Журналіст Аляксандр Буракоў пакараны арыштам на 20 сутак, у судзе ён заявіў пра катаванні

Журналіст Аляксандр Буракоў, які супрацоўнічае з «Deutsche Welle», атрымаў 20 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за «паўторны на працягу года ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» 12 мая каля суда Магілёўскай вобласці, паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў.

53392183_303.jpg


У пасяджэнні ў якасці сведкі выступіў супрацоўнік Ленінскага РАУС Васіль Карняенка. Фактычна ж ніякага масавага мерапрыемства пад сценамі суда Магілёўскай вобласці і паблізу яго не было ў момант, калі журналіст нібыта ўдзельнічаў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
На пасяджэнні Аляксандр Буракоў распавёў, што ён падвяргаецца катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама: яму не даюць нармальна спаць ужо некалькі начэй, рэгулярна ладзяць праверкі з распрананнем дагала ў калідоры, а таксама не перадалі перадачу, якую сваякі Буракова занеслі ў ІЧУ яшчэ ў чацвер.
Журналіст пацвердзіў, што пачаў галадоўку.
Пра галадоўку журналістаў сваякам паведамілі ў самім ІЧУ, калі яны спрабавалі зрабіць перадачу: цёплыя рэчы і сродкі гігіены для Буракова прынялі (але не перадалі, як вынікае з заявы Буракова), а прадукты — не.
Аднак у МУС абверглі інфармацыю пра галадоўку журналістаў. «Магілёўцы Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч сапраўды былі затрыманыя 12 траўня каля будынка абласнога суда за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння. Аднак названыя грамадзяне ніякага дачынення да зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі не маюць і з'яўляюцца фрылансерамі», — заявілі ў МУС.
Там таксама адзначылі, што афіцыйных заяў пра абвяшчэнне імі галадоўкі не паступала.
«13 траўня яны пісьмова адмовіліся прымаць ад сваякоў прадукты харчавання ў перадачах, але ежу прымаюць у адпаведнасці з распарадкам дня спецустановы», — гаворыцца ў паведамленні.
Суддзёй на працэсе выступіла Таццяна Касцюк.
МЗС Германіі высвятляе абставіны затрымання ў Беларусі незалежных журналістаў, у прыватнасці Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з медыякампаніяй «Deutsche Welle», і ўзбуджэння супраць іх справы па артыкуле аб парушэнні парадку правядзення акцыі. Пра гэта ў пятніцу, 14 траўня, паведаміў на пытанне карэспандэнта DW афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў ФРГ Крыстафер Бургер (Christofer Burger).
Паводле яго слоў, нямецкае знешнепалітычнае ведамства спрабуе высветліць акалічнасці справы праз амбасаду ФРГ у Мінску.
Паводле baj.by