«Нясвіжская казка» Альбрэхта Радзівіла
У 1935 годзе ў Варшаве памёр XVI Нясвіжскі ардынат Альбрэхт Антоні Радзівіл. Мала хто ведае, што гэты чалавек зрабіў даволі шмат дзеля росквіту архітэктурнай жамчужыны зямлі беларускай — Нясвіжскага замка.
Баль у Нясвiжскім замку
Нарадзіўся князь Аба, як называлі ардыната блізкія, у Берліне, у 1885 годзе. У 1914-м ён атрымаў у спадчыну Нясвіжскія валоданні. Неўзабаве пачынаецца Першая сусветная вайна. Хутка па рашэнні князя на тэрыторыі Нясвіжскага замка арганізуецца шпіталь на 100 чалавек, а праз год у радавым гняздзе Радзівілаў размяшчаецца штаб 2-й рускай арміі.
Альбрэхт Радзiвiл
Пасля ўсталявання бальшавіцкай улады ў Нясвіжы ў кастрычніку 1917 года гаспадар замка разам з цяжарнай жонкай спешна пакідае маёнтак і на доўгія 4 гады з’язджае за мяжу, у Лондан. Справа ў
тым, што ў 1910 годзе князь Альбрэхт ажаніўся з брытанкай Дораці Паркер-Дзікан, якая ў 1917 годзе нарадзіла яму дачку — Альжбету. У 1921 годзе бацькі дзяўчынкі развяліся. Княгіня Бэтка
засталася з маці і прыязджала ў Нясвіж да бацькі толькі на вакацыі. Сам князь у 1919 годзе, нягледзячы на цяжкую хваробу ног, уступіў у Войска Польскае і ў званні паручніка 10-га палка ўланаў
удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне.
Альбрэхт Радзівіл на адным з баляў з гасцямі
Пасля ад’езду Радзівілаў радавы маёнтак быў фактычна кінуты на разрабаванне. У пачатку 1919 года ў замак прыйшлі бальшавікі. Атрад чэкістаў вывез з палацу шмат каштоўных рэчаў, што нават
выклікала абурэнне з боку вышэйстаячага кіраўніцтва. Зрэшты, бальшавіцкая ўлада ў гэтых месцах затрымалася ненадоўга. Па выніках Рыжскай мірнай дамовы 1921 года Нясвіжскі замак і большасць беларускіх
уладанняў Радзівілаў апынуліся ў складзе толькі што адроджанай польскай дзяржавы. Як ні парадаксальна, але несправядлівая «рыжская мяжа», па сутнасці, выратавала Нясвіжскі замак ад
поўнага разрабавання.
Прыём у Нясвiжскім замку
Неўзабаве ў Нясвіж вярнуўся і князь Радзівіл. Спачатку Альбрэхт адчуваў некаторыя фінансавыя цяжкасці, што прымусіла яго прадаць частку старадаўніх рарытэтаў. Так, у 1926 годзе на брытанскім аўкцыёне
«Сотбіс» былі выстаўлены 130 прадметаў узбраення і рыцарскага рыштунку XV — пачатку XVII стагоддзяў, якія належалі Мікалаю Радзівілу Чорнаму і Кшыштафу Радзівілу
Пяруну.
Дарэчы, з калекцыяй зброі, якая знаходзілася ў Нясвіжскім замку, звязаны цікавы і даволі пацешны эпізод. У замак быў запрошаны спецыяліст, які павінен быў навесці парадак у сховішчы зброі. Гісторык
упарадкаваў калекцыю, а князь Аба запытаў у яго, колькі трэба заплаціць за працу.
Князь Манака Людовік у Нясвіжы
Госць сышоў ад адказу, падкрэсліўшы, што праца яму не ў цяжар, і ён працуе з вялікім задавальненнем. Толькі пасля таго, калі на спецыяліста «націснулі», падкрэсліваючы, што ён
павінен атрымаць грошы за сваю працу, работнік спытаў, ці можа ён на памяць узяць які-небудзь асобнік з калекцыі. «Ды хоць дзесяць», — адказаў князь. Спецыяліст абраў адзін
з экспанатаў, а затым прадаў яго за мяжой за некалькі мільёнаў.
У 1922–1928 гадах у Нясвіжскі замак з Масквы быў вернуты шэраг рарытэтаў, якія раней упрыгожвалі старажытную рэзідэнцыю. У адпаведнасці з Рыжскай мірнай дамовай савецкі бок пагадзіўся
вярнуць Польшчы ваенныя трафеі, усе навуковыя і культурныя каштоўнасці, вывезеныя з тэрыторыі Польшчы пачынаючы з 1 студзеня 1772 года, а таксама абавязаўся выплаціць Польшчы 30 мільёнаў залатых
рублёў за ўнёсак Польшчы ў гаспадарчае жыццё Расійскай імперыі і перадаць польскаму боку маёмасць на суму 18 мільёнаў залатых рублёў. Так, у 1922 годзе ў Нясвіж вярнуліся старадаўнія гарматы. Частка
з іх упрыгожвала палац. Іншыя былі адпраўлены ў музеі ў Кракаве, Львове і Варшаве. Акрамя гэтага, у замак былі вернуты старадаўнія дакументы і частка карцін з княжацкай галерэі.
Уваход у замак у Нясвіжы
Замак у Нясвіжы
Нягледзячы на пачатковыя фінансавыя цяжкасці, Альбрэхт Радзівіл даў працу тым землеўласнікам, маёмасць якіх пасля 1921 года аказалася на савецкім баку. Крупскія, Аскеркі, Шалевічы, Абуховічы,
Нядзведскія працавалі ў 1930-х гадах у адміністрацыі Радзівілаўскіх землеўладанняў.
