Іван Шыла пра дзедаўшчыну: Паўгода б’юць цябе — пасля год бʼеш ты

Журналіст і актывіст Іван Шыла, які ў 2009 годзе праходзіў тэрміновую службу ў 29-й зенітнай ракетнай брыгадзе ў Віцебскай вобласці, напісаў пра дзедаўшчыну.

Іван Шыла, 2009 год, Фота www.svaboda.org

Іван Шыла, 2009 год, Фота www.svaboda.org


— У маёй частцы была дзедаўшчына, у 2009-м яна была паўсюль. У «элітных» войсках справы абстаялі горш. У Віцебску ёсць 103-я брыгада, сілы спец. аперацыяў (я там быў мінулай зімою). Некалькі салдат адтуль павесіліся. Нам распавядалі пра гэта на сходах, але не звязвалі з дзедаўшчынай.Былі і забойствы — хлопца настолькі збілі «дзяды», што ён да раніцы памёр у казарме, на сваім ложку. Звярнуцца па дапамогу яму было сорамна, астатнім — страшна. Пасля гэтага нам паказвалі нейкія фільмы, чыталі лекцыі і нават наўпрост гаварылі пра дзедаўшчыну. Але гэта на месцах. Афіцэры ў Менску на той момант ужо гадоў сем адмаўлялі існаванне «пазаўстаўных узаемаадносінаў». Адмаўляў і палкоўнік Макараў: так, ён ужо тады быў палкоўнікам і пісаў такія ж бяздарныя артыкулы ў Ваеннай газеце.

Печы ў 2009-м — гэта месца, дзе дзедаўшчына вельмі жорсткая. У нас у частцы яна таксама была жорсткай, але гэта залежала ад дывізіёна: недзе было горш, недзе лепш, а ў адным, маім, яе не было ўвогуле. Неяк так атрымалася, што ўжо да нашага прызыву дзедаўшчына аслабла, а з нашым — знікла цалкам. Мне нават не прапаноўвалі выбар, а мой прызыў неяк выпадкова і калектыўна адмовіўся жыць па такіх правілах. Паколькі «дзяды» не толькі служаць больш, але і маюць больш высокія званні і пасады, у першыя паўгода нас усё роўна ціснулі, былі нейкія сутычкі (я проста пасылаў, напрыклад). Ну а потым сяржантамі сталі не толькі стараслужачыя і наступіла амаль гармонія. Дарэчы, Канавалаў, якога пазней расстраляюць за тэракт у менскім метро, ​​таксама атрымаў «лычкі» і спрыяў барацьбе са старэйшым прызывам. Малодшы мы ўжо не чапалі (амаль — улада і вельмі ўмоўны статус «слана» крыху сапсавалі некалькіх людзей і аднаго былога бэнээфаўца).

А вось у іншых дывізіёнах усё было сумна. Білі, моцна білі, аж да пераломаў і чэрапна-мазгавых траўм. Я спрабаваў нават паведамляць аб канкрэтных выпадках нам.паліту (небяспечная, трэба прызнаць, практыка, калі б стала пра яе вядома). Збітых жаўнераў вялі ў мед. пункт, у іх фіксавалі траўмы, яны расказвалі, што атрымалі іх выпадкова, і гэта ўсіх задавальняла. Бо так, афіцэры і прапаршчыкі ведалі пра дзедаўшчыну і ўмела яе выкарыстоўвалі. Але без фінансавага інтарэсу — грашовага складніку тады не было: усе былі бедныя, без банкаўскіх картак, інтэрнэту і тэлефонаў. Дзядам плацілі нейкія смешныя грошы за «перавод» у іншы статус раз на паўгода.

Мне потым таксама стала нармальна, не мая вайна. А тым, каго б’юць? Тым таксама было цалкам… практычна. Паўгода бʼюць цябе — потым год бʼеш ты. Выгадная і правераная інвестыцыя, якая ператвараецца ў «фінансавую» піраміду толькі тады, калі зʼяўляецца занадта арганізаваны заклік, як у нашым дывізіёне.

Але такое бывае — у яшчэ адным дывізіёне, амаль адразу ж пасля таго, як мяне камісавалі, некалькі навабранцаў напісалі заяву ў пракуратуру: пасадзілі або адправілі ў дысбат паўтара дзясяткі стараслужбоўцаў. Дзедаўшчына знікла ва ўсёй частцы. Увогуле, такія знікненні адбываліся рэгулярна раз у некалькі гадоў — здараецца нешта жудаснае, дзедаўшчыну вынішчаюць на нейкі час, але потым усё паступова вяртаецца. У маім дывізіёне «паслабленне» дзедаўшчыны таксама было звязанае з адпраўкай кагосьці на дысбат некалькі прызываў раней.

Гады два таму напісаў пра тое, што ў войску амаль перамаглі «дзедаўшчыну» — яна стала грашовай плюс не самым справядлівым чынам дзяліліся абавязкі. Магчыма, гэта такая ж зʼява, але больш у глабальным сэнсе: усе расслабляюцца і дапускаюць невялікія праявы нечага дрэннага. А зваротнага ходу ў працэсу няма, будзе толькі горш да нейкага моманту. Смерці Коржыча цяпер.

Яшчэ ў маёй частцы спрабаваў павесіцца навабранец: парваліся кальсоны (іх выдавалі ўжо старымі і жудаснай якасці), якія ён выкарыстаў як пятлю. Яго не білі (гэта курс маладога байца, там дзедаўшчыны няма). Проста вось ён не вытрымаў усяго гэтага. Пазбегнуць суіцыдаў у арміі немагчыма, але калі спадар Макараў кажа пра гэта, ён хітрыць. Ваенкаматы жудасна робяць сваю працу і бяруць абы як і абы каго, проста ігнаруючы запісы дактароў і характарыстыкі прызыўнікоў. Працавалі б лепш, шмат якіх суіцыдаў можна было б пазбегнуць.

belsat.eu