Уцёкі ад лёсу на вазку

У скарбонцы гэтай жанчыны — дзесяць алімпійскіх медалёў: тры «золата», чатыры «срэбра» і тры «бронзы». Турын, Пекін, Ванкувер, Лондан… Лыжныя гонкі і веславанне дапамаглі ёй не прырасці да інваліднага вазку і скарыць вяршыню спартовага Алімпу для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. А непахісны характар і кахаючае сэрца — нарадзіць дачку. Пералом хрыбетніка для яе — не канец жыцця, а толькі яго пачатак. Журналіст НЧ Алена Барэль завітала ў госці да чэмпіёнкі свету і мамы Людмілы Ваўчок.



7_treba_pasprabavacj_usio_.jpg

ЗЛАМАЦЬ, АЛЕ НЕ ЗЛАМАЦЦА

— Люда, што з табой здарылася і як ты здолела перамагчы інвалідную нуду?

— Я — экстрэмал. У дзяцінстве і юнацтве ўсюды лезла і рызыкавала сваім жыццём. Аднойчы, напрыклад, скокнула з дрэва над рэчкай, з 15-мятровай вышыні! Рана ці позна нейкая траўма павінна была здарыцца, усё да гэтага ішло. Было нават нейкае прадчуванне…

І вось 11 гадоў таму, займаючыся лёгкай атлетыкай і пражываючы ў інтэрнаце для спартоўцаў, я палезла на дах, каб паправіць антэну тэлевізара. Папраўляла яе, трэба сказаць, часта. Але ў той раз паслізнулася і паляцела ўніз…

Тры месяцы я проста ляжала, нельга было нават сядзець: пералом і вывіх 11-га і 12-га пазванкоў. Ніжэй грудзей я ўжо нічога не адчувала. Але ўсё адно імкнулася рухацца, вісела на гаўбечнай раме. Жыла быццам у сне і не магла да канца паверыць, што гэта здарылася менавіта са мной. Думала, што заўсёды буду хадзіць і бегаць, а жыццё на вазку — чужое, не маё.

Побач са мной знаходзіліся і падтрымлівалі мяне мама, брат і некаторыя сябры, якім я бясконца ўдзячная за тое, што не кінулі. Мяне трэба было ўвесь час перагортваць, каб пазбегнуць пролежняў. …У розных лякарнях я правяла паўтара гады. Імкнулася там заставацца даўжэй, бо ў драўлянай старой хаце ў Смілавічах не было ўмоваў, прыбіральня — на двары.

1_z_bratam_aljaksandram_1_.jpg

З братам Аляксандрам

У лякарнях я ўзмоцнена займалася ў трэнажорных залах, цягнула туды за сабой іншых пацыентаў. І ўжо праз паўтара-два гады трэніровак я пачала адчуваць прэс, сяк-так аднавіліся функцыі таза, трошкі стала рухацца правая нага.

Нельга апускаць рукі, гэта няправільна! Жыццё даецца адзін раз, ад яго трэба браць усё самае добрае. Чаму мяне не перамагла нуда? Проста вельмі хацелася жыць. Не проста існаваць, а быць самастойным, паўнавартасным чалавекам, якога б не ўспрымалі як інваліда-вазочніка.

ПАМЯНЯЦЬ ВАЗОК НА ЛЫЖЫ

— Як ты трапіла ў інваспорт?

— Праз чатыры гады пасля траўмы трэнер Тамара Шыманская паклікала мяне ўдзельнічаць у лыжных гонках. Вядома, спачатку я катэгарычна адмаўлялася: калісьці займалася лёгкай атлетыкай, а тут — нейкія лыжы, якія я не магла трываць яшчэ са школы… Але Шыманская не адыходзіла: пераканала маіх сваякоў угаварыць мяне. «З’ездзі ў Раўбічы, паспрабуй патрэніравацца, — сказала мне мама. — Не атрымаецца, дык вернешся, сілком цябе там ніхто трымаць не будзе».

4_na_spaborn_ctvah_2_.jpg

   

На спаборніцтвах

Я паехала і… закахалася ў гэты від спорту. Таму што змагла самастойна выбірацца ў лес, чаго ніколі фізічна не зрабіць на сваім вазку… А на лыжах магчыма ўсё, заехаць на любыя ўздымы! Займалася на трэнажорах па 4–5 гадзін на дзень з адным выходным на тыдзень. Асабліва перад стартамі трэніроўкі вельмі інтэнсіўныя. Напачатку сезону набіраем аб’ёмы, а потым ужо працуем на хуткасць.

