Чатыры гады з моманту прысуду Мікалаю Статкевічу
З нагоды чацвёртай гадавіны прысуду Мікалаю Статкевічу, кандыдату ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, які быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі 26 траўня 2011 года, намеснік старшыні Камітэта па замежных справах нямецкага Бундэстага Франц Цёнес (Сацыял-дэмакратычная партыя) заявіў:
“З пачатку траўня 2015 года сярод праваабаронцаў у Беларусі, Германіі і Еўропе распаўсюджвалася трывожная інфармацыя з беларускага горада Шклова. У выніку закрытага суда былы кандыдат у прэзідэнты ад сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, які ў 2011 годзе быў асуджаны да шасці гадоў турмы і да нядаўняга часу знаходзіўся ў калоніі ў Шклове, быў асуджаны да зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму да канца свайго тэрміну і пераведзены назад у Магілёў. У якасці прычыны былі выкарыстаныя шматлікія меркаваныя парушэнні ўнутранага распарадку калоніі ў Шклове.
У мяне, як у “хроснага бацькі” Мікалая Статкевіча, гэтая навіна выклікала вялікую занепакоенасць. Таму што гэтае рашэнне з’яўляецца працягам ціску на зняволеных, асуджаных па палітычных матывах, з боку беларускіх турмаў і сістэмы правасуддзя. Шмат разоў правасуддзе ў гэтай краіне выказвала грэбаванне правамі чалавека і правам Мікалая Статкевіча на справядлівы суд. Адміністрацыйны ціск, а таксама маральныя, псіхічныя і фізічныя парушэнні, ахвярамі якіх ён па-ранейшаму з’яўляецца, павінны быць спынены. Але, на жаль, гэтае рашэнне працягвае неабгрунтаванае і адвольнае правасуддзе.
На думку Германіі і Еўрапейскага саюза, такія паводзіны з’яўляюцца абсалютна непрымальнымі і заслугоўваюць рашучага асуджэння. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, іх рэабілітацыі і спыненне палітычных рэпрэсій неабходныя для нармалізацыі стасункаў паміж Еўрапейскай супольнасцю і Рэспублікай Беларусь. На жаль, рашэнне суда, прынятае напачатку траўня, разбурае гэтую ідэю. Думкамі я з Мікалаем Статкевічам, яго жонкай і сям’ёй. Я заяўляю аб сваёй салідарнасці з імі.
Акрамя таго, з нагоды чацвёртай гадавіны гэтага прысуду, я заклікаю падпісаць петыцыю, распачатую на сайце change.org, з патрабаваннем аб вызваленні ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Прэзідэнт Лукашэнка павінен разумець, што аб шасці палітычных зняволеных не забываюць”.
Кампанія “хросных бацькоў” палітычных зняволеных у Беларусі была ініцыяваная швейцарска-нямецкай асацыяцыяй Libereco – Партнёрства за правы чалавека з мэтай падтрымкі зняволеных і іх сваякоў. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Мікалая Статкевіча вязнем сумлення і заклікаюць да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.