Германія і Францыя адмаўляюцца перакрываць канал паставак люксавых аўтамабіляў у Расію праз Беларусь
«Увага ЕС павінна быць засяроджана на санкцыйных таварах, якія Масква выкарыстоўвае ў ваенных мэтах».
Парыж і Берлін падтрымліваюць абмежаванні супраць Расіі і лічаць, што трэба прымяняць жорсткія меры супраць тых, хто дапамагае РФ абыходзіць санкцыі, аднак увага ЕС павінна быць засяроджана на санкцыйных таварах, якія Масква выкарыстоўвае ў ваенных мэтах, сцвярджаюць крыніцы выдання Politico.
Пасля ўвядзення супраць Расіі санкцый з-за ўварвання ва Украіну Мінск дапамог Маскве арганізаваць забеспячэнне санкцыйнай прадукцыяй. Так, аўтамабілі і запчасткі да іх сталі для Беларусі галоўным артыкулам імпарту ў гандлі з ЕС: месячныя закупкі выраслі з 50 млн долараў у студзені 2022 года да 268 млн долараў у студзені 2024-га. Краіна пачала выконваць функцыі перавалачнага пункта перш за ўсё для машын класа люкс — менавіта іх сегмент прадэманстраваў найбольшы рост, піша The Moscow Times.
Літоўская мытня яшчэ больш узмацніла жорсткасць умоваў, пры якіх набыты ў ЕС аўтамабіль можна вывезці ў Беларусь: з 4 чэрвеня гэта можа зрабіць толькі ўладальнік набытай машыны, нагадвае «Люстэрка».
Што кажуць перагоншчыкі
Цяпер для паспяховага вывазу аўто з ЕС мытнікі патрабуюць паказаць яшчэ і дэкларацыю ад вытворцы.
Суразмоўца «Нашай Нівы »з ліку перагоншчыкаў лічыць, што выканаць гэты пункт будзе амаль немагчыма.
«З ночы (з 4 на 5 чэрвеня — заўв. рэд.) машыны, маладзейшыя за 5 гадоў, не выпускаюць, нават калі ў іх ужо былі аформленыя экспартныя. Таксама мытня ў Літве ад сёння не адкрывае EX (экспартныя дэкларацыі) на любыя аўтамабілі, маладзейшыя за 5 гадоў. Гэта фактычна поўная забарона на імпарт такіх аўто ў Беларусь», — лічыць мужчына.
Па інфармацыі суразмоўцы, тое самае адбываецца і ў Польшчы. Польская мытня афармляе экспартныя дэкларацыі толькі на машыны, старэйшыя за 5 гадоў.
Перагоншчык мяркуе, што атрымаць дэкларацыю ад вытворцы змогуць толькі афіцыйныя дылеры, якія легальна пастаўляюць новыя машыны ў Беларусь.
Сярод іншых патрабаванняў, якія, на думку суразмоўцы, складана выканаць — прадстаўленне выпіскі з рахунку транспартнай кампаніі з пацвярджэннем атрымання аплаты за дастаўку аўто.
«Звычайна за дастаўку разлічваюцца па факце прыезду машыны ў Беларусь. Часцей за ўсё наяўнымі. Зрэдку пераводам, але ніхто не плаціць за транспарціроўку наперад», — адзначае перагоншчык.
Суразмоўца кажа, што, напрыклад, літоўскія перавозчыкі не змогуць выканаць і гэты пункт, бо банкі Літвы даўно не прымаюць плацяжы з Беларусі. Але гэты пункт можна выканаць, калі замовіць дастаўку ў польскай або, напрыклад, казахстанскай кампаніі.
Галоўнай перашкодай на шляху патрыманых аўто ва ўзросце да 5 гадоў перавозчык называе менавіта патрабаванне мець дэкларацыю ад вытворцы.
«Санкцыі не забараняюць прадаваць у Расію машыны з аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра і коштам да 50 тысяч еўра. Але гэты закон больш жорсткі, бо не падзяляе машыны па кошце і аб'ёме рухавіка. То-бок ён больш строгі, чым самі санкцыі, бо пашыраны пакет дакументаў цяпер патрабуюць і на тыя машыны, што не знаходзяцца пад агульнымі санкцыямі ЕС», — тлумачыць перагоншчык.
У інфармацыі на сайце літоўскай мытні гаворыцца пра тое, што дакумент прынялі адразу пяць краін ЕС. Іх не пералічваюць, але найбольш верагодна, што да пагаднення далучыліся Польшча, Літва, Латвія, Эстонія і Фінляндыя. Кожная з гэтых краін мае супольную мяжу з Беларуссю і/або Расіяй. Дакумент падпісалі 9 мая, але апублікавалі толькі 3 чэрвеня, то-бок менш чым за суткі да таго, як ён набыў моц.