У Магілёве закрытым судом пачалі судзіць семярых палітвязняў (фота)

Сёння ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся працэс над сямю фігурантамі справы аб масавых беспарадках. Па ёй праходзяць сустаршыня БХД Павел Севярынец і актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Павел Юхневіч, Максім Вінярскі, Андрэй Войніч, Ірына Шчасная, а таксама блогер Дзмітрый Казлоў. Судовы працэс закрыты нават для іх сваякоў.

185378739_2858876484441219_8995229384140165942_n_logo.jpg


Перад судом усіх фігурантаў справы перавялі ў магілёўскую турму №4.
11:13 Ля будынку суда засталася сястра Максіма Вінярскага Алена Церашкова, яна мае намер панесці яму перадачу ў турму. Мы заканчваем анлайн.
11:03 Вольга Севярынец у размове пацвердзіла , што Павел Севярынец не будзе даваць паказанняў у судзе, як і на папярэднім следстве, бо суд несправядлівы. Але маральна яна настройваецца, што яе мужу дадуць 5-6 гадоў турмы. Таццяна Севярынец выказала меркаванне, што суд закрыты, бо ў следства нічога няма, справа высмактаная з пальца. Але справядлівасці яна не чакае.
Ад будынку суду раз'ехаліся тыя, хто прыйшоў падтрымаць палітвязняў. Міліцыянты, як перадае карэспандэнт «НЧ», палююць па дварах на людзей, якія выказвалі салідарнасць.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
10:50 Затрыманы яшчэ адзін мужчына, перадае карэспандэнт «НЧ». Прылеглая да будынку суда тэрыторыя ачэплена міліцыяй, яны ходзяць па дварах. Кажуць пра затрыманне трэцяга чалавека — аднаго з кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Аксёнава.
Людзей, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў, фактычна разагналі. Радыё Свабода піша пра затрыманне журналіста Уладзіміра Лапцэвіча.
10:38 Аднаго чалавека міліцыянты пасадзілі ў бус, гэта журналіст Аляксандар Буракоў.
10:31 Справу разглядае суддзя Ірына Ланчава, перадае Радыё Свабода.
Вольга Севярынец выйшла з будынку суда і сказала: «Усё, чаго мы дасягнулі, — гэта стаць у 5 метрах ад дзвярэй». Пры гэтым яна паведаміла: Павел Севярынец ў лістах пісаў, што ніякія паказанні па хадзе справы ён не даваў і на «судзе» будзе маўчаць. Ісус Хрыстос на неправедным судзе маўчаў, то Паша, як хрысціянін, таксама будзе гэтага трымацца.

185143849_483126129672352_8284347134925523348_n_logo.jpg


Кажуць, што да суда прыехала палова міліцыі Магілёўскай вобласці і АМАП, усе ў бронекамізэлтках. Дзверы суда зачынілі на ключ. Міліцыянт адганяе людзей ад суда.

186452064_307489734115479_5650015118381678558_n_logo.jpg

 10:25. У фае будынку суду дазволілі стаяць толькі чатыром асобам. Там знаходзяцца Ганна, Вольга і Таццяна Севярынцы.
10:20. Ля суда сабралася невялікая група падтрымкі, унутр пусцілі толькі сваякоў, але толькі ў фае будынку. Сястра Максіма Вінярскага Алена Церашкова скаўзала «НЧ», што прыехала на закрыты суд, бо спадзяецца хоць на нейкую чалавечнасць: родныя не бачылі сваіх затрыманых сваякоў ужо шмат месяцаў, ім павінны дазволіць пераканацца, што з імі ўсё ў парадку, яны тут і здаровыя. На пытанне, чаму, на яе думку, улады аб'ядналі такіх розных людзей у адну справу, яна адказала, што сёння «судзяць вольную Беларусь, тых людзей, якія ўжо больш за 20 гадоў змагаюцца з гэтай сістэмай, і якім не ўсё роўна».
Пакуль невядома, ці прывезлі абвінавачаных на суд. Міліцыянт-ахоўнік у будынку суда сказаў, што «вы ўсё роўна іх не пабачыце».
На паркоўцы каля суда, тым часам, стаіць танаваны сіні бус з людзьмі, меркавана з амапаўцамі. Працэс павінен пачацца ў 10.30.


186462121_365340178268299_3473013154024658385_n_logo.jpg


Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года на шляху дахаты з пікета па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Спачатку палітык 75 сутак правёў на Акрэсціна, дзе на знак пратэсту парэзаў сабе рукі. Потым яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Яму прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя масавых беспарадкаў.
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель быў затрыманы 25 верасня 2020 года. Сілавікі наўпрост выламалі дзверы ў кватэры, дзе ён пражываў. Яму прад'яўлены абвінавачанні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – Удзел у масавых беспарадках, ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці.
Таксама 25 верасня прыйшлі да актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Паўла Юхневіча. Ён быў затрыманы разам з Ягорам Літвінкам, Анастасіяй Кірык і Андрэем Войнічам у межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках). У кватэру, дзе знаходзіліся актывісты «Еўрапейскай Беларусі», сілавікі патрапілі адначасова праз вакно і дзверы: яны былі ў масках і са зброяй. У затрыманых канфіскавалі ўсю тэхніку, сцягі, асабістыя рэчы.
Актывіста Максіма Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС. Падчас ператрусу ў кватэры затрыманага канфіскавалі кампутарную тэхніку, тэлефоны, бчб-сімволіку, налепкі і балоны з аэразольнай фарбай. Максім знаходзіцца ў статусе падазраванага па ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
Блогера ютуб-канала «Шэры кот» Дзмітрыя Казлова забралі 10 чэрвеня 2020 года. Яму прад’явілі абвінавачанні па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Рэдактарку некалькіх тэлеграм-каналаў Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада 2020 года супрацоўнікі СК, якія былі пераапранутыя ў форму ЖЭС. Калі маці Ірыны заходзіла ў пад'езд дома, «супрацоўнікі ЖЭС» спыталі ў яе, ці ёсць у кватэры гарачая вада. Калі маці дзяўчыны адказала, што не жыве тут, людзі зайшлі з ёй у пад'езд і жорстка адштурхнулі сталую жанчыну. У кватэры Ірыны быў праведзены вобшук, канфіскаваныя ноўтбук, тэлефон, грошы. Пасля гэтага Ірыну павезлі для допыту ў СК. Яе абвінавачваюць па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – Удзел у масавых беспарадках.