Перамовы ІП з урадам: цяжка, але трэба

У мінскім офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі 1 сакавіка эксперты ў чарговы раз абмяркоўвалі праблемы ўзаемаадносінаў прадпрымальнікаў і ўрада.



miting101203_1.jpg

У працы Экспертнага клуба прынялі ўдзел эканаміст, намеснік старшыні АГП Леў Марголін, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, кіраўнік «Цэнтра Мизеса» Яраслаў Раманчук, журналіст НЧ Дзяніс Лаўнікевіч, рэгіянальныя лідэры прадпрымальніцкага руху Ірына Яскевіч (Віцебск) і Анатоль Змітровіч (Светлагорск). Падставай для сустрэчы і галоўнай тэмай абмеркавання стаў адказ Міністэрства эканомікі на прапановы прадпрымальнікаў, якія былі сфармуляваныя яшчэ ў снежні.

 

«17 снежня 2015-га года мы правялі канферэнцыю прадпрымальнікаў, сабраўшы тых, хто разумее, што праблемы ІП сістэмныя, і вырашыць іх без рашэння палітычных пытанняў практычна немагчыма, — распавёў Леў Марголін. — Былі сфармуляваныя 11 патрабаванняў, якія ў выпадку прыняцця іх уладамі маглі вырашыць гэтыя праблемы». І вось днямі аўтары звароту атрымалі з Мінэканомікі адказ на 11 старонках.

 

«Калі раней мы атрымлівалі адпіскі на паўстаронкі, то цяпер на 11-ці. Прыемна, што хтосьці папрацаваў, можа, нават прыйшлося мазгі напружваць, але ў выніку атрымалася ні пра што, — іранізуе Марголін. — Аднак нам хацелася бы зразумець, з чым звязаная такая грунтоўнасць міністэрства».

 

Эксперты прыйшлі да высновы, што зразумець дзеянні таго ж Міністэрства эканомікі — як і ўраду ў цэлым — можна, калі асэнсоўваць, як улада наогул успрымае іпэшнікаў. З пункту гледжання ўлады, ІП — гэта нейкая катэгорыя, якая для Беларусі носіць пераходны характар. Яны з'явіліся, пагандлявалі, нешта зарабілі, і далей павінны былі «расслаіцца»: той, хто зарабіў годныя грошы — ідзе далей, у «вялікі» бізнэс. А хто зарабіць не змог — сыходзіць «на завод». На гэтым усё. Але ў Беларусі ІП, якія гандлююць на рынках, знайшлі сваю нішу, — а дзяржслужбоўцы гэтага не разумеюць. І для чыноўнікаў такія ІП застаюцца «нецывілізаванай формай эканамічнай дзейнасці».

 

Дагэтуль адкрытае пытанне: ці ёсць наогул сэнс у перамовах дробных прадпрымальнікаў з урадам? Бо ўстаноўку «ліквідаваць ІП як клас» даў асабіста Аляксандр Лукашэнка. І у такой сітуацыі службоўцы ніжэйшага ўзроўню рэальна зрабіць нічога не могуць — нават калі б яны і хацелі дапамагчы. Але Ірына Яскевіч і Анатоль Змітровіч заявілі што дыялог усё ж мае сэнс. Хоць, верагодна, вельмі хутка самі ў гэтым расчараваліся.

 

hvatit_koshmarit_biznes.jpg

 

Справа ў тым, што дыскусія, распачатая ў офісе АГП, нечакана атрымала развіццё ў той жа дзень, на чарговым (ужо пятым) пасяджэнні працоўнай групы ўрада і грамадскіх аб'яднанняў іпэшікаў па вырашэнню спрэчных пытанняў, якія ўзніклі ў сувязі з Указам №222.

 

Там на самым канцы абмеркавання намеснік міністра па падатках і зборах Міхаіл Расолька заявіў, што ніякай «амністыі», на якой настойвалі прадстаўнікі ІП, заканадаўства не прадугледжвае. Гэтым ён паклаў канец абмеркаванню: усе ранейшыя напрацоўкі, якія былі накіраваныя на пошук кампраміснага рашэння, усе магчымасці дамовіцца апынуліся перакрэсленымі.

 

Сутнасць «амаль дасягнутых» дамоваў была ў тым, што дзяржава абвесціць адміністрацыйную амністыю для тых ІП, якія гандлююць таварам, які быў закуплены з 1 ліпеня 2014 года па люты 2016-га і за які быў выплачаны ўвазны ПДВ. Таксама прапаноўвалася спыніць ужо распачатыя адміністрацыйныя справы супраць прадпрымальнікаў і спрасціць схему працы для гандляроў, якія ўвозяць дробныя партыі тавара. Канешне, прадстаўнікі Мінэканомікі перыядычна выступалі супраць, бо, на іх думку, «пад выглядам «амніставанага» тавара прадпрымальнікі могуць увозіць кантрафакт». Але ж надзея дамовіцца з дзяржавай здавалася вельмі рэальнай…

 

«Усю нашу прадуктыўную да гэтага працу разбурыла падатковая інспекцыя, — распавяла Ірына Яскевіч. — Мне нават здалося, што намміністра эканомікі Касцевіч і намміністра гандлю Наркевіч былі ў некаторай разгубленасці ад той непрымірымай пазіцыі, якую заняла падатковая інспекцыя. Мы разумеем, адкуль раптам паўстала такое рашэнне падатковай. Яны баяцца, што паляцяць галовы. Справа ў тым, што людзі, якія завозілі тавар, рабілі гэта па рэкамендацыі падатковай, якія тая давала ў 2014 годзе. Тавар завезлі, а з кастрычніка 2015-га падатковая інспекцыя змяніла патрабаванні да суправаджальных дакументаў, паставіўшы пад пагрозу канфіскацыі тавару тых прадпрымальнікаў, якія выканалі іх рэкамендацыі».

 

Зрэшты, мяркуючы па словах Ірыны Яскевіч, прадпрымальнікі ўсё яшчэ не гатовыя здацца. «Мы будзем змагацца за свае правы. У гомельскіх прадпрымальнікаў ужо ёсць атрад самаабароны. Мы ўсе аргументы вычарпалі. Хуткім часам правядзем свае зборы на месцах і будзем выпрацоўваць адзіную пазіцыю. Паўтары гады, якія сышлі на спробы адаптацыі ўказу 222, кажуць самі за сябе — ён непрацоўны», — заявіла яна.