Рыгор Вячорка: «Я праігнараваў тыя ўказіўкі»

27 лютага Рыгору Вячорку споўнілася б 90 гадоў. У апошнія гады жыцця Рыгор Мікалаевіч працаваў над успамінамі. Вось некаторыя з іх.



Рыгор Вячорка не імкнуўся патрапіць у кадр з высокапастаўленымі людзьмі. Адно з нешматлікіх фота разам з Пятром Машэравым. Афіцыйны візіт ва Усходнюю Германію, 1977 год

Рыгор Вячорка не імкнуўся патрапіць у кадр з высокапастаўленымі людзьмі. Адно з нешматлікіх фота разам з Пятром Машэравым. Афіцыйны візіт ва Усходнюю Германію, 1977 год

Глыбінка Палесся — радзіма мая

Край лясоў і балот, дзе з’явіліся ў пачатку ХХ стагоддзя Хутары Мерлінскія, — жыццядайнае месца ў цэнтры Палесся. Тут у 1918 годзе набылі зямлю на выплат мае дзед і бацька, пераехаўшы з Гарадной, што недалёка ад Століна. Мяркуючы па ўсім, былі яны ў ліку апошніх пасяленцаў, бо іх надзел месціўся практычна побач з балотамі князёў Радзівілаў і казённымі Альманскімі балотамі, дзе амаль не ступала нага чалавека і дагэтуль. Раскарчоўванне лесу і хмызнякоў на хутары, распрацоўка ўчасткаў пад ворыва ляглі на плечы майго бацькі — Вячоркі Мікалая Трахімавіча, які ўручную выконваў гэтую тытанічную працу, хоць асаблівым здароўем не вылучаўся. Маці Праскоўя Міхайлаўна была родам з Давыд-Гарадка. У гэтай сям’і сёмым з дзесяці дзяцей я і з’явіўся на свет.

У 1920 годзе Хутары Мерлінскія як частка Заходняй Беларусі ўваходзілі ў склад Польшчы. На мяжы з паселішчамі Палескай вобласці — Усходняя Беларусь, СССР. А таму барацьба двух светаў, дзвюх сістэм, несумяшчальных ідэалогій вядомая мне не па літаратуры, я назіраў за гэтымі працэсамі з маленства.

Няправільна было б сцвярджаць, што ішло «акаталічванне» насельніцтва Заходняй Беларусі. Праваслаўныя заставаліся прыхільнікамі сваёй канфесіі, каталікі — сваёй. На хутары, дарэчы, не было нават касцёла, у адрозненне ад праваслаўнай царквы. Але была ўніяцкая капліца, наша сям’я належала да ўніятаў. Усе каштоўнасці, лад жыцця выкладаліся не ў духу бальшавіцкай ідэалогіі, а на аснове хрысціянскіх, агульначалавечых прынцыпаў. Іншая рэч — навучанне ў школе вялося на польскай мове.

Успрыманне навакольнага свету дзецьмі, маладымі людзьмі дый дарослымі было зусім іншае, чым ва ўсходніх савецкіх землях. Гэта стала відавочна літаральна адразу пасля «вызвалення» Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй, якое суправаджалася разгулам масавых рэпрэсій супраць мясцовага насельніцтва. Не пашкадавалі нават членаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якія практычна пагалоўна апынуліся ў турмах ГУЛАГа.

У першыя ж дні пасля 17 верасня 1939 года штоночы энкавэдысты на сваім «чорным варанку» кагосьці звозілі… Вось адзін з такіх трагічных выпадкаў. У адну з начэй павезлі нашага суседа па хутары І. Чырца, бацьку 14 дзяцей, з якіх толькі траім было больш за 12 гадоў. Завошта павезлі ў Сібір Івана Панфілавіча — ніхто не ведаў. Толькі пасля вайны, калі чалавек вярнуўся дадому, высветлілася, што пры паляках ён быў некалькі месяцаў пажарнікам у лесе, за што і пацярпеў. Вярнуўся практычна ў пустую хату, бо жонка і дзясяцера дзяцей памерлі падчас вайны ад інфекцыі — дызентэрыі, «разачкі», як у нас яе называлі. Гэты ды іншыя падобныя прыклады як нельга лепш характарызавалі «гуманізм» бальшавіцка-энкавэдысцкай улады.

