Расія падтрымала рэкамендацыі МВФ па беларускім пытанні
Расія лічыць, што Беларусі неабходна праводзіць глыбокія рэформы з мэтай ліквідацыі карэнных прычын уразлівасці нацыянальнай эканомікі.
Паводле звестак БелаПАН, з такой пазіцыяй расійскі бок выступіў на вераснёвым пасяджэнні выканаўчага савета МВФ, на якім абмяркоўвалася беларускае пытанне.
На савеце МВФ прадстаўнікі Расіі віталі цяперашнюю манетарную палітыку беларускіх уладаў, якая дазволіла стабілізаваць узровень золатавалютных рэзерваў і ўзяць пад кантроль інфляцыю.
Адначасова з гэтым, паводле інфармацыі БелаПАН, расійскі бок заявіў, што для павышэння эфектыўнасці эканомікі Беларусі неабходна ажыццяўляць рэструктурызацыю сектара дзяржпрадпрыемстваў, прыватызацыю і ствараць механізмы сацыяльнай абароны насельніцтва на выпадак росту беспрацоўя.
У сувязі з гэтым прадстаўнікі Расіі віталі пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі (Сусветным банкам, МВФ, Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця), у рамках якога краіна можа атрымаць падтрымку на правядзенне структурных рэформаў у эканоміцы.
Паводле звестак БелаПАН, краіны Еўрапейскага саюза і Злучаныя Штаты Амерыкі таксама падтрымалі рэкамендацыі МВФ па рэфармаванні беларускай эканомікі. На думку заходніх краін, Беларусі трэба павышаць рынкавую арыентацыю нацыянальнай эканомікі і зніжаць ступень умяшання дзяржавы ў справы суб'ектаў гаспадарання.
Нагадаем, на мінулым тыдні ў Мінску пачала працу чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду, падчас якой беларускія ўлады абмяркоўваюць магчымасць заключэння з фондам новай крэдытнай праграмы на 3 млрд долараў.
"Мэта місіі — абмеркаванне рэформаў, якія могуць быць падтрыманыя крэдытам МВФ", — паведаміў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Пітэр Долман, размаўляючы 21 верасня з беларускімі журналістамі.
Ён зазначыў, што перамовы будуць праходзіць як у межах гэтай місіі, так і пасля яе заканчэння. "У кастрычніку падчас восеньскай сесіі МВФ і Сусветнага банка мы таксама плануем правесці сустрэчы з беларускімі ўладамі па гэтых пытаннях", — заявіў кіраўнік місіі.
Долман зазначыў, што апошнія некалькі гадоў эканамічная сітуацыя ў Беларусі заставалася складанай.
"Нягледзячы на прынятыя ўрадам меры, фактары ўразлівасці раслі. У прыватнасці павялічваўся дзяржаўны доўг і знешнія абавязацельствы краіны. Таму неабходныя рэформы, якія дазволяць знізіць ўплыў фактараў уразлівасці і будуць спрыяць росту даходаў насельніцтва", — лічыць прадстаўнік фонду.
У сувязі з гэтым кіраўнік місіі МВФ падкрэсліў, што вялікае значэнне для эканомікі мае рэформа сектара дзяржпрадпрыемстваў. "Яна патрэбная для таго, каб прыўнесці больш якасны менеджмент у дзяржсектар і павысіць эфектыўнасць яго функцыянавання", — растлумачыў Долман.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН