэйшы час з Харкава паспрабуюць зрабіць Луганск, Славянск і Краматорск адначасова. Адпусцілі па дамах супрацоўнікаў СБУ з табельнай зброяй, вядуць працу сярод мянтоў, каб яны сумесна з антымайданаўцамі мачылі ўсіх, хто актыўна выступае за Украіну. З мясцовымі мянтамі ўсё вельмі кепска. У найлепшым выпадку гэта мацёрыя хабарнікі, якія не хочуць падстаўляць башку за адносна невялікі заробак. Ці дэзарыентаваныя людзі, што не ведаюць, як ім сябе паводзіць. Многа ж такіх, хто адкравенна за «Пуцін — наш прэзідэнт».
— Але мы выстаім... мусім выстаяць. Харкаў — гэта ўкраінскі Сталінград. У тым сэнсе, што стаўкі сапраўды вельмі высокія. Калі адняць Харкаў ад Украіны, на наступны ж дзень яна стане аграрнай дзяржавай. Можа і някепскай, але аграрнай. Днепрапятроўскія ракеты не лятаюць без Хартрона (ПАА «Хартрон» займаецца сістэмамі кіравання для ракетна-касмічнай тэхнікі — НЧ), усё электроннае начынне робіцца ў нас. Ядзерную зброю могуць сабраць толькі ў Харкаве. Гэта індустрыяльная і хайтэкаўская сталіца. Натуральна, Расія таксама вельмі зацікаўлена ў тым, каб яго «скрымздзіць» (украінскі нэалагізм, які азначае «выкрасці нахабна, з асаблівым цынізмам, грэбуючы усімі законамі, у тым ліку маральнымі, і рабіць выгляд, што ты маеш рацыю» — НЧ).
Пры гэтым, дадае Аляксандр, Харкаву незаслужана мала, па «рэшткавым прынцыпе», надаецца ўвагі ў цэнтры. Калі ён і згадваецца, дык «у сувязі з якім-небудзь дзярмом». Мой суразмоўца кажа, што вядзе «гуманітарную вайну за твар гораду», каб замест твараў Добкіна і Кернеса нарэшце ўбачылі сапраўдны Харкаў.
Фашызм у савецкай абгортцы
Апроч гэтага, ён думае над тым, як зрабіць, каб 9 мая не ператварылася ў чарговае «перамогашальства» пад георгіеўскімі стужкамі. Па словах Аляксандра, «нельга не адсвяткаваць» гэту дату, як нельга і «будаваць зараз прапаганду на жорсткім супрацьстаянні савецкаму мінуламу». але яго можна і трэба пераасэнсоўваць. Выпрацаваць новы стандарт і падыход да 9 мая — як да дня памяці.
Адным з мерапрыемстваў у рамках гэтай задачы будзе выступ у Харкаве Адрыяна Дэль Аста, дырэктара Італьянскага інстытута культуры ў Маскве, прысвечаны Васілю Гросману. Савецкаму пісьменніку і журналісту, ваеннаму карэспандэнту, аўтару раману «Жыццё і лёс». Раман-эпапея аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны быў канфіскаваны ў 1961 годзе Камітэтам дзяржбяспекі, цудам захаваны і ўпершыню апублікаваны толькі ў 1980 годзе за мяжой. Кніга накіравана супраць таталітарызму — як нацысцкага, так і савецкага.
— У Расіі зрабілі серыял па раману Гросмана, але выкінулі ўсё самае цікавае. Напрыклад, размову эсэсаўца з камуністам. Там капец проста. У канцлагеры эсэсавец пытаецца ў паставога-камуніста: Навошта вы супраць нас ваююце? Мы ж вашыя вучні, і мы павінны трымацца разам. Калі мы пераб'ем адзін аднаго, гэта толькі на руку Амерыцы.
На думку майго суразмоўцы, сённяшняя Расія яскрава дэманструе зараз блізкасць двух таталітарных сістэмаў. Бо ў ёй запанаваў «фашызм, стылістычна аформлены ў настальгічныя савецкія тоны». Прага да страчанай мінулай велічы, увогуле арыентацыя на мінулае, пошук унутраных і вонкавых ворагаў, геапалітычнае мысленне — з гэтага, кажа Аляксандр, складаецца ідэалогія пуцінскай Расіі.
