«А золата цяпер толькі з Расіі?». Што абмяркоўваюць беларусы ў ЦУМе
Зімовая прахалода ахутвае вуліцы Мінска сваім покрывам. Журналісты «Белсату» выйшлі са станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» і зайшлі ў ЦУМ, каб падслухаць, пра што размаўляюць беларусы.
У ЦУМе шматлюдна. У шэрагах з тэхнікай для кухні ходзіць
мужчына. Яму блізу 60, ён у цёмна-шэрай старамоднай кепцы і куртцы, на носе — рагавыя акуляры. Яго суправаджае
хлопец-кансультант.
«Я ў вас тут раней лядоўню купляў. 300 рублёў тады каштавала. А цяпер — больш за тысячу!», — кажа мужчына і цёпла ўсміхаецца. Здаецца, яго больш цікавіць магчымасць паразмаўляць з кімсьці, чым нешта набыць.
«Ёсць і таннейшыя — за тысячу, давайце я вам пакажу», — прапануе хлопец.
Побач яшчэ адзін кансультант размаўляе з кліентамі. Жанчына гадоў за 50 прыйшла разам са сваёй дачкой выбраць лядоўню.
«Пра беларускія «Атланты» я вам нават казаць не буду, каб не псаваць настрой», — звяртаецца кансультант да дачкі.
«Чаму? У мяне быў «Атлант», добрая лядоўня!» — пярэчыць яму жанчына.
Кансультант выглядае разгубленым і поглядам шукае падтрымкі ў дзяўчыны. Тая пачынае смяяцца.
«Давайце я прапаную вам BEKO. Турэцкі вытворца, бюджэтны варыянт. Адзінае, што гэта лядоўня з іх завода ў Расіі. Для некаторых пакупнікоў гэта адразу «не». Важна. Але, на жаль, нешта бюджэтнае ў нас зараз толькі адтуль», — прапануе хлопец.
«А як увогуле выбіраць, з Расіі ці не з Расіі, калі ў нас знікаюць тавары. Нядаўна знікла марка крэмаў, якой я карысталася раней. Перайшла на карэйскую», — кажа дзяўчына.
Некаторы час яны яшчэ выбіраюць.
«Мы возьмем у растэрміноўку. Не памятаю, каб я нешта адразу набывала. Усё жыццё ў растэрміноўку. Добра, што ёсць такая магчымасць», — разважае жанчына.
Каля прылаўкаў з залатымі вырабамі стаяць двое мужчын. Пад шклом зіхацяць і чапляюцца за вока ўпрыгожанні. Але ёсць нюанс.
«А што, золата ўсё толькі з Расіі?» — пытаецца адзін з мужчынаў прадавачку.
«Так, усё, цягнік сышоў. Золата зараз толькі з Кастрамы», — адказвае жанчына.
Мужчыны яшчэ крыху пастаялі каля прылаўка і адышлі.
Каля стэнда з гадзіннікам стаіць пара, ім гадоў па 25. Яны разглядаюць тавар і жартуюць паміж сабой.
«Па статыстыцы, жанчыны ўдвая больш гавораць, чым мужчыны», — дзелавіта кажа хлопец.
«А я табе скажу, чаму. Бо жанчыны паўтараюць мужчынам тое, што сказалі», — парыруе дзяўчына.
«Ты нешта сказала?» — прыжмурыўшыся, з найгранай заклапочанасцю пытаецца хлопец.
Яны пачынаюць гучна смяяцца.
Тым часам у аддзеле з музычнымі інструментамі пачынае гучаць музыка: некалькі маладзёнаў прыйшлі абраць гітару. Пад вясёлы матыў людзі побач пачынаюць усміхацца.
А на вуліцы мільгаюць людзі. Ім з вітрын усміхаюцца
казачныя персанажы. Па артэрыях Мінска працягвае цячы жыццё. Горад рыхтуецца да зімовых
свят. Пытанне толькі, калі скончыцца гэтая зіма.