Адбылося штомесячнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму ў Курапатах (фота)
29 студзеня каля 20 актывістаў грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла «Курапаты» ўшанавалі памяць ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1920–1950-х. У мерапрыемстве пад бел-чырвона-белым сцягам ўдзельнічалі сябры аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці «Разам» і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.
Прадстаўнікі грамадскасці агучылі чарговыя амаль 200 з 5772-х вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920–1941-х гадоў, расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных. Першыя больш за 300 імёнаў ахвяр былі названыя ў Курапатах 29 кастрычніка 2012 года, далей спіс агучваўся пад час розных мерапрыемстваў у межах правядзення Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі. а поўны спіс будзе зачытаны ў гэтым годзе.
Удзельнікі ўшанавання ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна палеглых людзей, праспявалі песні беларускага нацыянальнага адраджэння і правялі малебен.
Кіраўнік маладзёвага крыла аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці «Разам» Ірына Шчасная заклікала беларусаў вывучаць сваё сапраўднае мінулае, у тым ліку гісторыю сталінскіх рэпрэсій, ба сапраўдная гісторыя нашмат мацней фальшывай, таму што яна шчырая і маральная.
Каардынатар кампаніі «Пакаянне» аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Валерыя Чарнаморцава заклікала моладзь далучацца да ўдзелу ў стварэнні віртуальнага музея камуністычных рэпрэсій на Беларусі, а таксама да шанавання і ўсебаковай падтрымкі былых вязняў ГУЛАГу сталага веку.
А каардынатар ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла «Курапаты» Ганна Шапуцька паведаміла, што 7 лютага а 12.00 ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ адбудзецца круглы стол, прысвечаны справе грамадскага актывіста з Наваполацку Андрэя Гайдукова, абвінавачанага ў здрадзе Радзіме.