Анатоль Шумчанка: Кожны дзень прачынаюся з думкамі, дзе я яго скончу — дома або ў турме?

Старшыня рады Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» і лідар беларускіх прадпрымальнікаў падзяліўся сваім адчуваннем рэчаіснасці, у якой кожны дзень людзей затрымліваюць, судзяць і садзяць.

1020088966_1280x720_1.jpg

— Па краіне ідзе хваля арыштаў журналістаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, — напісаў Анатоль Шумчанка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Падставы знаходзяць самыя розныя: ад дзеянняў да слоў і думак, выказаных адносна цяперашняй сітуацыі.

Кожны дзень прачынаюся з думкамі: дзе я яго скончу — дома або ў турме, бо не маўчу і даю мноства справядлівых і, часам, крытычных заўваг. Але і за слова можна паплаціцца свабодай.

Пішу гэта для таго, каб для ўсіх вас, сябры мае, не было халодным душам, што мяне можаце не пачуць у бліжэйшыя месяцы ці гады. Ведайце, я заўсёды ішоў за вас і не рабіў нічога дрэннага ці супрацьзаконнага.

Калі што — трымайцеся разам «Перспектывы» і жывіце на злосць усім нашым ворагам. Дай Бог, каб тое, што напісаў вышэй, не спраўдзілася і ўсё было добра.

Але трэба быць гатовымі да любых варыянтаў развіцця падзей...