15 сутак за пікет, якога не было

Суддзя суда Ленінскага раёна Ксенія Урублеўская арыштавала рэгіянальнага каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Алега Аксёнава на 15 сутак за "паўторнае на працягу года парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў", паведамляе MAYDAY.

photo_2021_05_14_15_05_54.jpg


Аксёнава прызналі вінаватым у тым, што ён 12 траўня нібыта ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля суда Магілёўскай вобласці, дзе пачаўся працэс па крымінальнай справе Севярынца, Вінярскага, Афнагеля і іншых.
Адзначым, што ніякіх мітынгаў, пікетаў і акцый у гэты дзень у паказаным месцы не праходзіла.


Акрамя Аксёнава, у той жа дзень былі затрыманыя журналісты Уладзімір Лапцэвіч і Аляксандр Буракоў. Праз дзень затрымалі старшыню абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава.
Усім інкрымінуюць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Дата і час іншых судоў пакуль невядомыя, акрамя Уладзіміра Лапцэвіча. Яго павінны судзіць у суботу, 15 траўня, а 10 раніцы.
Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч абвясцілі галадоўку.