Чубрык: Калі паўстане пагроза суверэнітэту, настроі ў бізнесасяроддзі могуць змяніцца
Цяжка планаваць інвестыцыі, праекты, калі краіна можа страціць незалежнасць. Аднак, хутчэй за ўсё, хутка стане зразумела, што аб’яднання краін не будзе, і бізнес прыме рашэнне, што ў Беларусі можна працаваць і далей.
Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам газеты «Беларусы і рынак» выказаў дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
— За апошні месяц палітычная сітуацыя сур’ёзна змянілася. Расійскія ўлады не толькі не згодныя пакрыць Беларусі страты ад «падатковага манеўру», але і, па сутнасці, арганізавалі блакаду беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Ёсць інфармацыя аб тым, што яны настойваюць і на істотным павышэнні цаны на газ. Адкарэктаваў Ці ІПМ прагноз беларускай эканомікі на 2020 год?
— Год толькі пачаўся, хоць пачаўся ён складана. Беларусь і Расія і раней перажывалі ў сваіх двухбаковых адносінах не менш цяжкія перыяды, напрыклад у 2003, 2004 гадах. І цяпер сітуацыя няпростая, вельмі складаны парадак дня, кіраўнікі і ўрады Расіі і Беларусі спрабуюць адначасова ўзгадніць шмат пытанняў. Акрамя «падатковага манеўру», гэта пытанні па кошце газу і нафты, аб’ёмах паставак, кампенсацыі за «брудную нафту», пакет інтэграцыйных дакументаў. Сёння задача ўрада — падзяліць гэтыя праблемы. З аднаго боку — усё, што тычыцца прыняцця так званых дарожных карт, з другога — усё, што тычыцца энергетычнай сферы. Думаю, так ці інакш, сітуацыю ўдасца разруліць.
У нашым апошнім прагнозе развіцця беларускай эканомікі мы пазначылі прырост ВУП на 1%. У ім прадугледжвалася скарачэнне экспарту нафтапрадуктаў у 2020 годзе, і пакуль я не бачу падстаў для яго перагляду. Можна, вядома, пайсці па жорсткім сцэнары 2010 года, калі імпарт нафты з Расіі істотна скараціўся, і ўсё гэта працягвалася год ці больш. Калі зыходзіць з аб’ёмаў нафты, якія Беларусь імпартавала ў 2010 годзе, то нас сапраўды чакае спад ВУП. Але калі бакі на працягу месяца дамовяцца, то мы можам выйсці на тыя ж аб’ёмы экспарту нафтапрадуктаў, што і ў мінулым годзе.
— Было б нядрэнна, калі б справа скончылася толькі энергетычным шантажом. А што калі ў адказ на непадпісанне дарожных карт пачнуцца праблемы з пастаўкамі на расійскі рынак прадукцыі беларускай прамысловасці і сельскай гаспадаркі?
— Я ўпэўнены: калі гэтыя дарожныя карты будуць прадугледжваць мінімальную страту суверэнітэту Беларусі, падпісаныя яны не будуць. Але не варта казаць, што пагаршэнне становішча беларускіх тавараў на расійскім рынку абумоўлена тым, што мы не падпісваем гэтыя дакументы. Рызыка таго, што Расія пачне ціск у выпадку непадпісання дарожных карт, ёсць, але я б глядзеў на гэта ў доўгатэрміновай перспектыве. Нашы перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі ўжо даўно рыхтуюцца да цяжкіх часоў для свайго расійскага экспарту. Пасля таго як Расія ўвяла контрсанкцыі супраць Захаду і істотна інвеставала ў сельскую гаспадарку, яна мае ўсе магчымасці паступова выцясняць беларускія тавары са свайго рынку. У выніку пачнуцца «цэнавыя войны» і нашым вытворцам давядзецца знізіць цэны на прадукты харчавання.
Відавочна, нас чакаюць складаныя часы. Добрая навіна ў тым, што ўсе асноўныя беларускія перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі сертыфікаваны для экспарту ў Кітай. Вядома, транспартныя выдаткі высокія, але калі гэта будзе ісці ў развіццё праекта «Адзін пояс — адзін шлях», то цалкам магчыма, што такі варыянт можа стаць добрай альтэрнатывай расійскаму рынку. Для нашай эканомікі няма іншага выйсця, як толькі пачынаць працу на альтэрнатыўных рынках. Гэта цяжка, гэта праблемна, гэта прадугледжвае інвестыцыі і з боку бізнесу, і з боку дзяржавы. Кампаніі прывыклі працаваць на адным рынку, і я іх не асуджаю, таму што для выхаду на новы рынак, трэба шмат інвеставаць. Для чаго губляць грошы? Але прыйшоў час для такіх інвестыцый. У доўгатэрміновым перыядзе нашы вытворцы будуць губляць расійскі рынак толькі па прычыне існых ўнутры Расіі працэсаў.
— Ці магчыма, што перажытыя эканомікай цяжкасці ў гэтым годзе падштурхнуць урад да рэструктурызацыі стратных прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара?
— Спадзяюся на гэта. Эфектыўнасць нашых дзяржаўных прадпрыемстваў значна ніжэй, чым прыватных. Калі мы хочам выхаду іх на новыя рынкі, то яны павінны значна павысіць сваю эфектыўнасць. Але гэта немагчыма без структурных рэформаў. Няма сярэдняга дзяржаўнага прадпрыемства, ураду трэба будзе праца над кожным канкрэтным кейсам. Зараз гэта актуальна як ніколі.
