«Калі Васкрасенскага выклікалі на ТБ, не выключана, што будзе вызваленая новая порцыя палітзняволеных»
Юрый Васкрасенскі, былы ўдзельнік штабу Віктара Бабарыкі і «галоўны перамоўшчык» з беларускімі палітвязнямі ад імя ўлады, заявіў, што палітычныя зняволеныя падалі каля 900 прашэнняў аб памілаванні.
«Калі раней гэтых зваротаў былі дзясяткі, то цяпер гэтых зваротаў сотні. Практычна ў цяперашні час каля 900 зваротаў ужо паступіла ў адрас беларускіх уладаў», — заявіў Васкрасенскі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Ён таксама патлумачыў, чым адрозніваецца выхад з калоніі па заканчэнні тэрміну ад вызвалення па памілаванні. Паводле яго, памілаванне — гэта індульгенцыя.
«Указ прэзідэнта — гэта свайго роду індульгенцыя. Ты фактычна атрымліваеш шанец пачаць жыць з чыстага ліста. Гэта аванс. Вельмі сур'ёзны крэдыт даверу», — заявіў Васкрасенскі.
Васкрасенскі не лічыць, што беларускія ўлады вядуць гандаль палітвязнямі. Паводле яго, памілаванне — гэта акт гуманізму.
«Ні пра які гандаль гаворкі не можа быць. Тут менавіта акт гуманізму ў адносінах да жанчын, людзей перадпенсійнага ўзросту, якія пакутуюць хранічнымі захворваннямі ў рамках агульнай гуманізацыі права», — сказаў Васкрасенскі.
Нагадаем, 16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 чалавек. Паводле звестак праваабаронцаў, у апошнія тыдні палітвязняў у калоніях прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні, а іх сваякам тэлефануе Васкрасенскі і агітуе за напісанне прашэнняў.
Тры высновы са словаў Васкрасенскага апублікаваў у «Нашай ніве» публіцыст Сяргей Гезгала.
«Васкрасенскі хваліцца, наколькі многіх палітвязняў схілілі да напісання прашэнняў аб памілаванні. Важна памятаць, што часцей за ўсё гэтага дамагаюцца, фактычна, катаваннямі — невыноснымі ўмовамі ўтрымання. Але яшчэ важней адзначыць іншыя моманты.
- Нават у такіх умовах і нягледзячы на гады безнадзейнасці прашэння напісала толькі частка палітвязняў.
- Улічвайце, што Васкрасенскі ў свой час працаваў на развал Кампартыі Калякіна, а потым апынуўся ў ініцыятыўнай групе Бабарыкі. Апошнія гады ў палітычным тэатры лукашызму ён аддана граў «апазіцыянера, які раскаяўся». Гэта значыць, што калі ён кажа пра 900 прашэнняў, іх рэальна можа быць і 500, і 300. Васкрасенскі шмат разоў распаўсюджваў інфармацыю, якая не пацвярджалася фактамі.
- Але яшчэ важней разумець логіку гэтай сістэмы. Калі Васкрасенскага выклікалі аб гэтым гаварыць на ТБ, значыць, не выключана, што будзе вызваленая новая порцыя палітзняволеных — рыхтуюць глебу».
Паводле Reform.news, Наша ніва