Адкуль узяліся лішнія грошы і прычым тут дэфіцыт на валютным рынку?

Калі ў Беларусі з'яўляецца шмат лішніх грашовых знакаў, то, рана ці позна, яны заканчваюць свой шлях на валютным рынку. Грошай становіцца больш, попыт на імпарт расце.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Шчаслівыя ўладальнікі беларускіх рублёў радасна спяшаюцца іх абмяняць на крыху больш канверсоўную валюту, піша «Беларусы і рынак».

У траўні прадпрыемствы паставілі рэкорд гэтага года ў куплі валюты.

Стымуляванне ўнутранага попыту дарма не праходзіць. Таму што стымулюецца не толькі ўнутраны попыт, але і апетыты да куплі імпартных тавараў.

Абарот валютнага рынку ў траўні стаў рэкордным з пачатку года і склаў 9 млрд долараў. Пры гэтым за месяц попыт перавысіў прапанову на 204 млн.

Дэфіцыт забяспечылі беларускія банкі і прадпрыемствы. Банкі купілі валюты на 115 млн долараў больш, чым прадалі, а прадпрыемствы — на 383 млн.

Продаж валюты насельніцтвам і нерэзідэнтамі трохі змякчыла сітуацыю, але цалкам яе выправіць не змагла. З-за рэкордных пакупак валюты баланс на валютным рынку апынуўся адмоўным і па выніках пяці месяцаў і склаў амаль 150 млн долараў. Хоць па выніках чатырох месяцаў продаж валюты перавышала куплю.

Змена плюсу на мінус, падобна, з'яўляецца вынікам новай эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў. Дакладней, палітыка ж старая. У такой эканамічнай палітыцы быў заўважаны яшчэ герой Беларусі Пётр Пятровіч Пракаповіч. Галоўнае, каб эканоміка была таннейшай, і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Але ў такіх маштабах, як гэта адбываецца апошнія пару месяцаў, беларускія ўлады гэтага даўно ўжо не рабілі.

У апошні час знешнія рынкі рэгулярна расчароўваюць нашых чыноўнікаў. Экспарт расце не туды і не так, як хацелася б. А бывае, што наогул не расце, а зусім наадварот. А ВУП вырасціць трэба. Нікуды не падзенешся.

Таму чыноўнікі зрабілі стаўку на стымуляванне ўнутранага попыту. Унутраны попыт стаў лакаматывам, які цягне за сабой увесь эканамічны рост. Прычым унутраны попыт расце не за кошт інвестыцый і развіцця прадпрыемстваў, а ў асноўным за кошт спажывецкага рынку.

«Рост эканомікі падтрымліваецца высокім узроўнем унутранага попыту, у першую чаргу спажывецкага», — гаворыцца ў справаздачы экспертаў Еўразійскага банка.

За чатыры месяцы рознічны тавараабарот вырас на 11%. Яно і не дзіўна, улічваючы, што тэмпы росту заробкаў у краіне даўно абганяюць тэмпы эканамічнага росту.

А яшчэ ўлады заліваюць эканоміку таннымі крэдытамі. Прычым банкі крэдытуюць і попыт, і вытворчасць. За красавік аб'ём крэдытаў, выдадзеных кампаніям, павялічыўся ў паўтара раза.

«Паскарэнне росту крэдытавання фармуе ўмовы для далейшага росту ўнутранага попыту і павышэння праінфляцыйнага ціску», — гаворыцца ў справаздачы Еўразійскага банка.

Улады заліваюць эканоміку грашыма, каб заводы больш выраблялі, а пакупнікі — больш куплялі беларускіх тавараў. Але ў пакупнікоў ёсць свае жыццёвыя прыярытэты. Беларускі рынак так уладкаваны, што, калі на ім з'яўляецца шмат грошай, расце апетыт не проста да пакупак. Расце апетыт да пакупак імпартных тавараў.

У выніку тэмпы росту імпарту моцна абганяюць тэмпы росту беларускага экспарту. Толькі за красавік дэфіцыт знешняга гандлю таварамі вырас на 350 млн. за чатыры месяцы ён склаў 1,27 млрд.

Грошай становіцца больш, попыт на імпарт расце. Адпаведна, каб забяспечыць гэты попыт і ўвозіць у краіну больш імпартных тавараў беларускія прадпрыемствы купляюць больш валюты. У выніку прафіцыт на валютным рынку змяняецца дэфіцытам.

Праблема ў тым, што кампенсаваць гэты валютны дэфіцыт няма чым. Пазычаць грошы нам даўно ніхто не давярае, а якасць інвестыцый, якія прыходзяць у краіну, не падабаецца нават самім чыноўнікам.