Андрэй Казакевіч пра рэферэндум: Гэтая працэдура — чыстая фармальнасць
Закон аб Усебеларускім народным сходзе плануецца распрацаваць да верасня 2022 года — так паказана ў плане Саўміна. Больш за тое, як паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, праца па падрыхтоўцы законапраекта ўжо ідзе. Але ж яшчэ не прайшоў сам рэферэндум (прызначаны на 27 лютага), на якім беларусам трэба будзе вырашыць, ці жадаюць яны прымаць дапоўненую і выпраўленую Канстытуцыю, дзе і з'явілася ВНС як новы дзяржорган. Так увогуле можна?
— Гэты
законапраект даўно анансаваўся самім Лукашэнкам, — сказаў «Филину» дырэктар
Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — У прыватнасці, ён
казаў: абмяркоўваецца, якім чынам будзе фармавацца Усебеларускі народны сход.
У новым
праекце Канстытуцыі як раз пазначана, што гэта будзе вызначацца законам, гэта
значыць гэта арганічны закон, які павінен быць прыняты ўжо на працягу года.
Таму досыць лагічна і зразумела, што адразу пасля рэферэндуму, як толькі ўлады
агучаць свае вынікі, наступным крокам мусіць менавіта разабрацца з УНС:
як ён будзе выглядаць, як будзе фармавацца, і хутчэй прыняць пра ўсё гэта
закон.
Трэба
ўлічваць, што менавіта ў законе будзе прапісаная функцыя прэзідыума УНС і яго
старшыні, бо ўсе гэтыя пасады абсалютна не прапісаныя ў Канстытуцыі, толькі
згаданыя. Словам, падрыхтоўка законапраекта выглядае вельмі лагічным.
— Але тэарэтычна грамадзяне могуць і не прагаласаваць за новую Канстытуцыю, або рэферэндум можа быць прызнаны не адбыўшымся, калі не прагаласуе дастатковую колькасць тых, хто мае права голасу. Атрымліваецца, гэта такі знак, што вынікі рэферэндуму ўжо вызначаныя?
— Думаю, што ніякіх сюрпрызаў нас тут не чакае — улады ўжо вырашылі, якімі будуць вынікі і не збіраюцца ажыццяўляць падлік галасоў. Заявы аб пачатку працы над законапраектам сведчаць аб тым, што ўся працэдура, якая пройдзе 27 лютага, — чыстая фармальнасць, і ніякім чынам гэта не звязана з волевыяўленнем беларусаў. Улады ўжо актыўна рыхтуюцца да таго, што павінны будуць зрабіць пасля фармальнага зацвярджэння рашэння па Канстытуцыі.