Напалеон Орда: мастак, які захаваў для нас Беларусь

11 лютага 1807 года ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) нарадзіўся хлопчык, якога назвалі ў гонар французскага імператара. І лёс Напалеон Орда меў не менш цікавы за свайго «хроснага».

Малюнак з profil.adu.by

Малюнак з profil.adu.by

Нарадзіўся Напалеон Орда у сям’і маршалка шляхты Кобрынскага павета, інжынера-фартыфікатара Міхала Орды. Падавалася б, менавіта таму ён любіў маляваць будынкі. Аднак насамрэч яго галоўнай выхавальніцай была маці — Юзафіна — дачка пінскага суддзі. Менавіта маці, якая валодала французскай мовай і мела музычныя здольнасці, навучыла сына граць на фартэпіяна. Пазней Напалеон вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, пасля якой у 1823 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт. Але давучыцца не паспеў. 

За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве «Заране» Напалеона Орду арыштавалі і выключылі з універсітэта на чацвёртым курсе. Амаль 15 месяцаў Орда знаходзіўся ў Віленскай турме. Пасля вызвалення ён вярнуўся ў родную вёску, дзе жыў пад наглядам паліцыі і самастойна завяршыў сваю адукацыю.

Падчас паўстання 1830–1831 гадоў ён камандаваў партызанскім атрадам. Стаў, урэшце, стралком чацвёртага палка коннай гвардыі Літоўскага корпуса ў Польшчы і нават вызначыўся ў бітве пад Коцкем, атрымаў найвышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі. Пасля задушэння паўстання эміграваў у Францыю.

Яго імя мусіць ведаць кожны беларускі лінгвіст. Напалеон Орда першым пачаў перакладаць паэзію аўтараў-суайчыннікаў. На французскую. У Парыжы. У эміграцыі. Сябар Адама Міцкевіча, ён быў яго нястомным папулярызатарам. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў. Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясціны.

Глядзіце таксама

Яго імя мусіць ведаць кожны беларускі музыколаг ці кампазітар. Піяніст і кампазітар, Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Разам з сябрам, Фрэдэрыкам Шапэнам, ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай музычнай культуры ў Еўропе. Музычныя творы самога Орды, асабліва паланэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Слава, грошы і спакойнае жыццё ў вясёлай французскай сталіцы былі гарантаваныя. Орда ствараў рамансы і песні, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў». Орда стаў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе і была высока ацэнена Станіславам Манюшкам, які лічыў Орду сваім настаўнікам.

Яго імя мусіць ведаць кожны беларускі архітэктар ці рэстаўратар. Бо Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, нястомна рабіў архітэктурныя шкіцы найбольш значных помнікаў, замалёўкі мясцін, знітаваных з жыццём выбітных асоб, славутых помнікаў старасветчыны. У Парыжы Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара, які і вызначыў яго мастацкі жанр. Альбомы яго літаграфій змяшчаюць больш за 200 твораў, прысвечаных славутым мясцінам Беларусі. Малюнкі вызначаюцца дакументальнасцю, праз што маюць вялізарную каштоўнасць для даследчыкаў архітэктуры, бо многія помнікі захаваліся толькі ў яго акварэлях ды малюнках.

Толькі ў 1856 годзе, пасля амністыі, кампазітар і мастак змог жыць у родных Варацэвічах. Напярэдадні паўстання Каліноўскага Орда раптам заняўся маляваннем. У 1862–1863 гадах Напалеон Орда жыве то ў Гродне, то ў Вільні, то ў Пінску, потым на Валыні. У самы разгар чарговага паўстання, да канца 1864 года, ён метадычна аб’ехаў усе раёны найбольш актыўных баявых дзеянняў і… занатаваў краявіды. Вось такі сабе знайшоў занятак у 57 (!) гадоў ветэран-патрыёт: пачаў маляваць памятныя мясціны і шэдэўры беларускага дойлідства. У выніку з’явіліся тысячы графічных твораў.

Магчыма, ён дапамагаў «каліноўцам» падтрымліваць сувязь. У жандарскіх дакументах сцвярджалася, што мастак займаецца «черчением планов городов». За гэта на яго завялі справу аб пазбаўленні шляхецкіх правоў.

Глядзіце таксама

Яго імя мусіць ведаць кожны беларускі мастак. Бо падчас сваіх вандровак Напалеон Орда зрабіў незлічоныя замалёўкі і эцюды краявідаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясцін. Для сваёй творчасці Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю, гуашшу ці сепіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка малявання дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа. Вынікам гэтых вандраванняў з’явіўся аграмадны збор мастацкіх твораў — больш за 1150 малюнкаў і акварэляў!

У перыяд з 15 траўня 1866 па красавік 1867 года Орду пасадзілі ў Гродзенскую турму. Яго змясцілі за краты па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863–1864 гадоў і нават прыгаварылі да ссылкі. Але дзякуючы дапамозе жонкі і пасла Францыі вырак адмянілі.

У 1873 годзе Напалеон Орда распачаў не менш манументальную справу — выдаваць уласным коштам «Album Widokow Historycznych». Аднак было выдадзена толькі 260 малюнкаў-літаграфій у васьмі серыях (з іх каля 150 — па беларускіх землях), гравіраваных на камені Алаізам Місеровічам у літаграфічным камбінаце Максімільяна Фаянса ў Варшаве.

Творцаў такога маштабу ў жанры архітэктурнага краявіду не было больш у свеце! Напалеон Орда зрабіў тысячы малюнкаў і падчас сваіх новых вандраванняў. Орда наведаў таксама Англію, Шатландыю, Галандыю, Партугалію і нават краіны Магрыба. Ён нястомна працаваў, абіраючы для адлюстравання краявіды, што былі напоўненыя недасяжнай веліччу прыроды, якая несла ў сабе столькі неспасціжнага: горы, неабсяжныя даліны, паўразбураныя замкі, гожыя пастаралі.

У 1880 годзе ў дачыненні да Орды, якому было 73 гады, зноў распачалі следчую справу, бо прынялі за шпіёна: мінскаму губернатару далажылі, што мастак займаецца чарчэннем планаў гарадоў і фартэцый, адпраўляе малюнкі за мяжу і атрымоўвае за гэта грошы. Але сабраць дастатковую колькасць доказаў шпіянажу не атрымалася, і справу закрылі.

Восенню 1882 года цяжкахворы Орда з’ехаў у Варшаву, дзе лекаваўся ў клініцы. Там ён памёр у 1883 годзе. Паводле яго жадання, Напалеона Орду пахавалі ў радавым скляпенні ў Янаве. Але магіла не захавалася да нашых дзён. Надмагільная пліта захоўваецца ў Пінскім музеі.

Мы ўсе мусілі б ведаць пра яго ўсё. Цяжка сёння паверыць, што ў ХХ стагоддзі пра яго амаль не пісалі ў Беларусі. I ў XXI стагоддзі мы пачалі ўсведамляць маштаб асобы нашага суайчынніка з гучным імем — Напалеон Орда. Калі-небудзь мы будзем ведаць яго ўсе.