Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў улады вызваліць усіх затрыманых

Прыводзім тэкст зварота.

Тадэвуш Кандрусевіч

Тадэвуш Кандрусевіч

«Я звяртаюся да дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў нашай дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях.
Наша Бацькаўшчына перажывае складаны час, які, на вялікі жаль, ужо азмрочаны пралітаю крывёю, тысячамі затрыманых і жорстка збітых мірных жыхароў, якія хочуць ведаць праўду пра прэзідэнцкія выбары, што адбыліся 9 жніўня.
Бог стварыў нас свабоднымі. Па-сапраўднаму свабоднымі нас робіць праўда, кажа Хрыстус (пар. Ян 8, 32–36). Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам. Збаўца вучыць нас: «Няхай будзе слова вашае „так-так“, „не-не“. А што звыш гэтага, тое ад злога» (Мц 5, 37). А д’ябал — чалавеказабойца, ілгун і бацька хлусні (пар. Ян 8, 44).
Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, збіццё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, таму што хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах у месцах зняволення — цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле.
Усё гэта вядзе да дэстабілізацыі і згубных падзелаў у нашым грамадстве. Колькі часу — магчыма, нават не адно пакаленне — спатрэбіцца для таго, каб загаіць нанесеныя знявагаю праўды раны, калі брат падняў руку на брата?!
Таму перад намі цяжкі і няпросты шлях пакаяння, духоўнага і маральнага ачышчэння, без чаго немагчыма пераадоленне грамадска-палітычнага крызісу.
У імя такога неабходнага міру ў нашай Айчыне і нацыянальнай згоды, я звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь з заклікам распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзянаў».
catholic.by