Сустрэчы з «усходнімі» і на побытавым узроўні паказвалі, што адзінства беларускага народа было моцна падарвана. Занадта па-рознаму глядзелі людзі, якія сфарміраваліся ў той ці іншай частцы Беларусі, на жыццё, на існую сістэму, на сваё становішча ў ёй, на асновы, на прынцыпы выхавання моладзі. Не заўважаць гэтага мы, яшчэ малалетнія, не маглі. Калі ты і не ўмеў пакуль выказаць сваіх думак, то ў развагах і ацэнках старэйшых ужо знаходзіў тое, што імпанавала, што ты гатовы пакласці надалей у аснову сваёй жыццёвай пазіцыі.

У мяне вельмі рана праявілася цікавасць да вучобы. Пытанне ж было ў тым, як навучыцца грамаце, калі для гэтага няма ніякіх магчымасцей. Бо грымнула вайна. Вырашылі гэтую праблему дзясяткі са два бацькоў, якія нанялі прафесійнага настаўніка (з дыпломам Запарожскага ўніверсітэта) Іосіфа Рыгоравіча Дзямешку. За аднаго вучня плацілі яму паўтара пуды жыта.

Мімаходзь адзначу, што на Хутары Мерлінскія, амаль з усіх бакоў абкружаныя балотамі, немцы не дайшлі. Для мясцовага ж насельніцтва гэты час быў вельмі драматычны. Рэч у тым, што ўжо летам 1941 года па начах сталі хадзіць узброеныя групы нейкіх людзей, якія выдавалі сябе за партызанаў. Скрозь яны займаліся марадзёрствам. Скажам, бацьку майго ўначы ставілі да сценкі, падняўшы ўсю шматлікую сям’ю, якая складалася пераважна з малых дзяцей, і пагражалі, што зараз жа яго расстраляюць, калі гаспадыня не дасць сала, масла і мёду. Але калі яшчэ мёд на лекі амаль заўсёды ў нас быў, то сала і масла і следу не было.

Вядома ж, пакуль адзін з іх стаіць, наставіўшы на бацьку рулю вінтоўкі, іншыя «партызаны» пройдуць па ўсіх кутах хаты, хлява, склепа, забраўшы ўсё, што іх цікавіць. Вось такім і паўстаў перада мной у маёй дзіцячай свядомасці вобраз бальшавіцкага партызана. У дзённы ж час па хатах праязджае аддзел паліцыянтаў, накіраваных з навакольных паселішчаў для барацьбы з партызанамі. Галоўнае пытанне ў паліцыянтаў — чаму ты корміш партызанаў, за што зноў жа пагражаюць расстрэлам.

Спачатку за партызанаў выдавалі сябе перш за ўсё энкавэдысты, якія пабаяліся ўліцца ў дзейную армію і ваяваць у яе складзе супраць немцаў, а беглі ў лясы і рабавалі мясцовае насельніцтва. Аднак ужо ўзімку 1941–1942 года ў нашых мясцінах сталі з’яўляцца партызанскія атрады, якія рабілі рэйды па акупаваных тэрыторыях. Некаторыя атрады спыняліся на некалькі дзён, а некаторыя — на некалькі тыдняў. Прынамсі, у нашай хаце, дзе жыла сям’я з 12 чалавек, нам месца было толькі на печы і каля печы, дзе мы спалі па чарзе. Астатнюю плошчу займалі партызаны, у асноўным на падлозе на саломе. На нашых ложках і канапах спалі камандзіры.

Цікава, што ў ліку партызанаў гэтых атрадаў прыйшлося сустрэць і асобных былых марадзёраў, якія, вядома, пазбягалі сустрэчы твар у твар з бацькам і маці. Не абыходзілася без марадзёрства і з боку новых «народных мсціўцаў».

