«Усё лепшае — дзецям!» Але чамусьці не нашым
З парадыгмай пра тое, што «ўсё лепшае — дзецям», здавалася б, не паспрачаешся. Такое стаўленне да нашчадкаў грамадствам, безумоўна заахвочваецца. Але што б сказалі мы ўбачыўшы, як нейкі бацька сямейства дорыць чужым дзецям айфоны апошняй мадэлі, пры тым, што свае мараць проста пра другія цэлыя штаны? Як бы мы назвалі такога «дабрадзея»?
Пагадзіцеся, у рамках сям'і такія паводзіны выклікаюць жаданне падняць трубку і замовіць хуткую псіхіятрычную дапамогу, каб купіраваць прыступ неадэкватна шчодрасці бацькі, які трохі паехаў дахам, у самым пачатку. І гэта — нармальна, зазначае блогер і эканаміст Аляксандр Кныровіч.
Але як толькі мы выходзім на дзяржаўны ўзровень, нешта здараецца з гэтай логікай.
Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь выдзеліла Міністэрству адукацыі 2,8 млн рублёў на аздараўленне 413 замежных дзяцей.
У вас калькулятар пад рукой?
Давайце падзелім 2,8 млн на 413, колькі ў вас атрымліваецца?
У мяне — 6780 рублёў, або — па 2100 долараў на адзін сімпотны дзіцячы замежны твар... Як вам?
Турагенцтвы Рэспублікі Беларусь за такую суму прапануюць адпачыць у 3-хзоркавым гатэлі ў Турцыі сям'ёй, на тыдзень. А тут — адно дзіця.
Вядома, Турцыя! Дзе ж ёй цягацца з Беларуссю! І Дзе ж дзіця будзе адпачываць?
Правільна, у нашай жамчужыне, у аздараўленчым цэнтры «Зубраня» дзе поўная цана адной змены складае... 490 долараў.
І... правільна! Узнікае пытанне — а куды ж гэтыя грамадзяне збіраюцца засунуць усё астатняе? Паўнаважкія 1610 долараў на асобу?
Чытаючы дакумент, разумееш, што астатняе — гэта выдаткі «Белавія» на транспарціроўку меркаваных дзяцей з... (блін, ну вось на адну навіну, трэба тры разы паўзу трымаць) з... Па спісе — Егіпта, Кітая, Кыргызстана, Лаоса, Сірыі і Узбекістана.
І пакуль вы пераварваеце інфармацыю аб бясконцай шчодрасці Беларусі да чужых дзяцей, сфармулюю яшчэ два фінальныя пытанні:
1. Улічваючы што заробкі ў Кітаі даўно перавалілі за 1000 долараў у месяц, мы ўпэўненыя, што мы хочам бясплатна аздараўляць кітайскіх дзяцей? Можа быць лепш не 413 чужых, а 2000 — сваіх?
2. Як бы паставіліся бацькі, напрыклад, вось гэтых самых хлопчыкаў і дзяўчынак з Лаоса, калі б ім проста прапанавалі па 2000 долараў і «нікуды не ехаць»? Там, у Лаосе, гэта наогул гадавы заробак.
Што б яны выбралі, як думаеце?