Міхаіл Жамчужны: "Волю заваюем!"
Суд над заснавальнікам "Платформы" пройдзе 1 чэрвеня.
Напярэдадні судовага працэсу Міхаіл Жамчужны даслаў караценькі ліст паплечнікам, які грамадская актывістка Ганна Шапуцька пераслала ў рэдакцыю "Новага Часу".
У лісце Міхаіл Жамчужны паведамляе, што суд па яго крымінальнай справе адбудзецца 1 чэрвеня ў Віцебскім абласным судзе а 10 гадзіне "у закрытым судовым паседжанні, адзінаасобна, з улікам абароны, - даслоўна з Пастановы пра прызначэнні судовага паседжання. Суддзя, на жаль, жанчына, Буева В.Н. За травень месяц гэта ўжо трэці прызначаны суддзя. Дагэтуль былі два мужчыны. Напэўна, яны адмовіліся. З жанчынай мне, канешне, будзе цяжка змагацца, але давядзецца. Галоўнае, што я адзін. А ў адзіночку я мацнейшы. У адрозненні ад іх, нашая сіла ў розуме, слове і праўдзе, а Волю заваюем!"
Нагадаем, заснавальнік праваабарончай арганізацыі "Платформа" Міхаіл Жамчужны абвінавачваецца паводле некалькіх сур’ёзных артыкулаў КК Беларусі — арт.376 (ч.1, ч.2), арт.375 (ч.1), арт.431 (ч.1, ч.2). Гэта наўмыснае выдаванне службовых сакрэтаў, незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама даванне хабару.