ПРАЗ СЕМ МЕСЯЦАЎ ПАСЛЯ РОДАЎ — МЕДАЛЬ У ЛОНДАНЕ

— Як ты пайшла на такую рызыку — нарадзіць дзіця?

— Гэта самае лепшае, што адбылося ў маім жыцці! Настачцы ўжо амаль дзесяць месяцаў. Лекары нават не адгаворвалі мяне нараджаць, бо бачылі маю рашучасць. Цяжарнасць праходзіла выдатна, за тыдзень да родаў я яшчэ плавала ў басейне, вучылася ў магістратуры, на вазку скакала па прыступках у сваю кватэру на трэцім паверсе і зваротна, бо электраўздымнік паставілі толькі нядаўна — паднаціснула на службоўцаў.

3_galo_naja_radasc_u_zhicc_.jpg

Дзякуй Богу, што з’явіўся такі чалавечак у маім жыцці, уся мая радасць! І, вядома, калі кудысьці з’язджаеш, хвалюешся, думаеш пра дачку. Спорт адыходзіць на другі план.

Ужо праз два тыдні пасля родаў, пасля кесарава, я аднавіла трэніроўкі, а праз сем месяцаў выйграла бронзавы медаль у акадэмічным веславанні сярод адзіночак на Паралімпійскіх гульнях у Лондане. Але гэтая «бронза» была для мяне як «золата»! Бо ў нас з Настачкай напярэдадні быў цэлы марафон: трэба было прыязджаць з трэніроўкі, каб пакарміць яе грудзямі (рабіла гэта да сямі месяцаў), потым — зноў займацца… Бо спорт — мой асноўны заробак, які залежыць ад маіх вынікаў. Мы ж — кантрактнікі. А з дачкой, калі я з’язджаю за мяжу на зборы і спаборніцтвы, сядзіць мая мама. Дапамагаюць сяброўка Святлана і мой брат Аляксандр.

Калі Настачка спіць, ёсць вольная хвілінка, і я трэніруюся ў хаце — ёсць комплексны трэнажор на ўсе групы цягліц. Падарыў Аляксандр Скрыпчанка з Міністэрства спорту і турызму. Калісьці, яшчэ да маёй траўмы, ездзілі разам на чэмпіянат Еўропы па кросе ў Швецыю, а два гады таму выпадкова сустрэліся на выставе спартовага абсталявання…

— Прабач, што адыходжу ад тэмы размовы, але адкуль у цябе такі цудоўны загар?

— Два тыдні таму мы з братам вярнуліся з Кубы. Бавілі там 11 дзён адпачынку. Дыскатэкі да раніцы! Я плавала з дэльфінамі і каталася на водным матацыкле... Ездзілі ў Гавану і на пляжы Варадэра…

6_na_kub_nskaj_diskateci.jpg

  

На кубінскай дыскатэцы

Пасля 20 лістапада зноў з’язджаю — ужо ў Францыю, на трэніравальныя зборы, на снег. Хутка — этапы Кубка свету, потым — чэмпіянат свету, пасля гэтага будуць разыгрывацца ліцэнзіі на Сочы. І так — кожны год, круглы год — у працы…

ДАМАГЧЫСЯ СТВАРЭННЯ БЕЗБАР’ЕРНАГА АСЯРОДДЗЯ

— Чым збіраешся займацца пасля заканчэння спартовай кар’еры?

— Са спорту я не збіраюся сыходзіць яшчэ доўга, жадаю «пабегаць». І вельмі шмат чаго хачу ў жыцці паспрабаваць — напрыклад, горныя лыжы. Але гэта магчыма толькі ў Канадзе, дзе гэтым відам спорту займаецца мой сябар — як і я, спартовец з траўмай хрыбетніка. У планах асвоіць і горны ровар, хэндбайк. Пачала ўшчыльную вывучаць англійскую мову — да мяне прыязджае рэпетытар. Гэта патрэбна для зносін з сябрамі-спартоўцамі на спаборніцтвах і зборах.

