Эксперт прагназуе рост кошту камунальных паслугаў
Жыллёва-камунальныя службы Беларусі рыхтуюцца да пачатку ацяпляльнага сезону. Улады супакойваюць грамадзян, што скачка цэнаў на камуналку не будзе. Аднак Міжнародны валютны фонд настойвае на тым, каб грамадзяне ў перспектыве поўнасцю аплачвалі кошт камунальных паслугаў.
Сітуацыю каментуе каардынатар экспертнай супольнасці “Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч:
— У пачатку года мы назіралі такую характэрную сітуацыю, калі было зразумела, што мы паступова пераходзім менавіта сёлета на максімальнае поўнае пакрыццё выдаткаў. Гэта было вельмі негатыўна ўспрынята насельніцтвам, якое стала прад’яўляць сустрэчныя прэтэнзіі да камунальнікаў, што да налічэння сумаў. Адразу ж высветлілася, што сумы сапраўды высмоктваюцца з пальца. І гэта агучыў нават сам кіраўнік дзяржавы.
Эксперт лічыць, што ў бліжэйшы час адбудзецца значнае падаражэнне кошту камунальных паслугаў. Ужо нават прынятыя некаторыя дакументы, якія прывядуць да павышэння коштаў для пэўнай катэгорыі спажыўцоў:
— У прыватнасці гэта для тых кватэраў, дзе ніхто не жыве. Раней падагрэў вады лічыўся так, што калі ў кватэры ніхто не прапісаны, то ты нічога і не плаціш, дык сёлета з кастрычніка сітуацыя іншая: ты плаціш па нормах на квадратны метр. Прадугледжваецца, што калі ніхто не жыве ў кватэры, дык на 20 квадратных метрах усё адно павінен быць адзін чалавек і ты павінен плаціць за аднаго чалавека. Калі 40 квадратных метраў — будзеш плаціць за 2-х.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, цяпер беларусы кампенсуюць прыкладна 58 працэнтаў ад рэальнага сабекошту камунальных паслугаў. Пераход на поўную кампенсацыю выдаткаў прадугледжаны да 2018 года.