Мой бацька актыўна займаўся развядзеннем пчол у калодачных вуллях, размяшчаліся яны высока на дрэвах. Дык вось. Паколькі савецкім салдатам было вельмі цяжка ў Сталінградзе, гэтыя, з дазволу сказаць, ваякі скідалі з хвояў вуллі, расколвалі іх і выбіралі мёд, уносячы тым самым уклад у агульную барацьбу савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Словы гэтыя належаць не мне, а нейкаму Папову, які быў, на жаль, начальнікам штаба атрада Кажухова, што кватараваў у нашай хаце. А тлумачэнне такое ён выдаў маёй 85-гадовай бабулі, якая спрабавала абурыцца відавочным рабункам і разбоем яго падначаленых.

Падобных паповых было шмат... У якасці яскравага прыкладу прыведзена тут знішчэнне пчол. Але гэта ў роўнай меры адносілася да ўсіх прадуктаў, вопраткі, абутку, скаціны, коней. Пасля такіх «рэйдаў» усе заставаліся голыя, босыя, галодныя — спусташалася ўсё.

З іншага боку, калі партызаны злучэння Каўпака сапраўды ваявалі з немцамі, то пра рабункі, марадзёрства ніхто з іх не думаў, бо калі такія выпадкі дапускаліся, то парушальніку не пазбегнуць было расстрэлу. Кажу пра гэта не на аснове нейкіх літаратурных крыніц, а на базе «карцінак» з натуры. Рэч у тым, што каўпакоўцы двойчы праязджалі і спыняліся на кароткі час у нашых мясцінах.

З жонкай Аляўцінай, сынам, дачкой, унукамі на лецішчы. Ад працы на зямлі не мог адмовіцца да апошніх сваіх дзён

З жонкай Аляўцінай, сынам, дачкой, унукамі на лецішчы. Ад працы на зямлі не мог адмовіцца да апошніх сваіх дзён

Вернемся, аднак, да вучобы. На маю вялікую радасць, з 1 верасня 1944 года мне пашчасціла зноў займацца ў майго настаўніка Іосіфа Дзямешкі, які ўзначаліў пачатковую школу, чатыры класы якой я скончыў у 1947 годзе. Пасля гэтага давялося два гады працаваць у калгасе, які на той час быў створаны. Сямігадовая школа адкрылася толькі ў 1949 годзе, а ў 1952-м я скончыў сем класаў з адзнакай. Нягледзячы на ўсе цяжкасці матэрыяльнага парадку, мой бацька нястомна паўтараў: «Мне грунт вывучыць Грышку». І слова сваё ён стрымаў, дазволіўшы ехаць на вучобу ў тэхнікум. Я выбраў Пінскі фінансава-крэдытны (потым улікова-крэдытны) тэхнікум. У 1955 годзе скончыў яго з чырвоным дыпломам.

Сядзець больш на шыі ў сваёй сям’і не стаў, а таму надалей выбраў завочную вучобу. Адразу ж паступіў на эканамічны факультэт МДУ імя Ламаносава. У 1961-м атрымаў дыплом, які даваў права выкладаць палітычную эканомію, што было маёй марай.

Машэраў: накарміць Беларусь

Першым самастойным заданнем, якое даў мне Пётр Машэраў, было даручэнне падрыхтаваць для яго даклад на семінары, дзе мелі быць адлюстраваны найважнейшыя пытанні аграрнай палітыкі. Задача для мяне была, шчыра кажучы, архіскладаная. Семінар павінен быў прайсці ўлетку 1974 года ў Гродзенскай вобласці.

У склад групы падрыхтоўкі даклада былі ўлучаны, акрамя мяне, намеснік загадчыка сельгасаддзела ЦК КПБ Я. Сакалоў і журналіст «Сельской газеты» С. Барадоўскі. Працавалі мы дружна, з уздымам, вельмі напружана — па 15–16 гадзін у суткі, без выхадных…

У першай жа гутарцы Машэраў выказаў меркаванні наконт зместу даклада. Яго навізна мела быць у тым, што ўпершыню ставілася задача выйсці на ўраджайнасць збожжавых у 28–32 цэнтнеры з гектара. Прычым у выніку не проста пажадання, а лепшага выкарыстання наяўнага патэнцыялу.