26 кастрычніка 1926 года Нясвіж наведаў Юзаф Пілсудскі. Афіцыйна маршал прыехаў, каб ушанаваць памяць свайго былога ад’ютанта Станіслава Радзівіла, які загінуў пад Кіевам падчас
польска-бальшавіцкай вайны. Але ўсе разумелі, што гэты візіт звязаны з больш важнымі справамі. 23 верасня 1929 года Нясвіжскі палац наведаў прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі. Аўтамабіль прэзідэнта
сустракала ганаровая варта конных асаднікаў, а таксама прадстаўнікоў улад. Князь Альбрэхт Радзівіл прыняў прэзідэнта ў сваім замку і адзначыў, што старажытныя сцены рэзідэнцыі бачылі многіх
знакамітых людзей і яму прыемна, што сёння ў Нясвіж прыехаў сам прэзідэнт.
Візіты першых асоб польскай дзяржавы да Радзівілаў тлумачыліся жаданнем Пілсудскага і Масціцкага заручыцца падтрымкай багатай магнатэрыі «крэсаў», бо, як вядома, караля робіць
світа. Акрамя гэтага ў Нясвіж пастаянна наведваліся прадстаўнікі знакамітых еўрапейскіх дваранскіх родаў, а таксама палітыкі. У розныя гады там бывалі князь Манака Людовік ІІ, а таксама нашчадак
Неапалітанскага караля князь Мюрат. Альбрэхт Радзівіл быў заўзятым паляўнічым і часта запрашаў іншаземцаў на паляванне.
Акрамя афіцыйных прыёмаў у замку адбываліся і свецкія балі і вечарыны. У замку гасцілі між іншых польская актрыса Ядвіга Смасарска і «Хор Дана», таленавіты польскі спявак Мячыслаў
Фог. У 1930 годзе князь Альбрэхт набыў у Варшаве дарагое чырвонае сукно і заказаў у нясвіжскіх краўцоў пашыў фракаў для сваіх гасцей. Для дам у польскай сталіцы былі набыты дарагія, зробленыя па
модзе часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, парыкі. Адна з відавочцаў так успамінала той баль. Жанчыны былі ў чорных, доўгіх сукенках з ніткай жэмчугу на шыі і белымі парыкамі на галаве, а
мужчыны ў чырвоных фраках. Толькі запрошаным афіцэрам было дазволена знаходзіцца на балі-маскарадзе ў вайсковых строях. Урачыстая вячэра была па-каралеўску раскошнай. Вакол кожнага месца стаялі пяць
рознага памеру крышталёвых фужэраў з гербам Радзівілаў. Гасцей частавалі рыбай, фазанамі, курапаткамі, а таксама іншымі вельмі вытанчанымі стравамі.
Летам замкавы парк быў месцам шпацыраў маладых людзей і мам з дзецьмі, а зімой возера вакол замка Радзівілаў ператваралася ў вялікі каток, на які акрамя вучняў гімназіі прыходзілі нават ксяндзы і
афіцэры 27-га ўланскага палка Войска Польскага.
Адным з сяброў князя Абы быў палкоўнік Уладзіслаў Абух-Вашчацінскі. Ардынат арганізаваў пышны шлюб адной з дачок ваеннага. Дарэчы, князь Альбрэхт пазнаёміў дзяўчыну з багатым землеўласнікам з Вільні,
афіцэрам нясвіжскага ўланскага палка. Шлюбную сукенку для дачкі палкоўніка шылі ў Вене. Маладых, якія выходзілі з касцёла, сустракала ганаровая варта афіцэраў, якія над галавой трымалі шаблі.
Між тым цяжкая хвароба дабівала князя, і 18 снежня 1935 года яго не стала. Па загадзе міністра абароны пахавалі князя з воінскімі ўшанаваннямі. Газета «Дзённік крэсовы» пісала, што
ў дні пахавання гатэлі Нясвіжа і замкавыя пакоі не змаглі змясціць усіх людзей, якія прыехалі развітацца з князем. Перад жалобным картэжам салдаты 27-га Нясвіжскага ўланскага палка неслі вянкі ад
былога імператара Германіі Вільгельма ІІ, прэзідэнта Італіі і прадстаўнікоў іншых замежных дзяржаў. Пахавалі Альбрэхта Антонія Радзівіла ў радавой крыпце касцёла Божага Цела. Паводле ўспамінаў
відавочцаў, калі жалобная цырымонія накіроўвалася ў касцёл, з замкавай вежы данесліся прыгожыя гукі паляўнічых ражкоў. Так з гаспадаром замка ў Нясвіжы развітваліся яго верныя слугі-гаявыя.
Юзэф Пісудскі ў Радзівілаўскай крыпце ў Нясвіжы
Пахаванне Альбрэхта Радзiвiла ў 1936 г. (Нясвiж
Другая сусветная вайна скончыла «Нясвіжскую казку», якую стварыў Альбрэхт Радзівіл. 17 верасня 1939 года ў Нясвіж увайшлі часткі Чырвонай Арміі. Шмат з тых, хто знаходзіўся ў замку,
уключна з апошнім ардынатам, малодшым братам Альбрэхта Радзівіла князем Леонам былі арыштаваны НКУС. Радзівілаўскія скарбы былі нацыяналізаваны, што па сваёй сутнасці стала звычайным разрабаваннем.
Але гэта ўжо іншая гісторыя.