«Адвёз бабулі, яна паклала ў сейф». Беларусы расказалі, дзе хавалі БЧБ‑сцягі

Бел-чырвона-белым сцягам у Беларусі цяпер нельга не толькі размахваць, але і захоўваць дома — за гэта можна трапіць пад арышт ці атрымаць штраф. Сімволіку шукаюць пры ператрусах, за яе караюць дадатковымі «суткамі». «М*дыязона» распытала беларусаў, як яны хавалі сцягі і «Пагоню», баючыся прыходу сілавікоў і перасякаючы мяжу Беларусі.

maxresdefault_148.jpg

Мінчанка Дар’я расказала, што першы час яны з мужам трымалі сцягі на балконе, хавалі ў старыя рэчы. Потым муж забраў на працу і захоўваў у шафцы для адзення — «там відавочна ператрус не сталі б ладзіць».

— Яшчэ была цікавая гісторыя: калі мяне амапаўцы на Пушкінскай забралі, з сабой быў сцяг і налепкі з «Пагоняй». Прывезлі ў Партызанскае РУУС і павінны былі аглядаць. Разумеючы, што вельмі небяспечна, калі знойдуць гэта ўсё, я папрасілася ў прыбіральню. А там у РУУС для злосных «змагароў» паставілі асобную прыбіральню-сарцір на вуліцы, тыпу «бія». Я туды пайшла, налепкі выкінула. Дастала сцяг і думаю: «Хіба змагу яго ў парашу кінуць?» Карацей, узяла і акуратна павесіла яго ўнутры. Усё роўна ў гэты туалет толькі нашы ходзяць. Потым чую пазней, як у актавай зале, дзе нас трымалі, усе шэпчуцца: «О, вы бачылі? Нехта павесіў сцяг! Вы бачылі?».

У Польшчу пара забрала ўсе тры сцягі, акрамя таго, што застаўся ў РУУС. Перавозілі ў чамадане, схаваўшы глыбока ў рэчы.

Праз мяжу ў пальчатцы

Іншая гераіня Алеся хавала сцяг у зімовую «экіпіроўку»:

— Сцяг нашага Трактарнага пасёлка Мінска друкавалі падпольна, а потым цішком раздавалі тым, хто хацеў набыць. Я яго прывезла ў Польшчу праз Украіну, засунуўшы ў лыжную пальчатку (хацела ў майткі, але гэта банальнасць, так усе робяць). Цяпер ён са мной, бяру на мітынгі. Часам суседзі з Трактарнага так мяне і знаходзяць.

Сцяг забралі, астатняе засталося «адпачываць»

Аляксандр расказаў, што ў пачатку пратэстаў з аднадумцамі нарыхтоўваў «кактэйлі Молатава».

— Калі зразумелі, што яны не патрэбныя, закапалі іх на тэрыторыі «суседа-хатаскрайніка». А сцягі, налепкі і іншыя БЧБ-атрыбуты захоўваў у канапе ў пакоі адпачынку на працы. Калі ад’язджаў у Польшчу, забраў толькі сцяг, які пашыла жонка. Ён увесь час вісеў у нашым пратэсным «штабе» — у альтанцы лазні. Астатняе засталося ў канапе.

З Беларусі вывозіў сцяг, загарнуўшы ў майку. Жонка пра «кантрабанду» не ведала.

«Сцяг — гэта мая гісторыя, частка мяне»

На паліцы каля камп'ютарнага стала ў Станіслава ляжалі тры сцягі. Хлопец нікуды іх не хаваў, усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі і, калі будзе з’язджаць, павязе як ёсць.

— Не хаваў іх, бо мяне не цікавілі законы, якія супярэчаць Канстытуцыі. Нават не хацеў чытаць навіны, што за гэта будзе. Таму думаў, што калі зойдуць і ўбачаць, то скажу, што гэта маё, гісторыя маёй краіны, частка мяне. «Прыгожы і стыльны сцяг, а вам якая справа?» — хацелася спытаць, калі прыйдуць. Карацей, майго прадзеда расстралялі ў 30-м годзе, таму ў крыві няма страху баяцца рэвалюцыі.

Бабуля і сейф

— У мяне з сімволікі быў сцяг і майка з «Пагоняй». Толькі на майцы замест рыцара на кані быў матацыкліст на матацыкле дыбам. Пасля таго, як адседзеў 12 сутак, вырашыў, што дома небяспечна гэта захоўваць. Адвёз бабулі, бо там не прапісаны. І нядаўна даведаўся, што яна захоўвае яго ў сейфе на працы, да гэтага часу. У Польшчу вырашыў не везці, пабаяўся. Набыў ужо тут сабе сцяг, на ганаровае месца дома павесіў, — расказаў мінчанін Аляксандр.

— У Беларусі сцяг купляў у самым пачатку пратэстаў, але ўжо тады іх у вольным продажы не было. Нехта зрабіў бот у «тэлезе», дзе пакідаеш заяўку, яго хтосьці шые, потым забіраеш. Я яго забраў і паехаў на матацыкле забіраць жонку з працы каля Палаца Рэспублікі. Тады якраз аблавы на матацыклістаў былі, і я схаваў сцяг пад футболку, так і праехаў, кружачы, па ўсім горадзе. Крыўдна было б, калі б тармазнулі і проста за правоз сцяга на суткі адправілі.

Вера і чаканне

Вераніка жыве ў Мінску і свой аповед назвала страхам, а не гісторыяй пра сцяг.

— Калі пачаліся масавыя ператрусы і затрыманні, мне стала страшна ў кватэры захоўваць нацыянальны сцяг. Вынесла ў склеп. Але і гэтага здалося недастаткова. Тады я яго вывезла ў вёску і схавала ў шафе ў доме бабулі. Там ніхто не жыве. Я прыязджаю летам часам. Ну, і чакаю, калі можна будзе яго дастаць. Вельмі чакаю.