Беларускія стартаперы распрацоўваюць праграму дыягностыкі вока па фота
Магчыма, у недалёкай будучыні нават звычайны мабільны тэлефон зможа зрабіць экспрэс-дыягностыку для свайго ўладальніка. Прынамсі, так мяркуе стваральнік беларускага стартапа Deepdee Яраслаў Ліхачэўскі. Інтерв'ю са стартаперам прадставіла Радыё Свабода
Адзіны орган, у якім выразна відаць усе судзіны, — гэта вока, і па ім можна вызначыць шэраг хваробаў. Звычайна гэтым займаюцца спецыялісты з вельмі вузкай кваліфікацыяй.
«Здолеў чалавек — здолее і машына», — лічыць 31-гадовы мінчук Яраслаў Ліхачэўскі, кіраўнік стартапа Deepdee з штаб-кватэрай у Нідэрландах. Ён з калегамі распрацоўвае сістэму для дыягностыкі вочнага дна па здымках.
Сёння сістэма найлепш пазнае тры хваробы: узроставую макулядыстрафію, дыябэтычную рэтынапатыю ды глаўкому. У планах — сардэчна-судзінныя і неўралагічныя захворванні. Паводле распрацоўшчыкаў, іх алгарытм адрознівае здаровае вока ад хворага з верагоднасцю 95% і правільна ставіць дыягназ у 60–96% выпадкаў у залежнасці ад захворвання. Як кажа Яраслаў, магчымасці касмічныя.
Увосень 2017 году яны з камандай выйгралі ў беларускім хакатоне Social Weekend, потым трапілі ў нідэрландскі акселератар для стартапаў Rockstart, а цяпер маюць офіс у горадзе Нэймэгэн ды рыхтуюцца да рэгістрацыі свайго прадукту.
Цікавасць да матэматыкі са школы
Яраслаў — тэхнічны спецыяліст з тых, чый шлях быў зразумелы яшчэ ў школе: з сястрой яны пароўну падзялілі здольнасці да дакладных навук і творчасці.
«Я ніколі не ўмеў граць музыку ці танцаваць, але навучаўся ў матэматычнай гімназіі (цяпер 11-я гімназія Мінску) і ўдзельнічаў у алімпіядах. У школе мне дапамагла цікавасць да кампутарных гульняў: калі іх трэба было «хакнуць», даводзілася разбірацца ў кодзе. Потым маёй галоўнай цацкай зрабіўся кампутар», — кажа ён.
Матэматыка і алімпіяды прывялі Яраслава ў ліцэй БДУ, а потым — на факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Зрэшты, суразмоўца яго не скончыў, а працоўны шлях пачаў грузчыкам у прамзоне Шабаны. На другім курсе ўніверсітэту ён займаўся стварэннем рэсурсу finance.tut.by пад кіраўніцтвам аднакласніка, а потым з сяброўкай заняўся ўласным праектам Shukaj.by, які называе ўлюбёным.
«Мы прыдумалі сервіс, які будзе ператвараць экскурсіі ў квэст-гульні. Падчас першай гульні 14 лютага 2015 году мы расказвалі пра рамантычныя легенды і паданні Мінску — і за дзень згуляла больш як 600 чалавек. Цэлае масавае мерапрыемства...» — прыгадвае суразмоўца.
Аўтары праекту таксама стварылі платформу, куды прыходзілі аўтары квэстаў, і зладзілі адмысловую школу па гэтай тэме для студэнтаў. Потым вырашылі прадаваць прадукт бізнэсу, і пачалі з квэстаў у Міры ды Нясвіжы. Квэсты адбываюцца і цяпер, але ўжо дзякуючы іншым людзям.
Чаму не працягнулі гэтую працу? Не хапіла ведаў, каб маштабаваць прадукт і вывесці на заходні рынак, кажа Яраслаў.
Хакатон даў давер з боку лекараў
Гісторыя стартапа Deepdee (ад англійскага deep diagnostics — глыбокая дыягностыка) пачалася з ідэі пра перакладчык мовы жэстаў. На хакатоне па штучным інтэлекце ў снежні 2016 году праект перакладу праваліўся. Тады ж каманда пераключылася на новую ідэю, паралельна маючы іншую працу.
Праз 9 месяцаў яны прыйшлі на хакатон Social Weekend, але выключна каб сустрэцца з ментарам Юрыем Мельнічакам (заснавальнік Maps.Me і AIMatter — апошні праект быў куплены кампаніяй Google).
«Ён заняты чалавек, з якім складана сустрэцца проста так. На хакатон ён змог прыехаць толькі ў ноч з суботы на нядзелю, калі мы ўжо збіраліся дадому», — кажа Яраслаў. Хакатон прынёс шмат, але найперш — давер да праекту з боку лекараў.
Потым стартап трапіў у акселератар Rockstart, які разам з іншай дапамогай забяспечыў кантакты з клінікамі ў Нідэрландах ды Бельгіі. Гэта вельмі істотна, тлумачыць Яраслаў Ліхачэўскі, бо мэдычная галіна вельмі зарэгуляваная, а мэдычныя стартапы толькі пачынаюць з'яўляцца.
250 тысяч вачэй і пяць супрацоўнікаў
Сёння ў базе стартапа сотні тысяч здымкаў вочнага дна, якія сістэма мае навучыцца аналізаваць.
«На адных каты, на іншых сабакі, на некаторых увогуле невядома што, — тлумачыць Яраслаў. — Эксперты пазначаюць здымкі, каб неўрасетка навучылася іх адрозніваць. Розныя жывёлы — гэта нашыя захворванні».