— Украіна не хоча ні з кім варагаваць, яна шукае шлях да адкрытасці свету, да будучыні. У яе няма двух міфалагемаў, на якіх трымаецца расійскі рэваншызм. Гэта «веліч» і «ворагі». Вы рэдка пачуеце ад украінца, каб ён тлумачыў наяўныя праблемы тым, што «у нас была вялікая краіна, якую мы страцілі» і ёсць «вялікія ворагі, якія жадаюць нам зла».
Менавіта тут, лічыць Аляксандр, і праходзіць сапраўдная лінія падзелу, у тым ліку ўнутры самой Украіны. Яна не геаграфічная і не моўная, а гэта жаданне жыць у мінулым супраць жадання рухацца ў будучыню. Нягледзячы на тое, што сучасная Расія мае мала агульнага з СССР, Пуціну ўдалося стаць «стылістычным увасабленнем мараў аб ім».
Якую памяць будуць зачышчаць бандэраўцы?
Цікава, што для маладых антымайданаўцаў, расказвае Аляксандр, якія таксама нібыта стаяць за СССР, абараняюць памяць пра яго, гэта проста «гіганцкая пустая абалонка». Насамрэч яны вельмі мала пра яго ведаюць.
— У мяне сярод студэнтаў ёсць некалькі ўдзельнікаў Антымайдану. Я ім кажу на лекцыі: бандэраўцы яшчэ не прыйшлі, але вы ўжо баіцеся, што яны зачысцяць вашу памяць. Давайце, пакуль яны не прыйшлі, адновім яе. Колькі фільмаў пра вайну, напрыклад, вы ведаеце? За паўгадзіны яны з цяжкасцю прыгадалі два. Добра яшчэ, што не дзярмо якое-небудзь. «Афіцэры» і «У бой ідуць адны старыя». Кнігі яны не змаглі згадаць ніводнай, музыкі таксама. Нічога не ведаюць пра бітву за Харкаў і яго жудасную блакаду... Я пытаюся тады: слухайце, дык якую памяць у вас будуць зачышчаць бандэраўцы, калі яна і без таго чыстая?
«Рускі народны хлопчык» Валодзя Ульянаў
Ці Леніна яны абараняюць на плошчы Свабоды. А вас, кажу, лёс Леніна, які знаходзіцца побач, на адлегласці 300 метраў, у парку, не непакоіць? Ён там стаіць, дакладней сядзіць, на дзіцячай пляцоўцы сярод мядзьведзікаў, рыбак і да т.п. Гепа сцягнуў туды скульптуры з савецкіх дзіцячых садкоў. Маленькі Валодзя Ульянаў, такі, як на акцябрацкай зорачцы, сядзіць там з кніжкай. Каму няма сарака, усе думаюць, што гэта , бо ён так расфарбаваны. Чысты постмадэрнізм.
І вось, значыць, стаіць Ленін, на якога мы молілся, а вось Ленін, які нікому на хрэн непатрэбны. Любы бандэравец беспакарана можа яго пакрыўдзіць.
«На мяне напала ўласная радзіма»
Што да спадара Філоненкі, ён сам ніякі не «бандэравец». Аляксандр заўважае са смехам: «Дзіўнасць майго становішча палягае ў тым, што я рускі. І цяпер я жыву ў стане, калі на мяне напала мая ўласная радзіма. Гэта моцна бадзёрыць, трэба сказаць». Ён нарадзіўся і вырас у Кіславодску, лічыць сябе «чалавекам рускай культуры», аднак жыць пад Расіяй не жадае.
— Так атрымалася, што напярэдадні акупацыі Крыму я знаходзўся ў Кемерева, куды прыехаў з лекцыямі. Тры дні мяне распытвалі пра Украіну. У прыватнасці, якія найбольшыя небяспекі яе падпільноўваюць: бандэраўцы, фашызм, анархія і хаос? Ведаеце, казаў я, у нас адна па-сапраўднаму сур'ёзная праблема — гэта Расія. Яны мне такія: чаму гэта, што за бздуры вы кажаце?! Супакойвалі мяне, супакойвалі. І вось, калі нарэшце супакоілі, пачалася вайна...
