Вяртанне вежы

У дні праваслаўнага Вялікадня завяршылася гісторыя вяртання галоўнай вежы Нясвіжскага палаца выгляду, вядомага цягам апошніх двух стагоддзяў.



У дні праваслаўнага Вялікадня завяршылася гісторыя вяртання галоўнай вежы Нясвіжскага палаца выгляду, вядомага цягам апошніх двух стагоддзяў.

У 2004 годзе па праекце архітэктара Бачкова навершша вежы набыло выгляд, вельмі прыблізна рэканструяваны паводле графічнай выявы Нясвіжа Тамаша Макоўскага 1604 г. Цыбулепадобныя абрысы і какошнікі мала стасаваліся як з астатнім комплексам, рэканструяваным на канец XVIII ст., так і з архітэктурнымі традыцыямі Беларусі пачатку XVII ст., што выклікала рэзкія пярэчанні і спецыялістаў, і сям’і былых уладальнікаў замка Радзівілаў.

Рканструкцыя 2004 года. Фота з блога Глеба Лабадзенкі

Скандальны аспект справе надавалі звесткі пра выкананне сумнеўнага праекта ў абыход навукова-метадычнай Рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрства культуры. Апошняе нарэшце пагадзілася на замену спрэчнай канструкцыі, пакінуўшы за грамадскасцю клопат па зборы блізка 1,5 млн. рублёў на выраб новага-старога познебаракальнага шатра з ліхтаром агульнай вагой 15 тон і яго мантаж.

Стары выгляд

Грошы збіралі праз ахвяраванні: 1500 даляраў пералічыў князь Мацей Радзівіл з Варшавы, вялікія намаганні па прыцягненні сродкаў ад беларускіх арганізацый і асоб прыклаў сябра Рады былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч. Абрысы новага шатра, узнесенага на вежу пры дапамозе спецыяльнага высотнага крана за два дні, зусім мала адрозніваюцца ад папярэдняга, захаванага ў памяці шматлікіх пакаленняў і на мностве выяў.

Сённяшні выгляд.Фота Юрася Язвінскага

Шматлікія каментатары ў прэсе і электронных медыях задаюцца пытаннямі: ці вернецца на вежу гістарычны гадзіннік і ці можна спадзявацца, што шматлікія пластыкавыя дзверы, што з’явіліся ў замкавых памяшканнях падчас недарэчнай “рэканструкцыі 2000-х таксама саступяць месца традыцыйным драўляным?