Журналістаў, затрыманых учора каля суда ў Магілёве, будуць судзіць. Яны абвясцілі галадоўку

Журналістаў, якіх затрымалі каля суда ў Магілёве падчас працэсу над Севярынцам і іншымі, будуць судзіць, паведамляе TUT.BY. Суд, відаць, пройдзе па скайпе 13 або 14 траўня.

185378739_2858876484441219_8995229384140165942_n_logo_1.jpg

Магілёўскія журналісты, якіх 12 траўня затрымалі ля будынка суда падчас працэсу над Паўлам Севярынцам, Яўгенам Афнагелем і іншымі палітзняволенымі, трапілі з ІЧУ. На іх склалі пратаколы і будуць судзіць. Пра гэта паведамляюць мясцовыя праваабаронцы.

Мяркуюць, што суд пройдзе па скайпе 13 або 14 траўня.

Магілёўскія незалежныя журналісты Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч былі затрыманыя 12 траўня супрацоўнікамі АМАПу ля будынка суда, куды не пусцілі нават сваякоў падсудных па справе так званай групы Ціханоўскага-Статкевіча.

На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы па ч. 3 арт. 24.23 Каап РБ. Іх абвінавачваюць у паўторным удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве на працягу года. Мужчынам пагражае да 200 базавых штрафу або ад 15 да 30 сутак арышту.

Журналіст Deutsche Welle Аляксандр Буракоў, які знаходзіцца ў магілёўскім ізалятары часовага ўтрымання, абвясціў галадоўку, паведамляе MAYDAY.

Такім чынам ён пратэстуе супраць свайго затрымання і адміністрацыйнай справы, якую на яго завялі нібыта з-за таго, што ён прыняў удзел у "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" каля суда Магілёўскай вобласці, куды прыйшоў, каб зрабіць рэпартаж з пасяджэння па справе Севярынца, Афнагеля, Вінярскага і іншых.

Пра галадоўку паведамілі ў самім ІЧУ, калі сваякі спрабавалі зрабіць перадачу: цёплыя рэчы і сродкі гігіены для Буракова прынялі, а вось ежу — не.

Таксама галадоўку абвясціў журналіст Уладзімір Лапцэвіч.