Ядро каманды складаецца з 5 чалавек у Беларусі і Еўропе: два дактары, адзін бізнэс-спецыяліст, два тэхнічныя спецыялісты, у тым ліку Яраслаў. Неўзабаве каманда пашырыцца: прыцягнуць больш тэхнічных спецыялістаў і дактароў. Да таго ж кампанія рэгіструецца і ў Беларусі.
«Ёсць байка сярод стартапераў: кажуць, што беларускі рынак ідэальны. Яго настолькі няма, што адразу пачынаеш думаць пра глабальны. Венчурныя інвестары пачынаюць укладацца ў праект, калі аб’ём твайго мэтавага рынку больш за 500 мільёнаў еўра. ЗША, Індыя, Кітай і Еўразвяз — трэба быць там, каб прадаваць там», — лічыць Яраслаў Ліхачэўскі.
Калі не выключацца з камунікацыі, то выгарыш
Цяпер прадукт стартапу Deepdee на стадыі прататыпу. Колькі трэба працаваць для гэтага на дзень? Увесь час, калі каротка пераказаць Яраслава.
«Калі захапляе тое, што робіш, то нават у вольны час чытаеш карыснае для працы, шукаеш, што табе патрэбна. Складана палічыць, колькі я працую. Але час ад часу намагаюся выключыцца з камунікацыі цалкам. Напрыклад, на выходных я паехаў у Друю і двое сутак нікому не адказваў. Старэйшыя калегі кажуць, што калі гэтага не рабіць, то рана ці позна выгарыш», — кажа стартапер.
Першымі інвестуюць сябры, сям’я і дабрадзеі
Дзе шукаць інвестыцыі? Яраслаў пераказвае парады калегаў: прадумаць стратэгію стартапа, а потым прыйсці да інвестара і расказаць, як ты прапануеш зрабіць з аднаго даляра два.
«Калі казаць пра этапы, то першы называецца Friends.Fools.Family — «Сябры, дурні і сям’я». У Беларусі таксама кажуць, што калі праграміст не здолеў зарабіць уласныя 10 тысяч даляраў на першапачатковыя інвестыцыі, то з ім можна нават не размаўляць. Гэтыя грошы ты выкарыстоўваеш, каб пабудаваць прататып і паказаць, што ты ўяўляеш, каму і як гэта прадаваць», — кажа Яраслаў.
Наступныя інвестыцыі на ранніх стадыях — «анёльскія», з акселератараў ці фондаў. У Беларусі нядаўна стварылі асацыяцыю бізнэс-анёлаў. Плюс у Мінску ёсць тры стартап-хабы, якія дапамагаюць камандам-пачаткоўцам ведамі і кантактамі.
Далей можна звяртацца да інвестыцыйных фондаў, кажа Яраслаў. Але, заўважае ён, гэта «самыя дарагія грошы, танней узяць крэдыт у банку».
Толькі адна кампанія выпусціла падобны прадукт
Працоўны прататып сістэмы Deepdee з'явіўся напрыканцы мінулага году, і дагэтуль кампанія яго ўдасканальвае.
«У медыцыне ўсе складаней, чым у звычайным праграмаванні. Каб ператварыць прататып у прадукт, ты мусіш атрымаць сертыфікат у той краіне, дзе збіраешся яго выкарыстоўваць. Гэты шлях пралягае праз клінікі і мноства дактароў», — тлумачыць кіраўнік стартапа.
Найперш кампанія арыентуецца на рынак краінаў Бенілюксу (Нідэрланды, Бельгія і Люксембург), але думае таксама пра Еўразвяз, Індыю і ЗША. Канкурэнтаў няшмат, і ўсе яны карыстаюцца адной і той жа архітэктурай — платформай Google і яе неўрасеткамі, наладжваючы іх пад свае задачы.
«Сфера прымянення штучнага інтэлекту настолькі шырокая, што няшмат людзей дабралася да афтальмалогіі. Мы адны з першых, і нам проста пашчасціла», — кажа Яраслаў.
Вядомых канкурэнтаў — чатыры, з іх тры ў ЗША і адзін у Кітаі. Прадукт на рынку мае толькі адна кампанія, якая прыйшла ў галіну першай і атрымала сёлета сертыфікаты ў ЗША і Еўропе.
Што такое фундус-камера
Як будзе на практыцы выглядаць тэхналогія, распрацаваная беларусамі?
Прылада для карыстальніка павінна быць такой жа зручнай і незаўважнай, як, напрыклад, смарт-гадзіннік, што вымярае пульс, сон, лічыць крокі. Напрыклад, калі мабільны зможа сканаваць сятчатку вока франтальнай камерай.
«Але ніводзін смартфон блізка яшчэ не падышоў. Хоць мы ўжо даведаліся пра цікавасць да інтэграцыі тэхналогіі ў аднаго з гігантаў мабільнай вытворчасці. Мяркую, пры іх рэсурсах гэта будзе рэалізавана не пазней, чым праз 3–5 год», — кажа Яраслаў.
А пакуль адмысловыя фундус-лінзы, якія можна ўсталяваць на любы мабільны, дарагія і нязручныя, хоць і таннейшыя за прафесійныя фундус-камэры. Таму пакуль тэхналогія пасуе для сямейных лекараў ці для лекараў у такіх мясцінах, дзе да бліжэйшага шпіталя шмат кіламетраў.