Збіраюся займацца вырашэннем праблемаў безбар’ернага асяроддзя — гэта было тэмай маёй дыпломнай працы ў Інстытуце турызму пры ўніверсітэце фізкультуры, дзе я сёлета атрымала дыплом магістра. Жадалася б, каб нашая дзяржава спрыяла стварэнню такога асяроддзя, каб мы маглі адчуваць сваю годнасць. Бо, напрыклад, у нядаўна пабудаваным «Доме веславання» на праспекце Пераможцаў няма ніводнага (!) пандуса. І прыехаць туды проста пазаймацца ў трэнажорную залу, расцягнуцца — вялікая праблема. Я ўсё абвыкла рабіць сама, мне нязручна прасіць кагосьці дапамагчы. І нізкі паклон маім трэнерам — Аляксандру Сяргеевічу Папову і Тамары Аляксандраўне Шыманскай — за тое, што яны мяне зацягваюць у гэты будынак. У адзіночку я б патрапіць туды не здолела.

5_na_tren_ro_ci.jpg

  

Натрэніроўцы

Поруч з новым вяслярным каналам у Заслаўі таксама не прадугледжана ніводнага пандуса, і каб спусціцца да пантона, трэба ў кагосьці прасіць дапамогі. А пасяліцца ў гасцініцы каля канала, каб патрэніравацца, таксама няма магчымасці: гасцініца пачынаецца з другога паверху, і няма ліфта.

Наогул, адсутнасць безбар’ернага асяроддзя ў нашай краіне — велізарная праблема для інвалідаў. Напрыклад, пешаходны пераход да «Мінск-Арэны»: ёсць электраўздымнік, але… на ім вісіць вялікі замок. Ім нельга скарыстацца — выкінутыя грошы. А вось выбіць электраўздымнік для майго пад’езда было такой праблемай… Куды б я ні звярталася, мне ўсюды адмаўлялі: гэта не ў нашай кампетэнцыі, давайце зробім вам пандус. Я адказвала: калі сядзеце ў мой вазок і зможаце падняцца па вашым пандусе на мой трэці паверх, тады рабіце. …І першыя паўгады пражывання ў новай кватэры я, прыехаўшы з трэніровак, сама караскалася па прыступках на вазку. Потым напісала ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, і адказныя службоўцы, напэўна, атрымалі па шапцы — мне вылучылі пад’ёмнік.

ЖАЛЕЗНАЯ ВОЛЯ І ПРАГА ЖЫЦЦЯ — У ГЕНАХ?

— Што ляжыць у аснове тваёй перамогі над лёсам — упарты характар, гены?

— Мы з братам абмяркоўвалі гэтую тэму... Дарэчы, ён замяніў мне бацьку, які памёр, калі мне было 12 гадоў. Мама ў нас — валявая, жыццярадасная жанчына, любіць людзей. 35 гадоў працуе фельчарам на «хуткай дапамозе». Я аформіла на яе адпачынак па даглядзе за дзіцём, бо сама выйшла з дэкрэту, але яна ўсё адно пайшла на паўстаўкі, не можа без працы сядзець.

— Ці хочаш нарадзіць яшчэ?

— Канешне! Мне ўсё адно, хлопчык гэта будзе ці дзяўчынка. Трэба, каб у Настачкі была родная душа. Бацькі паміраюць раней сваіх дзяцей, таму браты і сёстры чалавеку неабходныя. У майго брата, напрыклад, трое дзяцей.

Пра тое, што ў мяне цяпер ёсць — Настачка, медалі, поспех, — я не магла нават марыць, калі была здаровай! Вядома, я прашу Бога, каб Ён нам дапамагаў. Усё гэта — не без Яго дапамогі.

2_zolata_.jpg

  Золата!

ДАВЕДКА НЧ

Людміла Ваўчок (нарадзілася 19 чэрвеня 1981 года ў Смілавічах Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці) — беларуская спартоўка, чэмпіёнка шэрагу Паралімпійскіх гульняў. Спецыялізуецца на лыжных гонках і веславанні.

У юнацтве прафесійна займалася лёгкай атлетыкай, але ў 2001 годзе атрымала сур’ёзную траўму хрыбетніка і апынулася ў інвалідным вазку.

У 2005 годзе пачала трэніроўкі па лыжных гонках і патрапіла ў нацыянальную зборную Беларусі па інваспорце.

Мае больш за трыццаць спартовых узнагарод з розных спаборніцтваў сусветнага ўзроўню, дзесяць з якіх — алімпійскія медалі.

Фота з архіву Людмілы Ваўчок