Хронікі рэпрэсій за 20 жніўня: Сярод вызваленых палітвязняў — журналістка Ксенія Луцкіна

Праваабаронцы паведамілі, што за апошнія дні на волю па памілаванні выйшлі мінімум восем палітвязняў. Сярод іх ёсць людзі з цяжкімі захворваннямі. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі факты рэпрэсій за 20 жніўня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp

Мінімум 8 палітвязняў выйшлі на волю па памілаванні, сярод іх  — Ксенія Луцкіна, Ірына Санкоўская Вольга Новікава 

16 жніўня Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаванні 30 палітзняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, а некаторыя з іх маюць сур'ёзныя захворванні. За апошнія суткі з калоній па памілаванні пачалі выходзіць палітзняволеныя. На цяперашні момант праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозвішчы васьмі вызваленых палітвязняў, сярод іх Вольга Новікава, Ірына Санкоўская і журналістка Ксенія Луцкіна. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых. 

Увечары 20 жніўня прапагандысты з тэлеканала «БТ» апублікавалі першае відэа з некаторымі вызваленымі жанчынамі — Вольгай Новікавай, Ірыный Санкоўскай і Ксеніяй Луцкіной. Жанчыны адбывалі свае тэрміны ў гомельскай жаночай калоніі № 4. 

Вядома, што ў зняволенні ў Ксеніі Луцкіной, асуджанай да васьмі гадоў калоніі, пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Раней прапагандысты паведамлялі, што сярод памілаваных ёсць і людзі з сур'ёзнымі захворваннямі.

Вольга Новікава разам з мужам Віктарам былі асуджаныя да пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Адметная, што яе 35-гадовы муж Віктар Новікаў таксама быў вызвалены па памілаванні, але яшчэ 3 ліпеня.

Палітзняволеную Ірыну Санкоўскую асудзілі ў снежні 2023 года на паўтара года зняволення. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.

Нагадаем, 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, «датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці». Але тым не менш, некалькі палітычных зняволеных усё ж вызвалілі з месцаў няволі.

Праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія 3 ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў. 

Палітвязню Аляксандру Францкевічу дадалі яшчэ год зняволення

У судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня адбыўся суд над палітвязням Аляксандрам Францкевічам, асуджаным раней да 16 гадоў і дзевяці месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Мікалай Сяргейка прызначыў палітвязню яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння». Палітвязня прызналі вынаватым па шэрагу цяжкіх Крымінальных артыкулаў. У верасні 2022 года Аляксандру прызначылі 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 долараў). 

28 лютага 2023 года ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення скаргу, а тэрмін Францкевіча быў скараціла на тры месяцы. 

Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Аляксандра — 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня спачатку накіравалі ў івацэвіцкую калонію № 5, але пазней перавялі ў ваўкавыскую ПК-11. Па інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2023 года Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода, а таксама неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

У траўні 2024 года стала вядома, што супраць Аляксандра распачата крымінальная справа паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Палітвязень доўгі час знаходзіўся ў ПКТ. 

Суд над ім адбыўся ў судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня 2024 года. Суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў палітвязня вінаватым і прысудзіў яму яшчэ адзін год зняволення. Да апеляцыі Аляксандр утрымліваецца ў СІЗА № 6.

19 ліпеня стала вядома пра затрыманне маці палітвязня — Таццяны. Яе абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу. Жанчыну ўтрымліваюць пад вартай у віцебскім СІЗА-2.

Глядзіце таксама

У Віцебску пачаўся чарговы суд над актывісткай Вольгай Брыцікавай

У Віцебскім абласным судзе 20 жніўня ў закрытым рэжыме распачаўся другі суд над былой старшынёй незалежнага прафсаюза «Нафтан» з Наваполацку Вольгай Брыцікавай, якую ў красавіку асудзілі да трох гадоў калоніі.

Гэтым разам жанчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Справу разглядае суддзя Яўген Буруноў.

Нагадаем, Вольга Брыцікава адпрацавала на прадпрыемстве «Нафтан» 16 гадоў, але была звольненая праз выказванне сваёй пазіцыі. 

Яе шмат разоў затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх — 75 запар.

Аднаго з найлепшых беларускіх трэнераў па настольным тэнісе асудзілі да 2 гадоў калоніі

juryj_lahadzjuk.jpg

Брэсцкі абласны суд 25 ліпеня асудзіў 63-гадовага трэнера па настольным тэнісе Юрыя Лагадзюка да двух гадоў калоніі, піша «Берасцейская Вясна». Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам невядомая. Прысуд вынес Андрэй Сіз. 

