Андрэй Гнёт: Ці можна будзе вярнуць чалавека з беларускага ГУЛАГу?

Еўрапейскі суд па правах чалавека адмовіў беларускаму рэжысёру Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі, бо гэта «заўчасна». Аднак пасля адмовы Сербскага суда літаральна цягам 3–4 гадзін палітуцекача могуць даставіць да самалёта і выслаць у Беларусь, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

andrej_hnjot_2.webp

Адвакаты прасілі забараніць выдачу рэжысёра ў Беларусь да разгляду ягонай справы ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Аднак 19 жніўня ЕСПЧ у Страсбургу трэці раз адмовіў Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі. 

Пра гэта рашэнне  ЕСПЧ беларускі рэжысёр паведаміў у Facebook. Андрэю Гнёту пагражае высылка ў Беларусь з Сербіі. Разгляд апеляцыі рэжысёра Андрэя Гнёта на рашэнне аб экстрадыцыі разгледзяць 27 жніўня ў Бялградзе.

Андрэй Гнёт адзначыў, што Еўрапейскі суд па правах чалавека адмовіў яму ўжо трэці раз. Там лічаць яго запыт «заўчасным». Аднак можа так стацца, што Сербія экстрадуе палітуцекача ў Беларусь хутчэй, чым ён зноў здолее аспрэчыць гэта рашэнне.

«ЕСПЧ лічыць мой запыт заўчасным. Ён можа змяніць сваё рашэнне… пасля сербскага суда, які будзе апошнім і канчатковым. Цяпер мне трэба падключаць яшчэ больш юрыдычных рэсурсаў унутры Сербіі. Яны працуюць толькі па перадаплаце… Заўтра — ужо позна. Сёння — у самы раз. Ці махаюць кулакамі пасля бойкі? Ці можна вярнуць чалавека з беларускага ГУЛАГу?», — распавёў на сваёй старонцы ў Facebook спадар Гнёт.

Запушчаны збор на падтрымку рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта

На платформе Gofundme абвешчаны фінансавы збор «Help Andrey Gnyot save his life».

Мэта — сабраць 10 тысяч еўра для Андрэя Гнёта, які «знаходзіцца пад хатнім арыштам, за забеспячэнне якога адказвае сам».

Місія ЕСПЧ не паспее дабрацца да Бялграда?

Сузаснавальнік, кіраўнік BY_help Аляксей Лявончык нагадвае, што ў 2017 годзе Сербія такім чынам выдала турэцкага дысідэнта Турэччыне. Пасля адмовы прадухіліць дэпартацыю яго ў той самы дзень пасадзілі на рэйс у Стамбул. Забарона экстрадыцыі ад ЕСПЧ даехала да Белграда праз тры гадзіны пасля таго, як самалёт прызямліўся ў турэцкай сталіцы.

Андрэй Гнёт сцвярджае, што паводле пратаколу пасля адмовы Сербскага суда літаральна цягам 3–4 гадзін яго могуць даставіць да самалёта і выслаць у Беларусь. Місія ЕСПЧ проста не паспее дабрацца да Бялграда.

25 жніўня ў Гаазе, насупраць амбасады Сербіі, пройдзе акцыя пратэсту супраць выдачы Андрэя Гнёта беларускім уладам.

Апеляцыйны суд Сербіі разгледзіць скаргу беларускага рэжысёра на рашэнне пра экстрадыцыю 27 жніўня.

Гісторыя затрымання Андрэя Гнёта

41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст, сузаснавальнік Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY, якое ў РБ аб'явілі «экстрэмісцкім фармаваннем». Таксама палітуцякач займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by. Гнёт пакінуў Беларусь па палітычных матывах. 

Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Спачатку рэжысёра было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў.

У чэрвені Вышэйшы суд Сербіі ўсё ж вырашыў экстрадаваць Андрэя Гнёта ў Беларусь. Падставай для экстрадыцыі называецца міжурадавае пагадненне паміж Сербіяй і Беларуссю аб міжнароднай прававой дапамозе па крымінальных справах.

У ліпені стала вядома, што Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу».

Андрэй Гнёт, беларускі рэжысёр, знаходзіцца пад арыштам у Сербіі ўжо год. 

У абарону Гнёта выступілі разнастайныя беларускія і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Amnesty International. 

Паводле БАЖ, Польскага радыё, сацсетак