У прызначаны тэрмін перадалі тэкст даклада больш чым на сто старонак П. Машэраву. Вось мы ў яго кабінеце. Пасля прывітання пачулі: «Сябры, я вам сардэчна ўдзячны за матэрыял, які вы мне далі. Гэта тое, што трэба. Глыбокі пафактарны аналіз пераканаўча паказвае, што ў збожжавай гаспадарцы нам пад сілу тыя рубяжы, якія мы намецілі. Матэрыял выдатны. Гэта не тое, што ў групы, якая рыхтуе даклад на ідэалагічную тэму, дзе суцэльнае пустазелле».

Вось тут да месца будзе адно тлумачэнне, што практычна не ўлічваецца, калі гаворка заходзіць пра вельмі высокія паказчыкі ў галіне сельскай гаспадаркі, дасягнення якіх патрабаваў Пётр Машэраў.

А сутнасць у наступным. Як вядома, эканоміка СССР была адзіным гаспадарчым комплексам дзяржавы, які меў развівацца паводле цэнтралізаванага плана. У план закладаліся і ўсе паказчыкі развіцця асобных рэспублік. Калі ўзяць канкрэтна сельскую гаспадарку, то кожная рэспубліка атрымлівала план паставак у так званы «саюзны фонд» тых прадуктаў, на вытворчасці якіх яна спецыялізавалася. БССР павінна была пастаўляць у гэты фонд немалыя аб’ёмы малака, мяса, яек, збожжа, бульбы і шэрагу іншых прадуктаў. А паколькі зацверджаны Вярхоўным Саветам СССР план — гэта закон, то, зразумела, ён павінен быў выконвацца няўхільна.

Атрымлівалася нярэдка так, што для выканання плана аддаваліся ў саюзны фонд усе аб’ёмы вырабленай прадукцыі, а для так званага рынкавага фонду, г. зн. той часткі прадукцыі, якая мела ісці ў распараджэнне рэспубліканскіх органаў для продажу праз гандаль насельніцтву, нічога не заставалася або заставалася ў мізэрных аб’ёмах. Адсюль і нястача прадуктаў у крамах, пустыя паліцы. Дылема: як жа і план выканаць, і палепшыць забеспячэнне свайго насельніцтва харчам ды іншымі таварамі? Як рассекчы гэты гордзіеў вузел?

Разлічваць на паслабленне з боку цэнтральных органаў пры складанні планаў не даводзілася, бо саюзныя планы і так былі разлічаны на спажывецкі мінімум, які мела гарантаваць дзяржава. Выйсце адно — павялічваць аб’ёмы прадукцыі, бо практычна ўсё, што выраблялася звыш цэнтралізаванага плана, заставалася ў распараджэнні рэспублікі. На гэтым, калі заўгодна, і палягала адносная самастойнасць рэспублік.

Як чалавек мудры, рупячыся пра інтарэсы свайго народа, Машэраў як ніхто засвоіў гэтую выснову і зрабіў яе крэда сваёй бурнай і неспакойнай палітычнай дзейнасці. Павелічэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і паляпшэнне на гэтай аснове забеспячэння сваіх людзей было для яго альфай і амегай. Ён не рысаваўся і не прамаўляў заклінанняў накшталт «трэба народ накарміць і даць яму чарку і скварку», а на практыцы рабіў сам тое, што павінен быў зрабіць, знаходзячыся на сваёй пасадзе, і патрабаваў таго ж ад іншых.

Ці разумелі і падтрымлівалі яго ў гэтай справе іншыя кіраўнікі высокага ўзроўню? Далёка не ўсе. Больш за тое, некаторыя з іх чынілі яўнае супрацьдзеянне. Той жа старшыня Савета міністраў БССР рабіў гэта цішком. Як правіла, сваю нязгоду з высокімі лічбамі ён выказваў вуснамі старшыні Дзяржплана БССР, які заўсёды ўступаў у спрэчку з Машэравым з прычыны высокіх аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці.

