Актывісты атрымалі першыя пратаколы за мітынг ІП 22 лютага

Копію пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні атрымаў па пошце актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў.



20160222_1240031.jpg

Пратакол складзены завочна за ўдзел актывіста ў мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Менску 22 лютага (ч.3 арт.23.34 КаАП РБ — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

22 лютага індывідуальныя прадпрымальнікі правялі  мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў знак нязгоды з Указам Прэзідэнта № 222. Гэты указ, па сутнасці, пакідае іх без працы, уводзячы абавязковую наяўнасць сертыфікатаў і дакументаў аб якасці тавараў лёгкай прамысловасці, увезеных у Беларусь з-за мяжы.

Тады ж, як паведаміў праваабаронцам “Вясны” Леанід Кулакоў, на плошчы з’явілася некалькі супрацоўнікаў міліцыі з тэчкамі, якія актыўна запісвалі дадзеныя ўдзельнікаў. Кулакоў паспеў заўважыць, што ў паперах у супрацоўніка міліцыі, які перапісваў пашпартныя дадзеныя актывіста, было запісана 6-7 прозвішчаў. Не выключана, што і іншыя міліцыянты перапісвалі ўдзельнікаў мітынгу.

Дата суду над актывістам пакуль невядомая.

Нагадаем 25 лютага позву для складання пратаколу атрымаў па месцы жыхарства ў Маладзечна  грамадскі актывіст Павал Сяргей. Яго выклікалі  ў Цэнтральны РУУС Мінска для разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні  па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Верагодна, выклік звязаны з удзелам актывіста ў мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 22 лютага. Актывіст адмовіўся ісці ў РУУС.

spring96.org