Валянцін Стэфановіч: Палітвязням амністыя «не свеціць»

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў», паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Закон уступіць у сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання і падлягае выкананню на працягу шасці месяцаў.



stefanovich.jpg

Пад дзеянне амністыі падпадаюць непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей да 18 гадоў, мужчыны, старэйшыя за 60 гадоў, і жанчыны, старэйшыя за 55 гадоў, інваліды I або II групы, а таксама хворыя на актыўную форму сухотаў, ВІЧ-інфікаваныя і хворыя на анкалогію, вэтэраны баявых дзеянняў, грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, ды шэраг іншых катэгорыяў.
Акрамя таго, вызваляюцца ад пакарання асобы, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, і якiм прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, пазбаўлення волі, асобы, якія ўчынілі злачынствы, што адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, асуджаныя за некаторыя злачынствы супраць уласнасці і парадку ажыцьцяўлення эканамічнай дзейнасці, калі на дзень уступлення ў сілу закону яны адбылі ня менш як адну траціну прызначанага тэрміну пакарання.
На думку праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, беларускім палітвязням гэтая амністыя «не свеціць»:
«Некаторыя з іх па артыкулах не падыходзяць, а некаторыя — паводле статусу „злосныя парушальнікі рэжыму“. А Мікалай Дзядок і Юры Рубцоў фармальна здзейснілі злачынствы ў перыяд адбыцця пакараньня, непагашанай судзімасці».
Папярэдняя амністыя праводзілася ў 2014 годзе і была прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пад яе дзеянне трапілі 8073 асуджаных, якія ўтрымліваліся ў месцах пазбаўлення волі. Амаль 2,5 тысячам чалавек скарацілі тэрмін пакарання на год.
Пад амністыю ў чэрвені 2014 году падпаў праваабаронца Алесь Бяляцкі, які адбываў пакаранне тэрмінам 4,5 года за няплату падаткаў. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч патлумачыў, што ў 2012 годзе амністыя на яго не распаўсюджвалася: яму маглі зняць адзін год, але фармальна ў яго быў статус злоснага парушальніка рэжыму. У 2014 годзе гэта было выключна палітычнае рашэнне. Да таго ж дысцыплінарныя спагнанні былі фармальна пагашаныя. І ў першы дзень амністыі Бяляцкага вызвалілі.
«Пры наяўнасці палітычнай волі кіраўніцтва Беларусі вызваліць палітвязняў нескладана, калі казаць пра выключна прававы бок гэтага пытання. Бо ўсе гэтыя статусы як лёгка прызначаюцца, так лёгка і здымаюцца. Могуць вызваліць паводле ўказу прэзідэнта аб памілаванні, як гэта было і ў 2011 годзе, і ў 2008 годзе — без усялякіх прашэнняў людзі вызваляліся. І для мяне дзіўна, што зараз улады становяцца ў позу і кажуць, што патрэбна асабістае прашэнне аб памілаванні кожнага. Гэта ўсё ўжо было, механізм быў прадэманстраваны. Лукашэнка аднойчы прагаварыўся, што раней вызваляў і без прашэння, а цяпер хоча, каб было з прашэннем. То бок „хачу — не хачу“ — адзіная прычына, чаму іх не вызваляюць», — мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Цяперашняя амністыя — чатырнаццатая па ліку з 1991 году. Паводле папярэдніх разлікаў МУС, пад сёлетнюю амністыю падпадаюць каля 8600 асуджаных. Прыкладна 2200 чалавек могуць быць вызваленыя з калоніяў, 715 — з папраўчых установаў адкрытага тыпу, 5685 — знятыя з уліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях.
Паводле "Радыё Свабода"