«Бойцеся нас, жанчын!»
Што прымушае жанчын з утульнага і бяспечнага захаду ехаць на Бліжні ўсход для ўдзелу ва ўзброенай барацьбе супраць ісламістаў? Фемінізм? Салідарнасць? Ідэалізм?
У Моладзевым адукацыйным цэнтры "Фіальта" прайшоў прагляд фільма "Бойцеся нас, жанчын". Сірыйская вайна ў ім прадстаўленая вачыма добраахвотніцы з Канады, якая змагаецца з ІДІЛ у шэрагах жаночага апалчэння Курдыстана.
Перад кінапраглядам прысутныя паслухалі кароткую ўводную лекцыю аб рэвалюцыі ў Ражаве (Сірыйскім Курдыстане), і аб грамадскім ладзе — дэмакратычным канфедэралізме — які там усталяваны. На тэрыторыі Сірыйскага Курдыстана дзяржава выконвае даволі дэкаратыўныя функцыі, рэальная ўлада — у руках сістэмы народнага самакіравання, 2\3 прыватных прадпрыемстваў сацыялізаваныя і працуюць як кааператывы.
Што прымушае жанчын з утульнага і бяспечнага захаду ехаць на Бліжні ўсход для ўдзелу ва ўзброенай барацьбе супраць ісламістаў? Фемінізм? Салідарнасць? Ідэалізм? Ураджэнка Канады Ганна Бохман, галоўная гераіня фільма, вырасла ў спакойнай краіне з высокім узроўнем жыцця, а людзі ў многіх іншых краінах свету пазбаўленыя якіх-небудзь правоў і дабрабыту. "Я ніколі не забывалася пра гэта", — кажа Ганна. Яна пачала ўважліва сачыць за вайной у Сірыі і з тым што рабіў ІДІЛ. "Да ІДІЛ з'язджаюцца дабраахвотнікі з усяго свету, значыцца мусяць быць і дабраахвотнікі супраць ІДІЛ", — тлумачыць яна сваю матывацыю.
За 2013-2018 гады ў Сірыі загінулі тры дабраахвотніцы з іншых краін (не лічачы Турцыі). Апошняя з іх — брытанская анархістка Ганна Кэмпбэл. І гэта толькі тыя смерці, што трапілі ў СМІ.
Чытайце таксама: Курдыстан — жаночая рэвалюцыя
Пасля фільма — абмеркаванне. На прыкладзе Ганны Бохман маладзёны разважалі аб тым, што штурхае жанчын на смяротна небяспечны шлях. Цікава, што абывальніцкага меркавання кшталту "няма чаго рабіць" альбо "не знайшла сябе ў жыцці" не выказаў ніхто з прысутных. У асноўным гучалі меркаванні, што такі ўчынак — жаданне зрабіць нешта сапраўды годнае, а не проста сядзець у офісе, і што ў забяспечаных сытых краінах людзі не здольныя "закрыць" свае нематэрыяльныя, маральныя патрэбы.
Праз гадзіну дыскусія сышла далёка ў бок: удзельнікі абмяркоўвалі, ці варта ва ўмовах вайны эксперыментаваць з сацыяльным ладам, якой для курдаў будзе развязка сірыйскага канфлікту і ці вернуцца яны да звычанага сацыяльнага ладу пасля сканчэння вайны. Узгадвалі і імперскія амбіцыі вялікіх дзяржаў у Сірыйскім канфлікце. "Курды зараз знаходзяцца між молатам і накавальняй. Калі ўрады дамовяцца — інтарэсы людзей застануцца на апошнім месцы", — сказаў адзін з удзельнікаў напрыканцы.
І гэта не магло навесці на думку: магчыма, якраз гэтая балючая праўда штурхае жыхароў і жыхарак краін Першага свету ахвяраваць сваімі жыццямі ў на такой далёкай вайне...