Актывісткі «Маці 328» з Ліды спынілі галадоўку
Актывісткі руху «Маці 328» з Ліды Людміла Лапко і Алена Мікалаюк спынілі галадоўку, якую трымалі 9 дзён. 19 траўня ім прыйшоў адказ з адміністрацыі прэзідэнта: просьба аб сустрэчы з кіраўніком краіны не задаволеная, бо ў таго «занадта шчыльны графік».
Як паведамляе Радыё Свабода, Людміла Лапко пісала ў адміністрацыю прэзідэнта асабісты зварот і патрабавала сустрэчы. У лісце яна сцвярджала, што сына засудзілі бяздоказна, а таму і настойвала на тым, каб яе прыняў Лукашэнка. Разам з Людмілай галадала і Алена Мікалаюк, сына якой таксама асудзілі. Адказ з адміністрацыі прэзідэнта, паводле Лапко, засмуціў жанчын.
Цяпер жанчыны маюць змагацца за сваіх сыноў іншымі метадамі — будуць пісаць скаргі ў Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру, каб справы асуджаных паводле “наркатычнага артыкула” перагледзілі.
27 красавіка прадстаўнікі руху “Маці 328” абвясцілі галадоўку, патрабуючы зьмякчэння “антынаркатычнага” заканадаўства ў дачыненні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы. 16 траўня на партале pravo.by апублікавалі праект зменаў у адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэксу.
Паводле euroradio.fm