Цэнтр правоў прызыўніка стварае Кнігу памяці

У сувязі з апошнімі падзеямі Цэнтр правоў прызоўніка запускае новы раздзел на сайце, дзе паспрабуе раскрыць трагічную статыстыку беларускай арміі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Беларускае грамадства скалынаюць весткі аб гібелі салдатаў тэрміновай службы ў войску, вядома па меншай меры аб чатырох выпадках у гэтым годзе. Толькі на фоне грамадскага абурэння прадстаўнікі Мінабароны паведамляюць пра, па іх словах, нізкіх, але ўсё ж існуючых паказчыках смерцяў у арміі і заведзенне крымінальных спраў. Цэнтр правоў прызыўніка стварае Кнігу памяці, каб разглядзець за сухімі лічбамі статыстыкі асобы і гісторыі хлопцаў, чый абавязак Радзіме абыйшоўся занадта вялікім коштам.
"Каб ушанаваць памяць ахвяраў дзедаўшчыны і халатнасці ваеннага кіраўніцтва і нагадаць, да чаго можа прыводзіць закрытасць цяперашняй беларускай арміі разам з абавязковасцю службы ў ёй для маладых беларусаў, мы будзем публікаваць знойдзеныя ў адкрытых крыніцах трагічныя выпадкі, якія адбыліся са тэрміновікамі. Блізкія загінуўшых могуць дасылаць нам іх гісторыі" — адзначаюць аўтары праекту.
Калі вы ведаеце пра выпадак гібелі ваеннаслужачых, паведаміць пра іх можна на электронны адрас info@povestka.by.