— Падчас апошніх выбараў я наведала раён пасёлка Трактарнага завода і зразумела, што праца на нерэфармаваным, можна сказаць, сацыялістычным прадпрыемстве фармуе і погляды тамтэйшых працоўных. Завод прадукуе не толькі тэхніку учорашняга дня, але і адпаведны менталітэт работнікаў. Мала хто з тых, хто галасаваў мог сказаць пару слоў пра кандыдата ў дэпутаты, затое я пачула фразу: «Выбары для нас заўсёды свята, таму і ідзем галасаваць». Самадзейнасць, буфет. Нейкае адчуванне вяртання назад у СССР. Рэфармаванне такіх монстраў прывядзе і да з’яўлення больш адказнай грамадзянскай супольнасці?
— Наогул я — за разнастайнасць у грамадстве. Ідучы галасаваць, людзі праяўляюць грамадзянскую пазіцыю.
— А можа, гэта адстой, а не разнастайнасць?
— Ва ўлады ёсць электаральная база, якая складаецца з людзей, якім яна фактычна дае працу. З аднаго боку, гэта добра, але ў доўгатэрміновай перспектыве якая гарантыя, што гэта прадпрыемства будзе даваць працу і забяспечваць годны ўзровень жыцця такой вялікай колькасці людзей? Верагоднасць невялікая. Калі дзяржава заклапочана тым, як даць працу і нармальны заробак людзям, яна ў першую чаргу мае думаць менавіта пра рэформы. Вялікі пласт праблем гэтых прадпрыемстваў патрабуе вырашэння. Апошнія 10-15 гадоў мы гаворым пра гэта, але цяпер, я лічу, менталітэт людзей, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах, змяніўся. Трыццаці-саракагадовыя задумваюцца, дзе яны будуць жыць і працаваць далей. Ёсць краіны Захаду, ёсць Расія, ёсць Украіна, яны змяшчаюць сябе ў гэты гістарычны і геаграфічны кантэкст, і ў ім дзяржаўнае прадпрыемства не можа быць гарантам нармальнага стабільнага заробку. Людзі разумеюць неабходнасць пераменаў, якія дадуць ім шанец.
Мы праводзілі даследаванне стану сацыяльнай абароны ў Беларусі. Падчас працы ў фокус-групах выявілася: калі ў сям’і двое дзяцей, то, як правіла, хтосьці з бацькоў з’ехаў на заробкі — часцей за ўсё ў Польшчу ці Расею. Людзі ўсё часцей аддаюць перавагу заробку за мяжой. Гэта азначае, што яны не бачаць магчымасці зарабіць на патрэбы сям’і тут і пакідаюць сям’і. Але ў доўгатэрміновай перспектыве так не можа працягвацца.
— Не можа. У Польшчы дзяржава робіць усё, каб туды прыязджалі гастарбайтэры і перавозілі свае сем’і, дзяцей. З часам яны пусцяць там карані і стануць законапаслухмянымі грамадзянамі, падаткаплацельшчыкамі.
— Раней разрыў у заробках паміж Беларуссю і Польшчай, Расіяй быў не такі вялікі, а цяпер ён стаў значным. Гэтага дастаткова для таго, каб людзі пачалі мяняць, напрыклад, свае прыярытэты ў галіне адукацыі. Школьнікі з заходніх абласцей Беларусі масава вучаць польскую мову і з’язджаюць вучыцца ў Польшчу. Пройдзе крыху часу — да іх падцягнуцца і вучні з усходніх абласцей. Расійскі кірунак не такі папулярны. Туды едуць людзі нізкай кваліфікацыі, а беларусы з высокай кваліфікацыяй імкнуцца на Захад.
У гэтым і выклік, і магчымасці. Калі, праводзячы рэформы, урад скажа людзям: мы робім гэта і гэта, вы бераце на сябе больш адказнасці, але ў перспектыве зможаце зарабляць, як на Захадзе, людзі будуць яму садзейнічаць. Беларусы пазіцыянуюць сябе ў сваёй дзяржаве, яны адчуваюць каштоўнасць сваёй краіны, і цяпер як ніколі лозунг змяняць краіну разам можа быць падтрыманы ў грамадстве, і ў дзяржаўным, і ў прыватным сектары.
— Якія цяпер настроі ў прыватным сектары?
— Сітуацыя змяняецца даволі хутка. Настрой складаецца не толькі з таго, колькі ты зарабляеш, а з агульнага фону, з адчуванні. Як паказваюць апошнія даследаванні, настрой прыватнага бізнесу даволі аптымістычны. Станоўчыя настроі ў бізнес-асяроддзі дасягнулі гістарычнага максімуму — больш за 40% кампаній разлічваюць на пашырэнне бізнесу. Магчыма, гэтаму спрыяла змякчэнне крымінальнай адказнасці за эканамічныя правапарушэнні, магчыма, прыватныя кампаніі пачалі выхад на новыя рынкі. Але настроі могуць змяніцца, калі ўзнікне пагроза суверэнітэту Беларусі. Нельга планаваць інвестыцыі, праекты, калі краіна можа страціць незалежнасць. Але, думаю, аб’яднання краін не будзе, і бізнес прыме рашэнне, што можна працаваць і далей. Калі ніякіх разваротаў у эканамічнай палітыцы не адбудзецца, то ў самай бліжэйшай перспектыве прыватны сектар зможа стаць драйверам эканамічнага росту.