Праблемы знешняга гандлю ў беларускай эканоміцы ўсё больш відавочныя

Экспарт інвестыцыйных тавараў за восем месяцаў 2023-га аказаўся на 9,7% вышэй за аналагічны час 2022 года. А імпарт вырас за студзень-жнівень 2023 года аж на 64,8%! 

_czyhunka___pajazdy__ruh__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__2___1__logo.jpg

Пакуль праблемы знешняга гандлю не змянілі звыклага ўкладу жыцця беларусаў, але ў тым і палягае іх спецыфіка — негатыўныя наступствы будуць адчувацца толькі праз некалькі месяцаў пасля іх з'яўлення і пагаршэння, пішуць «Нашы Грошы».

З экспартам і імпартам у нашай краіне цяпер адбываюцца глабальныя трансфармацыі: татальная пераарыентацыя са звыклых заходніх рынкаў на ўсход, выхад на далёкія рынкі адбываецца таксама праз Расію, а гандаль з усходнім суседам сам па сабе ўсё мацней напаўняецца шэрымі схемамі абыходу санкцыйных абмежаванняў. 

Усё гэта стварае дысбалансы, якія ў канчатковым выніку прывялі да росту адмоўнага сальда. Але давайце разбірацца падрабязней.

Крыху тэорыі: асноўную частку знешняга гандлю складае гандаль таварамі, якія дзеляцца на інвестыцыйныя, прамежкавыя і спажывецкія. 

Інвестыцыйныя тавары — гэта абсталяванне, прамежкавыя — сыравіна і матэрыялы, а спажывецкія — усё тое, што мы з вамі бачым на паліцах у крамах. 


impart_ekspart_2023.webp

Асноўны аб'ём тавараў, якія закупляе або прадае па-за межы краіны беларуская эканоміка, прадстаўлены прамежкавымі таварамі (сыравіна і матэрыялы). 

Паводле звестак Белстата, за студзень-жнівень 2023 года аб'ём экспарту тавараў гэтай катэгорыі вырас на 6,3%, а імпарт 6,2%. 

Пры гэтым, купля замежнай сыравіны і рознага роду камплектуючых на 3,0 мільярда долараў пераўзыходзіць беларускі экспарт аналагічных тавараў. Годам раней адмоўнае сальда тут было 2,8 мільярда долараў. 

Рост паставак за мяжу абумоўлены эфектам частковага аднаўлення калійнага і нафтавага экспарту. Рост імпарту ў вартасным выражэнні можа быць шмат у чым звязаны з падаўжэннем ланцужкоў паставак на беларускі рынак і падаражаннем валюты.

Экспарт інвестыцыйных тавараў за восем месяцаў аказаўся на 9,7% вышэй за аналагічны годам раней. Імпарт па гэтай групе тавараў вырас за студзень-жнівень 2023 года да студзеня-жніўня 2022 года на 64,8%! 

Аналагічная сітуацыя па групе спажывецкіх тавараў. Тут экспарт у разгляданы перыяд вырас на 14,7%, у той час як імпарт павялічыўся на 53,9%. 

У абодвух выпадках такая разбежка ў росце экспарту і імпарту звязаная з распаўсюджаннем схем абыходу санкцый у дачыненні да Расіі і пастаўкай праз Беларусь у першую чаргу такога неабходнага ўсходняму суседу абсталявання (інвестыцыйныя тавары) і тавараў для насычэння спажывецкага рынку.

Больш дэталяў можна ўбачыць, калі звярнуцца да памесячнай дынамікі. 

У жніўні два кампаненты экспарту — інвестыцыйны і спажывецкі – скараціліся ў вартасным выражэнні да аналагічнага месяца мінулага года. 

З гэтага вынікае, што беларускі экспарт, відавочна, сутыкнуўся з цяжкасцямі на замежных рынках. 

Пры гэтым імпарт замежных тавараў у Беларусь працягнуў рост, з-за чаго адмоўнае сальда знешняга гандлю з кожным месяцам толькі павялічваецца, а прабелы дысбалансу знешняга гандлю нарастаюць.