Санкцыі Захаду не абмінулі беларускую АЭС
Нямецкі банк KfW IPEX-Bank ануляваў крэдыт на 100 мільёнаў еўра, які меўся пайсці на завяршэнне мадэрнізацыі электрасетак у Беларусі – пад электрычнасць з АЭС. Гэтага дамаглося Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое змагаецца за пашырэнне санкцыяў супраць рэпрэсіўнага рэжыму. Белсат аналізуе, як гэта паўплывае на беларуска расійскі атамны праект, і што з іншымі праектамі Мінск – Масква.
Амаль тры мільярды кілават на гадзіну з Беларускай атамнай станцыі пайшло ў энергасістэму краіны цягам сямі месяцаў. Гаворка пра энергію, якую выпрацавалі ў перыяд доследна-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблоку. Сёння паведамілі, што ашчадзілі $ 100 млн.
За гэты ж час па палітычных прычынах з «Мінскэнерга» звольнілі 85 асобаў. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне дамаглося санкцыяў: KfW IPEX-Bank ануляваў крэдыт на 100 мільёнаў еўра для завяршэння мадэрнізацыі беларускай энергасістэмы.
«Папрасіць гэты крэдыт у некага іншага будзе даволі складана. Еўрапейскія банкі пасля ўсіх апошніх падзеяў не будуць звязвацца з такою ўгодаю. Расія ад пачатку перадала гэтую справу нямецкім банкам. Кітай на сённяшні дзень стаіць даволі «адхілена» ад гэтага ўсяго»
Нямецкі KfW IPEX-Bank адмовіўся фінансаваць работы пасля таго, як шведскае экспартна-крэдытнае агенцтва EKN і кампанія Siemens вырашылі не прадаваць газавыя турбіны нелегітымнай уладзе. Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук аднак мяркуе, што на фінальнай стадыі «Росатам» не пакіне свой праект без падтрымання:
«Масква вельмі рашуча настроеная на тое, каб падтрымаць Беларусь. Гэта не ў межах энергетычнай палітыкі ці нейкіх камерцыйных праектаў. Гэта стратэгія барацьбы з Захадам. Тут любыя дзеянні лічацца добрымі. Таму калі не будзе еўрапейскіх грошай, будуць расейскія».
У гэты ж дзень намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што БелАЭС дазволіць краіне знізіць валютную нагрузку на $ 550 млн на год, бо не давядзецца набываць газ на выпрацоўку электрычнасці.
У энергетычнай галіне будуць чакацца таксама страты, да $ 350 млн на год – паводле экспертных падлікаў. «Газпром» у апошнім квартале сёлета плануе скараціць транспартаванне газу праз Беларусь – шляхам «Ямал-Еўропа». Расія будзе перапампоўваць значную частку паліва трубаправодам «Паўночная плынь – 2».
«Гэта такі інструмент, які «Газпром» выкарыстоўвае для таго, каб атрымаць больш прэферэнцыяў або лепшыя варункі доступу да «Белтопгазу».
«Белтопгаз» – гэта раздробны гандляр. Гэты актыў вельмі смачны, як кажуць, і яго «Газпром» прыбраў бы да рук. Адно зрабіць гэта ніхто не дае».
Але ж асноўныя страты ўжо ўвосень гэтага года панясе не Беларусь, а Украіна. Яраслаў Раманчук мяркуе, што ўсё цяпер залежыць ад пазіцыі ЗША адносна расейскіх праектаў. Сустрэча прэзідэнтаў Байдэна і Пуціна – ужо 16-га чэрвеня.