Крымская кампанія зрабіла цалкам відавочным, наколькі рознымі шляхамі ідуць Украіна і Расія. Да мяне прыйшла поўная яснасць падчас выступу Пуціна ў Крамлі з нагоды анэксіі Крыму. Датуль яшчэ можна было гадаць, такі ён ці не такі, больш празаходні або «суверэнны». А тут імгненна стала зразумелым — рэваншызм, гульня на пачуццях пакалення тых, хто прайграў Халодную вайну і затаіў крыўду, спроба вярнуць страчаную савецкую «веліч» канчаткова сталі дзяржаўнай палітыкай. Што немінуча выклікала імклівую фашызацыю Расіі. Яны хочуць знішчыць Украіну, каб перамагчы ў барацьбе з Амерыкай, а мяне барацьба з ёй не цікавіць. І я не хачу жыць у фашысцкай дзяржаве.
Гаворачы пра метады, якімі дзейнічае палкоўнік КДБ Пуцін у дачыненні да іншых краін, мой суразмоўца ставіць Беларусь у шэраг крамлёўскіх ахвяраў: «Правакацыя і дэзінфармацыя, чуткі і страхі, запалохванне і задурванне. Так яны працуюць. Зараз ва Украіне, раней у вас. Па-мойму, відавочна, дзе распрацаваны мінскі тэракт».
Рускі Дантэ ў бандэраўскім Кіеве
А як жа руская культура, хіба яна не пацерпіць ад «бандэраўцаў»? Аляксандр Філоненка ўпэўнены, што не толькі не пацерпіць, але і... будзе квітнець. Бо тут яна можа развівацца ў атмасферы свабоды і ўнутры еўрапейскага кантэкста. Мой суразмоўца прыводзіць канкрэтны прыклад.
— Пасля Лазінскага не існуе ніводнага пераклада Дантэ на рускую мову. А Лазінскі, на мой погляд, не дапамагае яго зразумець. Новы пераклад можа зрабіць расійская паэтка Вольга Седакова. Грошы на яго мы збярэм па ўсёй Еўропе, пераклад будзе народным, зробленым на народныя грошы, а не за грошы аднаго спонсара. Выдадзім у Кіеве. З'яўленне рускага Дантэ ў Кіеве — майданаўскім, «бандэраўскім» Кіеве — у такія цяжкія часіны, мне здаецца, гэта вельмі прыгожы сімвал. Еўрапейскі праект, які ўзбагачае рускую культуру. І ў гэтым сіла Украіны, што ўнутры яе існуе такое асяроддзе, у якім руская культура атрымлівае магчымасць росту і развіцця.
Мой суразмоўца ўпэўнены — менавіта Майдан, дзе ён пабываў разам з мінскім паэтам Дзмітрыем Строцавым і быў ашаломлены ім, зняў моўныя і культурныя супярэчнасці, вывеўшы Украіну на новы ўзровень, дзе ўсё гэта становіцца неістотнымі дробязямі.
«Крымскае надвор'е»
Тым часам, пакуль мы гутарым пра рускага Дантэ, каардынатар сепаратысцкага руху ў Харкаве Канстанцін Далгоў на сваёй старонцы ў Facebook, не хаваючыся, заклікае аднадумцаў рыхтавацца да «актыўнай фазы» барацьбы. Іначай, піша ён, «Данбас сыдзе ўслед за Крымам, а мы будзем смактаць болт у адзіных-недзялімых». Канстанцін дадае, што гэта «не проста яго меркаванне, а інфармацыя самі ведаеце адкуль».
«Мы працуем кругласутачна... паверце, што харкаўскі штаб штодня набліжае ўсталяванне ў нашым горадзе цёплага, вясновага, крымскага надвор'я!», — пісаў ён крыху раней.
Ці будзе пры гэтым «крымскім надвор'і» квітнець хоць якая-небудзь культура?