Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі ў суботу тэлефонную размову, паведамляе дзяржагенства БелТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка беларускай дзяржавы.
«Лідары абмеркавалі сітуацыю, якая складваецца ўнутры і вакол Рэспублікі Беларусь», — інфармуе агенцтва.
Раней у суботу Лукашэнка заявіў, што хоча звязацца з Пуціным, каб абмеркаваць сітуацыю, таму што бачыць у ёй пагрозу не толькі Беларусі, але і Расіі.
«Фактычна па сцэнары разгортваецца агрэсія супраць Беларусі. Трэба звязацца з Пуціным, прэзідэнтам Расіі, каб я мог з ім перамовіцца цяпер. Таму што гэта ўжо пагроза не толькі Беларусі», — заявіў Лукашэнка ў суботу.
«Ведаеце, некаторыя расіяне, я гляджу, там, занадта разумныя, пачынаюць крычаць: вось, Беларусь, так, не гэтак ... Я хачу сказаць, што абарона сёння Беларусі — гэта не менш, чым абарона ўсей нашай прасторы, Саюзнай дзяржавы, і прыклад іншым. Калі беларусы не вытрымаюць, пакоціцца гэтая хваля туды. Таму за нас так учапіліся», — лічыць Лукашэнка.
У Беларусі з 9 жніўня праходзяць масавыя акцыі пратэсту ў сувязі з нязгодай людзей з вынікамі выбараў у рэспубліцы.
interfax.by