Абаронцы Курапатаў дабіваюцца прыёму ў генпракурора
22 студзеня абаронцы Курапатаў пісьмова звярнуліся да генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з просьбай аб прыёме.
Сярод заяўнікаў — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты”, 85-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.
У скарзе, прыкладзенай да заявы, адзначаецца, што 27 лістапада 2012 г. Генпракуратура накіравала Мінскаму аблвыканкаму прадстаўленне № 0703-05д-18745 “Аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гістарычна-культурнай каштоўнасці, прычын і ўмоваў, якія ім спрыяюць”.
Прадстаўленне было вынесена ў сувязі з тым, што пад час будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-хол” СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвяло на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты” з іх заходняга боку шэраг новых аб’ектаў (чатыры дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарана і дзіцячую пляцоўку), што не маюць аніякага дачынення да каштоўнасці.
На выкананне прадстаўлення Мінаблвыканкаму быў дадзены адзін месяц. Аднак гэтае прадстаўленне засталося не выкананым.
Вось чаму 4 снежня 2014 года заяўнікі звярнуліся ў Генпракуратуру з просьбай згодна з артыкулам 166,167 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь правесці адпаведную праверку і ўзбудзіць крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжаных артыкулам 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Бяздзейнасць службовай асобы”), альбо іншага артыкула Крымінальнага кодэксу ў адносінах да службовых асобаў, якія не выканалі прадстаўленне Генпракуратуры.
Адпаведна адказу Генпракуратуры ад 24 снежня 2014 года, заяўнікам адмоўлена ў правядзенні праверкі і ўзбуджэнні крымінальнай справы на падставе таго, што 1 снежня 2014 года пастановай Міністэрства культуры зацверджаны праект зонаў аховы Курапатаў і страціла сілу пастанова Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 года №15 аб часовай схеме зонаў аховы народнага мемарыялу. Згодна з праектам зонаў аховы Курапатаў, “аб’ект прыдарожнага сэрвісу, заказчыкам якога з’яўляецца “БелРэстІнвест” , знаходзіцца за межамі ахоўнай зоны названай гістарычна-культурнай каштоўнасці”, паведамляецца ў адказе Генпракуратуры.
Заяўнікі выказалі нязгоду з пазіцыяй Генпракуратуры, паколькі лічаць, што праект зонаў аховы Курапатаў, зацверджаны пастановай Мінкультуры ад 1.12.2014 года, надае законнасць схеме адабрання земляў з ахоўнай зоны гэтага велічнага помніка трагедыі беларускага народа. Сітуацыя патрабуе расследавання з пункту гледжання прысутнасці ў дзеяннях службовых асобаў прыкметаў карупцыі.
Абаронцы Курапатаў звярнулі ўвагу генпракурора на тое, што асобаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай карупцыйнай схеме, нават не спыніла прадстаўленне Генпракуратуры ад 27.11.2012 года. Гэтыя асобы проста праігнаравалі названае прадстаўленне. Тады навошта дзяржаве і грамадству такі наглядны орган, як Генеральная пракуратура?
І апошняе. Генпракуратура, як дзяржаўны орган, дзейнічае ў межах заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Аднак свой адказ Генпракуратура аніяк не матывавала нормай заканадаўства краіны.
У гэтых варунках заяўнікі просяць Аляксандра Канюка прыняць іх і разгледзець па сутнасці заяву абаронцаў Курапатаў ад 4 снежня 2014 года.