У такіх выпадках Пётр Міронавіч тлумачыў яму: «Філіп Лаўрэнцьевіч, я не ўрываюся ў вашы планы і не буду пярэчыць, калі вы даможацеся ад саюзных органаў уключэння ў іх невысокіх паказчыкаў, гэта ваша прэрагатыва. І я не прымушаю вас уключаць у план тыя аб’ёмы вытворчасці, пра якія ідзе гаворка. Я стаўлю задачу перад нашымі кадрамі вырабляць больш, чым вы плануеце. Зрабіць гэта нам дазваляе створаны і абноўлены за апошнія гады эканамічны патэнцыял. Трэба проста лепш яго выкарыстоўваць, удасканальваць метады гаспадарання, абапірацца на матэрыяльнае стымуляванне работнікаў, бо на адміністрацыйных рычагах далёка не заедзеш. Вось таму ў якасці арыенціра і ўносяцца прапановы вырабляць асноўныя віды сельскагаспадарчай прадукцыі ў значна большых аб’ёмах, чым закладзена ў плане. Словам, план і забавязанні — катэгорыі розныя».

Кадравы партыкулярызм Машэрава

У 1977 годзе перад Машэравым паўстала праблема выбару кандыдатуры на вакантную пасаду другога сакратара ЦК КПБ. Яна ўскладнялася такою акалічнасцю: у функцыі другога сакратара ўваходзіла праца з кадрамі. ЦК КПСС строга выконваў ім жа вызначаны парадак, пры якім другі сакратар ЦК саюзнай рэспублікі павінен быць рускім.

Выключэнне рабілася дагэтуль, мабыць, толькі для ЦК КПБ, калі яшчэ з часоў Мазурава другімі сакратарамі па чарзе былі беларусы — Ц. Кісялёў, П. Машэраў, Ф. Сурганаў, А. Аксёнаў. Калі ж з’явілася гэтая вакансія, па ўсім адчувалася, што Масква нагадала Машэраву пра неабходнасць выконваць агульнавызначаны парадак і ў Мінску. Гэта я зразумеў пасля неаднаразовых размоў з Пятром Міронавічам. Ён сам казаў, што вельмі цяжка вырашаецца пытанне пра другога сакратара.

І вось аднойчы ўвечары Пётр Міронавіч зайшоў да мяне ў кабінет, дзе я працаваў над чарговым дакладам. Тут і адбылася вельмі цікавая размова. Спачатку пра даклад. А потым Машэраў сказаў літаральна наступнае: «Кандыдатуру на другога сакратара я ўжо знайшоў».

На маё пытанне, ці магу я ведаць, хто гэта, ён адказаў: «Бровікаў. Ён кандыдат філасофскіх навук, але не гэта галоўнае, нас не так цікавяць яго навуковая ступень і распрацоўкі. З гэтым мы самі паспяхова спраўляемся. Важна, што ён ведае рэспубліку, сам родам адсюль і будзе з веданнем справы выконваць функцыі другога сакратара...»

Я яшчэ раз у думках ацаніў мудрасць Машэрава. Вядома, сумневаў не было, што яму навязвалася нейкая кандыдатура рускага па нацыянальнасці, не знаёмага з рэспублікай. Але, мяркуючы па ўсім, ён упарта ад яе ўхіляўся.

І вось знаходзіць кампрамісны варыянт, сутнасць якога ў наступным. Уладзімір Бровікаў нарадзіўся і вырас у Ветцы, скончыў БДУ, працаваў на Віцебшчыне. Журналіст. Пасля заканчэння Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС быў накіраваны на пасаду сакратара Віцебскага абкама КПБ, адкуль з часам яго ўзялі ў апарат ЦК КПСС намеснікам загадчыка аддзела арганізацыйна-партыйнай працы, дзе ён працаваў даволі доўга. А таму пярэчыць супраць яго кандыдатуры там не мелі падстаў, бо гэта акурат аддзел, які рэгуляваў кадравыя справы. І атрымалася: чалавек з Масквы, але і не масквіч ці сібірак, работнік, для якога ўсё беларускае не ў навіну і не чужое яму... І не будзе вучыць розуму першага сакратара…

Бацька за сына

Асабліва заўзята ваяваў тагачасны сталічны гаркам супраць майго сына (Вінцука Вячоркі — рэд.) як аднаго з лідараў моладзевага дэмакратычнага руху (гаркамаўцы называлі яго галоўным ідэолагам) і сузаснавальнікаў БНФ. Тут яны сябе не абмяжоўвалі. Але не даваў спакою кіраўнікам гаркама не толькі мой сын, але і яго бацька. Ніяк не маглі змірыцца з тым, што мне былі давераны высокія пасады ў партыйных і дзяржаўных органах, у Вярхоўным Савеце БССР. Таму, паводле іх задумы, выйграць барацьбу са мной значыла падняць свой уласны аўтарытэт, а адсюль займець сур’ёзныя падставы для прасоўвання па службовай лесвіцы.

Невыпадкова менавіта з гаркама прыйшла інтрыга пакараць мяне ў партыйным парадку ажно да выключэння з партыі, чым адкрыць шлях для вызвалення мяне ад дзяржаўных пасад. Але ім не ўдалося ажыццявіць гэтыя планы. Падзеі развіваліся так бурна, што ім самім прыйшлося выдаваць сябе за дэмакратаў.

Але не спыніліся. Чарговую спробу маёй дыскрэдытацыі зрабілі, калі дэмакратычныя сілы рыхтавалі грандыёзны мітынг на стадыёне «Дынама», а мой сын павінен быў весці гэты мітынг. У іх выспеў план — сутыкнуць тут майго сына са мной, даручыўшы мне выступаць на мітынгу ад імя ўрада і ў абарону ўлад (у гэты час маё месца працы — першы намеснік старшыні Дзяржплана БССР).

Крайні злева — Рыгор Вячорка. На другім плане злева — Міхаіл Мясніковіч. Вена, 1994.

Крайні злева — Рыгор Вячорка. На другім плане злева — Міхаіл Мясніковіч. Вена, 1994.

Калі мяне па лініі гарадской партыйнай арганізацыі папярэдзілі, што я мушу выступаць на стадыёне, я неадкладна патэлефанаваў Валерыю Пячэннікаву, сакратару ЦК КПБ па ідэалогіі, і ва ўпор яго спытаўся: «Хто прыдумаў гэтую авантуру?» Валерый Аляксеевіч папрасіў прабачэння і кажа: «Рыгор Мікалаевіч, усё гэта хітрыкі кіраўніцтва гаркама, на лепшае яны не здольныя...» Я праігнараваў гэтыя «ўказіўкі», на мітынг не пайшоў, не кажучы ўжо пра выступленне на ім. Прыцягнуць мяне за гэта да партыйнай адказнасці, мабыць, не паспелі, бо неўзабаве развалілася КПСС.

Даведка:


Рыгор Мікалаевіч Вячорка (1934–2007), вучоны-эканаміст, спецыяліст-практык у галіне макраэканамічнага рэгулявання і прагнозу, фінансаў і крэдыту, публіцыст, савецкі дзеяч. Заслужаны эканаміст Рэспублікі Беларусь, ганаровы член калегіі Міністэрства эканомікі.

Нарадзіўся 27 лютага 1934 года на Хутарах Мерлінскіх. Запаведны «кут» цяперашняга Столінскага раёна, пакрыты балотамі. У 1961 годзе людзей адтуль выселілі і зрабілі авіяпалігон.
Скончыў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, эканамічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат эканамічных навук. Працаваў у сістэме Дзяржаўнага банка, быў дэпутатам і старшынёй Планава-бюджэтнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР. У 1974–1980 гадах памочнік па эканоміцы першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава.

У пачатку 1990-х — першы намеснік старшыні Дзяржэканамплана. Адзін са стваральнікаў нацыянальнай праграмы эканамічных рэформаў, «Праграмы пераходу Рэспублікі Беларусь да рынкавай эканомікі», ухваленай Вярхоўным Саветам і падтрыманай экспертамі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Праграма забяспечвала стварэнне эканомікі незалежнай беларускай дзяржавы.

Выкладаў у БДУ, БДЭУ, Беларускай акадэміі кіравання. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях Лонданскай школы эканомікі, Інстытута Адама Сміта ў Парыжы, Інстытута Усясветнага банка ў Вашынгтоне. Арганізатар супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднымі фінансава-крэдытнымі арганізацыямі. Аўтар больш за 100 навуковых публікацый, у тым ліку 3 манаграфій.