Магдалена Радзівіл можа быць перапахавана ў Беларусі (дадалося відэа)

Пра намер перанесці прах вядомай мецэнаткі Магдалены Радзівіл на радзіму ў Беларусь заявілі на сустрэчы з журналістамі Мацей і Мікалай Радзівілы. Пра гэта зараз вядуцца перамовы з царкоўнымі і свецкімі ўладамі.

Княгіня Магдалена Радзівіл

Княгіня Магдалена Радзівіл

Прынамсі ўжо заўтра раніцаў адбудзецца сустрэча з Арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам, на якой будзе дадзены адказ на пытанне, ці пагодзіцца Касцёл на перапахаванне праху Магдалены Радзівіл. Калі будзе атрыманы станоўчы адказ, будзе запушчана працэдура дастаўкі і пахавання парэшткаў. Дарэчы, гэта плануецца зрабіць менавіта ў Чырвоным Касцёле ў МІнску.


"Яна лічыла сябе беларускай, яна марыла жыць у Мінску, таму гэта будзе вельмі сімвалічна, калі мы пахаваем прах Магдалены тут, бо яна марыла пра вольную дэмакратычную Беларусь", — сказаў Мацей Радзівіл.

Ён зазначыў, што, калі ніхто не будзе супраць пахавання Магдалены Радзівіл на радзіме,то гэта можа адбыцца ўжо напрыканцы гэтага года.

"Прапраўнукі Магдалены Радзівіл ведаюць, што яна хацела жыць і памерці ў Беларусі", — падкрэсліў Мацей Радзівіл. Ён спадзяецца, што беларусы таксама гэтага хочуць

"Прапраўнукі Магдалены Радзівіл ведаюць, што яна хацела жыць і памерці ў Беларусі", — падкрэсліў Мацей Радзівіл. Ён спадзяецца, што беларусы таксама гэтага хочуць

Марыя Ева Магдалена-Іосіф Эльжбета Апалонія Катажына Радзівіл, народжаная Завішы, у першым шлюбе Красінская нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. У 1906 годзе выйшла замуж за маладзейшага на 19 год Мікалая Радзівіла (1880-1914), які быў актыўным збіральнікам беларускага фальклору.

Кватэра Магдалены ў Мінску (справа ад Чырвонага касцёла, дом захаваўся), як і палац у Кухцічах, была месцам сустрэчы беларускай інтэлігенцыі.

Магдалена Радзівіл фінансавала беларускія школы, выхад газеты “Наша Ніва”, першыя кнігі Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло ды іншыя выданні суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца.

Яна плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія навучаліся ў Пецярбургу, апякалася тамтэйшай беларускай бібліятэкай. У 1918 годзе горача падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.


Пасля заняцця Мінска бальшавісцкімі войскамі Магдалена выехала ў Варшаву. У 1919 спрабавала вярнуцца ў Мінск, але атрымала адмову новых уладаў. Змяніўшы некалькі месцаў жыхарства, у 1932 годзе яна прыехала ў Фрыбург (Швейцарыя), адкуль працягвала падтрымліваць некаторыя беларускія суполкі.

Памерла Магдалена Радзівіл 6 студзеня 1945 года ў кляштары сясцёр дамініканак. Пахаваная ў Фрыбургу.

І вось нарэшце зараз ёсць верагоднасць, што прах гэтай неверагоднай жанчыны знойдзе супакой на роднай зямлі. Ці значыць гэта, што і справа Магдалены Радзівіл будзе працягнутая? Магчыма хутка мы пра гэта даведаемся.