За два тыдні грэчка і бананы падаражэлі на 30%

Да Новага года Міністэрства гандлю забараняе падымаць цэны на ўсе пад пагрозай закрыцця крамаў. Мараторый спачатку дзейнічае да 15 студзеня, а затым аб'яўляецца бестэрміновым. Аднак 3 лютага Мінгандлю разам з Міністэрствам эканомікі выдалі пастанову і патлумачылі, як імпарцёры могуць павышаць цэны.



greczka_banany.jpg

Простыя пакупнікі без папярэджання пачалі закупляцца грэчкай, алеем, рысам і цукрам. Прычым адбылося гэта, як толькі пачаў падаць беларускі рубель.
«Пачкамі бралі цукар, куплялі па 20 пакетаў грэчку, рыс, алей таксама. А цяпер ніхто і не бярэ», — кажа прадаўшчыца Таццяна з Еўраопта, што на вуліцы Несцерава. Паліцы сапраўды пустыя!
Грэчкі і рысу засталося лічаныя пакеты. Гэтыя крупы падаражэлі: да прыкладу, пакет 700-800 грамаў каштаваў 9950 - 12000 рублёў (на 25 снежня 2014), а на 2 лютага цэны выраслі на 30% — да 13-15 тысяч рублёў за тыя ж 700 грамаў грэчкі. Алей «Залатая семка» менш чым за тыдзень таксама вырас ў кошце з 15500 да 18900 за літр (падаражанне склала 22%).
Вырасла ў кошце таксама мука беларускай вытворчасці. 2 кілаграмы «Лідскай мукі» вышэйшага гатунку прывезлі коштам 19900 рублёў. Гэта на 25% даражэй, чым 25 студзеня.
Ва ўнівермагу «Цэнтральны» прадаўцоў, якія перапісвалі цэннікі, не відаць, але тут кошты ўжо выраслі: набор падаражэлых прадуктаў той самы — грэчка, алей, рыс. Больш за ўсё тут падаражэў алей — да 20-23 тысяч за 900 грамаў!
Моцна падаражэлі садавіна і гародніна: да прыкладу, калі бананы каштавалі тут у сярэдзіне студзеня 15-16 тысяч рублёў, дык цяпер — 25 000 рублёў. У іншых крамах на пытанне, што ў іх падаражэла, першае, што называюць, — бананы.
Іх кошт вагаецца: за кіло просяць 20-25 тысяч рублёў. Калі за 2014 бананы, паводле афіцыйнай статыстыкі, падаражэлі толькі на 0,2%, то за першы месяц 2015 яны выраслі ў кошце на 28%!
Самыя танныя польскія яблыкі каштуюць блізу 13 000 рублёў, перац — 83 000 рублёў. Пакупнікі і карыстальнікі сацсетак пішуць, што выраслі ў цане таксама прэзерватывы, гарбата, кава, піва.
Загадчыца магазіна «Суседзі» Святлана, што на вуліцы Прытыцкага ў Менску, кажа, што падаражанне ўжо адбылося.
«Прыкладна на 20-30% па некаторых пазіцыях падаражэлі прадукты. Гэта збольшага прывазныя, імпартныя прадукты. Беларускае засталося з старымі цэнамі. А вось піва сёння як раз прыедзе — будзе з новымі. Але не скажу, якімі, бо яшчэ не бачыла накладныя», — дадае Святлана.
У кампаніі «Фруктэст», якая пастаўляе ў Беларусь агуркі, памідоры, бананы, заўважаюць, што падаражанне ў 30% ужо адбылося.
«Тыдзень таму цэны выраслі ў нас прыкладна на 30%. Устанавілася, як мы бачым, добрая здаровая канкурэнцыя. І нават таннее дзесьці садавіна, бо ні ў каго няма зацікаўленасці прывозіць дарагія. Паліцы напаўняюцца паступова. Цяпер мы зацікаўленыя закупляць добрую садавіну і з добрымі цэнамі, бо мы разумеем, што людзі збяднелі», — кажуць у кампаніі. Тут заўважаюць, што далейшага павышэння коштаў, калі не здарыцца штосьці, чакаць не варта. Даражэць прадукты будуць, але не рэзка, а паступова.
euroradio.fm