Юры Лагадзюк прысвяціў сваё жыццё рэабілітацыі людзей з інваліднасцю праз настольны тэніс. Яго гадаванцы нярэдка выйгравалі на чэмпіянатах у Беларусі і іншых краінах. Сярод падапечных Лагадзюка шмат людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, праз інваспорт Лагадзюк займаецца іх рэабілітацыяй.

Андрэй Стрыжак заклікаў звяртацца ў службу эвакуацыі

На фоне паведамленняў аб узмацненні жорсткасці пакарання асуджаным на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) заклікаў сузаснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак, піша «Позірк».

«Звяртайцеся і не чакайце, пакуль вас закрыюць за высокім плотам. Служба працуе бясплатна, хутка і прафесійна», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Нагадаем, пачынаючы з чэрвеня, у судах ужо разгледзелі або разгледзяць у найбліжэйшы час мінімум 15 спраў аб замене абмежавання волі на яе пазбаўленне асуджаным раней па палітычных матывах.

Згодна з заканадаўствам, для замены пакарання на больш жорсткае дастаткова трох спагнанняў. Паводле звестак праваабаронцаў, на прыгавораных да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ пастаянна здзяйсняецца ціск: да іх ноччу прыязджаюць з праверкамі, абмяжоўваюць у вольным часе і адпраўляюць на «суткі» за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання».

Юрыст «Вясны» Віка Рудзянкова адзначыла, што парушэннямі могуць прызнаць невыкананне асуджаным ўскладзеных на яго абавязкаў. Напрыклад, яны павінны забяспечваць магчымасць бесперашкоднага ўваходу ў сваё жыллё супрацоўнікам РАУС/РУУС, якія кантралююць асуджанага; падтрымліваць тэлефонную сувязь з супрацоўнікамі; з’яўляцца па іх выкліку і г. д.

Пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы затрымалі жыхара Гомеля

Мужчына ў размове з вядомым правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы сказаў, што ў Беларусі зараз «добрага мала» і што ён у 2020-м годзе ўдзельнічаў у пратэстах.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — Сяргей Пятроў.

У Барысаве зноў асудзілі палітвязня, якога ўвесну не вызвалілі з калоніі

47-гадовы Васіль Кавалёў мусіў выйсці на волю ў сакавіку 2024 года з барысаўскай калоніі № 14, дзе ён адбываў папярэдні тэрмін. Але перад вызваленнем супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). 

У чэрвені ў судзе Барысаўскага раёна над палітвязнем адбыўся чарговы суд. Справу разглядала суддзя Людміла Зінкевіч. Прысуд невядомы, але, верагодна, яму зноў прызначылі пазбаўленне волі.

У Мінскім абласным судзе 6 верасня адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі Васіля. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Алега Лапекі.

У Гродне да 4 гадоў калоніі завочна асудзілі сясцёр, якія праз балоты збеглі ад «хіміі»

zbehlyja_sjostry.jpg

У Гродзенскім абласным судзе 19 жніўня вынеслі завочны прысуд сёстрам Надзеі Сцепанцовай і Жане Захаркевіч, якіх раней асудзілі да «хіміі» за ўдзел у пратэстах. Іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове). Спецвытворчасць супраць іх узбудзілі ў траўні гэтага года, а судзіць пачалі 5 жніўня.

У выніку суддзя Юрый Казакевіч прызначыў жанчынам па новай крымінальнай справе па чатыры гады калоніі. Таксама суд дадаў да тэрміну неадбытую «хімію», ад якой яны збеглі з Беларусі, і агулам прызначыў Надзеі Сцепанцовай пяць гадоў і шэсць месяцаў зняволення, Жане Захаркевіч — пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

У прысудзе адзначаецца, што тэрмін адбыцця пакарання жанчын вылічваць з дня іх фактычнага затрымання для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі.

Супрацоўніка райвыканкаму будуць судзіць па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі»

aljaksej_kisjaljou.jpg

У Віцебскім абласным судзе 28 жніўня распачнецца суд над 34-гадовым інспектарам сектара спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкаму Аляксеем Кісялёвым. Па справе ініцыятывы «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-5 КК (праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці).

Адзначым, што гэта толькі другі суд у Беларусі паводле арт. 361-5 КК — гэты артыкул быў уведзены ў Крымінальны кодэкс толькі ў 2021 годзе. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Юрый Урбан. 

Аляксея затрымалі 13 сакавіка — з ім знялі «палоннае відэа». На камеру мужчыну казаў, што з'яўляецца «вучнем Кадравага рэзерву для новай Беларусі», і ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа.