«Мільярд долараў у гэтым годзе могуць вынесці» — што будзе з укладамі ў 2021-м

Яраслаў Раманчук распавёў, як чарада негатыўных навін уплывае на настроі беларускіх укладчыкаў і ці не прывядзе яна да новага набегу на банкі.

Фота: Myfin.by

Фота: Myfin.by

На фоне негатыўных навін вылучылася паведамленне, што падскочыў ВУП. Як гэты і іншыя фактары (падвышэнне падаткаў, рост цэн, рэзкае скарачэнне колькасці работнікаў, рост страт прамысловых дзяржпрадпрыемстваў, серыя гучных крымінальных спраў, пераслед журналістаў) уплываюць на настроі беларусаў у галіне вынасу рублёвых і валютных укладаў, пераводу рублёў у долары?

Гэтыя пытанні Myfin.by задала кіраўніку навукова-даследчага цэнтра Мізэса, выканаўчаму дырэктару аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Яраславу Раманчуку.

На праяданне

— Я думаю, што ў 2021 годзе вынас грошай з банкаў працягнецца. Не толькі таму, што давер да іх з кожным месяцам падае, але і таму, што бягучых даходаў большасці беларусаў не будзе хапаць для таго, каб падтрымліваць звыклыя мадэлі спажывання.

Уладзе будзе немагчыма будзе забяспечыць такі ж рост зарплаты — не толькі рэальнай, але нават і намінальнай, — даходаў, якія амаль на 5% выраслі, нягледзячы на тое, што прадукцыйнасць працы падае! Нават у студзені ішло падзенне прадукцыйнасці — на фоне росту валавых паказчыкаў.

Мы бачым, што прамысловасць вырасла на 8%, а прадукцыйнасць працы ўпала. Узнікае пытанне: за кошт якіх рэсурсаў гэтае свята?!

Мяне асабліва ўразіла лічба, якая ўпершыню за доўгі час стала даступная ў статыстыцы Белстата: «страты/прыбытак ад фінансава-інвестыцыйнай дзейнасці прадпрыемстваў». Дык вось: пасля 220 мільёнаў страт па выніках 2019-га, у 2020-м яны склалі амаль 8,9 мільярда рублёў — рост у 40 разоў!

— Акрамя негатыўных тэндэнцый, якія эканамісты выразна бачаць у дзяржсектары і дзяржбанках, безумоўна выклікае вельмі моцную трывогу адток прадпрымальніцкага і чалавечага капіталу.

— Ён узмацняецца. Статыстыка суседніх краін — Латвіі, Літвы, Украіны, Польшчы — паказвае, што дзясяткі тысяч беларусаў ужо выбралі іншыя краіны для працы і самарэалізацыі, а калі будуць прынятыя пастановы, якія агучыў КДК, — стане, несумненна, яшчэ горш.

Гэта нанясе яшчэ адзін магутны ўдар па эканоміцы — падштурхне да ад'езду перш за ўсё тых, хто стварае дабаўленую вартасць, дзякуючы каму і развіваецца краіна.

Мільярд сёлета могуць вынесці

— Да якога ўзроўню можа ўпасці аб'ём валютных укладаў?

— Людзі не давяраюць ні сістэме, ні банкам, ні ўраду, таму вынас грошай з банкаў, натуральна, паскорыцца. Але паколькі беларусы — людзі марудныя, скажам так, маюць звычку чакаць тэрміну вяртання ўкладаў і толькі потым забіраць іх, — то працэс будзе расцягнуты ў часе. Тыя, хто хацелі забраць грошы, ужо гэта зрабілі: было 7,5 мільярда долараў — стала 5,8.

Нейкая частка насельніцтва чакае заканчэння тэрміну безадзыўных дэпазітаў, а многія перавялі рублі ў валюту падчас скачка курсу ў сакавіку-красавіку, і думаю, што вялікая частка з іх забярэ грошы.

Я не бачу сцэнараў, пры якіх рублёвыя і валютныя дэпазіты павялічваліся б.

Калі беларус не верыць нікому — ні ўладзе, ні банкам, калі ў краіне прававы дэфолт, да таго ж, няма прадказальнасці з даходамі, яму хочацца трымаць заначку пры сабе.

Я думаю, што да канца года мы можам назіраць сітуацыю, калі аб'ём валютных укладаў упадзе ніжэй за 5 мільярдаў долараў.

Гэта значыць, мільярд у гэтым годзе могуць вынесці. Прычым прычынай вынасу ўкладаў будзе не толькі недавер да банкаўскай сістэмы, але і падзенне даходаў і жаданне пераехаць з краіны назаўжды.

Паводле Антона Зарудніцкага, Myfin.by