«Аніякіх легенд за ім, і кроў за яго не праліваў ніхто». Гісторык — пра чырвона-зялёны сцяг
Гісторык Аляксандр Пашкевіч разважае пра штучную і мёртванароджаную ідэалогію лукашэнкаўскай Беларусі ўвогуле і пра чырвона-зялёны сцяг, у прыватнасці.
— Я не думаю, што гэта мае такую ўжо вялікую жыццяздольнасць, — кажа Аляксандр Пашкевіч budzma.org пра спробы рэжыма стварыць ідэалогію. — З гэтай сённяшняй сістэмай прымусу, калі ўсё адміністрацыйна насаджаецца, гэтыя пастаянныя лекцыі для дзяцей і дарослых ад пракуратуры... Гледзячы па раённых газетах, то толькі гэтым зараз пракуратура і займаецца — ездзіць па школах і працоўных калектывах з расказамі пра генацыд беларускага народа.
Мне здаецца, мёртванароджаная ідэалогія, якую яны спрабуюць стварыць, ніякім чынам не зможа пранікнуць у душы, сэрцы беларусаў і замацавацца там так надоўга, што яе пасля ніяк не выкараніш.
Бо гэта чыноўніцкая, скажам так, імітацыя дзейнасці, калі проста шасцярні круцяцца, каб ствараць добрую карцінку. Ды і каста прапагандыстаў і ідэолагаў наўрад ці свята верыць у тое, што прапаноўвае, наўрад ці гэтым жыве, думае днём і ноччу і на працы, і па-за службовымі кабінетамі. У гэтым адрозненне ад той самай камуністычнай сістэмы, якая, прынамсі на першых этапах свайго існавання, трапляла ў людзей. Яны верылі, што так гістарычна абумоўлена, што будзе фаза, калі капіталізм будзе знішчаны, што на змену прыйдзе камунізм, што ідзе будаўніцтва новай супольнасці, новага чалавека. Як і ў гітлераўскай Германіі людзі таксама верылі ў нацысцкія ідэі, у расавую перавагу, жыццёвую прастору і г.д. Адпаведна перакананыя людзі маглі запальваць гэтымі сваімі іскрамі другіх людзей. Калі чытаеш творы тых часоў, яшчэ якія мы праходзілі ў школах у 80-х, то яны сапраўды вельмі таленавітыя, шчырыя, іх аўтары верылі і натхняліся той ідэалогіяй. Нават у 80-я гады было цікава гэта чытаць. А цяпер...
Самае пераканаўчае ў мёртванароджанасці, гэта тое, што пра ўсё гэта не пішуць паэты, не пішуць пісьменнікі, не пішуць людзі ад душы. А калі хтосьці і спрабуе «на злобу дня», то бярэш пачытаць і адразу ж бачыш — гэта трэш, проста трэш. Аніякай крупінкі таленту, нават калі таленавіты чалавек паспрабуе пісаць на гэтыя тэмы — усё роўна атрымаецца трэш, бо гэта не жывое.
Гэта як ва ўсёй беларускай літаратуры няма аніводнага прымальнага па ўзроўні твора пра чырвона-зялёны сцяг БССР, бо ён бюракратычны, яго прыдумалі ў кабінетах чыноўнікі, зацвердзілі ў Маскве і павесілі ў Беларусі, аніякіх ні легенд за ім, ні гісторый, за яго кроў не праліваў ніхто, нічога такога не было — не запальвае.
Калі нядаўна казалі пра сцэнары для фільмаў пра 2020 год, то скардзіліся, што конкурс аб’яўлены — а сцэнароў няма. Відаць, нават за грошы нікога не натхняе. І пра генацыд тое ж. Ну можа, калі шчодра «пазалацяць ручку», то нешта там і здымуць, але глядзець на такое, вядома ж, ходзяць пад прымусам — школамі, факультэтамі, курсамі, рабочымі калектывамі. Але галоўнае ў справаздачах можна пісаць пра рэкордныя зборы. Ды і ў кніжках каторы год бестселер — «Генацыд беларускага народа» за аўтарствам генпракурора Шведа. Нібыта ўвесь народ на яе падсеў і скупляе наклады — а мы ж ведаем, як гэта робіцца. І ўсё такім чынам дзейнічае.
Народ відавочна не жыве гэтымі праблемамі. Нікога гэта не
цікавіць. Ды і ўлада ж ломіцца ў адчыненыя дзверы. Бо ніхто ж гэты генацыд ніколі не адмаўляў, не хаваў, няма тут
сенсацыйнага раскрыцця адмыслова схаванай гісторыі. Усё, што немцы рабілі на
тэрыторыі Беларусі ў час вайны, даўно прызнанае і даўно асуджанае ўсімі, няма
тут апанентаў, ні ўнутраных, ні знешніх. І што ж вы нам даказваеце гэтай сваёй
кампаніяй?
Нічога. Накачваюць народ нейкімі заклікамі, б’юць у бубны, б’юць у барабаны — а ў гэтых барабанах пустата. Вось і ўсё.
Таму калі адміністрацыйны каток спыніцца, калі здымуцца з парадку дня гэтыя планы, калі скажуць, што можна не рабіць гэтага ўсяго, то ўсё гэта імгненна згасне і ніякага заўважнага следу вялікага не пакіне проста таму, што гэта не кладзецца на душу, не адпавядае ўнутраным працэсам людзей, таму што гэта не тое, што актуальна, што патрэбна, не тое, з чым людзі звязваюць сваё жыццё на зямлі.
Нежывое не мае шанцаў ператварыцца ў нешта іншае. Любая жывая ідэалогія не ствараецца ў кабінетах. Яна грунтуецца на ўнутраных працэсах у грамадстве, яна запатрабаваная грамадствам. Тое, што прапаноўвае рэжым Лукашэнкі, не абапіраецца ні на якія народныя імпульсы, гэта проста спроба легітымізаваць сваё нязменнае валадаранне.
Кшталту «нас паклікала гісторыя, час выбраў нас, попел
Клааса б’е дагэтуль у нашыя сэрцы і
г.д., і калі мы пойдзем з улады, то генацыд чамусьці паўторыцца». Штучна і не
кранае. На загад ідэалогію не створыш — так не працуе. Каб чымсьці жыць і
кіравацца, трэба, каб гэта штосьці на жыццёвай глебе вырастала.