Культура нацыі вызначаецца колькасцю калекцыянераў
У Беларусі калекцыянаванне пачалося ў XII–XIV стагоддзях у канфесійных установах Полацка, Турава, Віцебска і ў іншых гарадах і мястэчках.
Алесь Сярожкiн (у цэнтры) сярод сяброў фонда Архiтэктуры i спадчыны iмя Андрэя Рублёва
Нашы далёкія продкі ўжо тады ў культурна-асветных асяродках збіралі рукапісныя кнігі, дакументы, абразы, царкоўнае ўбранне, рытуальны посуд. А прыватнае калекцыянаванне ўзнікла на Беларусі дзесьці
ў XVI стагоддзі ў асяроддзі адукаваных магнатаў, а з пашырэннем сувязей з Заходняй Еўропай — сярод іншых саслоўяў.
Найбольшыя калекцыі ў XVI–XVIII стагоддзях захоўваліся ў Нясвіжы, у Шчорсах на Навагрудчыне, у Вішаве на Валожыншчыне і ў іншых рэгіёнах нашай Бацькаўшчыны. Гэта былі калекцыі кніг, мапаў,
малюнкаў, карцін, ювелірных вырабаў, манет, зброі. У XIX стагоддзі ўвага калекцыянераў была накіравана на збіранне помнікаў айчыннай даўніны і мясцовых аб’ектаў прыроды.
Сёння ў Беларусі калекцыянаваннем займаюцца тысячы беларусаў. Яны калекцыянуюць маркі, паштоўкі, кнігі, латарэйныя білеты, манеты, медалі, боны, творы беларускага выяўленчага мастацтва і г.д. З
аршанскім збіральнікам, адным з заснавальнікаў газеты «Беларускі калекцыянер», будаўніком-рэстаўратарам Алесем Сярожкіным я сустрэўся ў Оршы. За кубкам гарбаткі мы распачалі нашу
гутарку пра калекцыянаванне ў Беларусі.
— Давайце прыгадаем час 22-гадовай даўніны, калі ў Беларусі ўпершыню пачала выдавацца газета для калекцыянераў і для тых, хто цікавіцца даўніной, — «Беларускі
калекцыянер». Чаму вы пачалі выдаваць менавіта такую газету?
— Найперш трэба нагадаць, што ў той час існавала Канфедэрацыя беларускіх суполак, у якую ўваходзіў і аршанскі клуб «Повязь». Старшынёй гэтага клуба быў я. Дык вось,
канфедэрацыя выдавала сваю газету пад назвай «Супольнасць». Атрымаўшы 4 нумары гэтага выдання, мне вельмі спадабаліся змешчаныя там выявы розных беларускіх пячатак. І менавіта тады,
у 1989 годзе, упершыню ўзнікла думка пра неабходнасць выдання для беларускіх калекцыянераў. Але апошняй кропкай, якая падштурхнула працу па выданню «Беларускага калекцыянера», была
радыёперадача Язэпа Барэйкі «425-я ўгодкі беларускай пошты», што прагучала па «Свабодзе» напачатку 1990 года. Яна мне так спадабалася, што я яе запісаў на
магнітафонную стужку, а потым перапісаў у сшытак. Гэта ўжо быў фактычна матэрыял, з якога можна было пачынаць выданне для беларускіх калекцыянераў. Сваёй думкай пра выданне газеты «Беларускі
калекцыянер» я падзяліўся з Уладзімірам Цярохіным — даследчыкам беларускага калекцыянавання. Ён шчыра падтрымаў ідэю і параіў звярнуцца ў Аршанскую друкарню. Тагачасны дырэктар
друкарні Рышард Лясота вельмі падрабязна мне ўсё растлумачыў, што трэба зрабіць, каб выйшаў першы нумар «Беларускага калекцыянера». Больш таго, ён асабіста пазнаёміў мяне з
супрацоўнікамі аршанскай «раёнкі». Адзін з іх, Мікола Дземідовіч, узяў на сябе асноўную працу па вёрстцы і вычытцы матэрыялаў для газеты. Потым я купіў у аршанскай краме
«Канцтавары» 32 кілаграмы паперы, бо так мы дамовіліся наконт майго разліку з друкарняй, і ў лістападзе 1990 года свет пабачыў першы нумар «Беларускага
калекцыянера».
— Колькі ўсяго выйшла нумароў газеты?
— Усяго выйшла з друку 24 нумары. Быў падрыхтаваны і 25-ы нумар, але так і не з’явіўся з-за недахопу фінансаў. Але газету адразу заўважылі не толькі ў Беларусі, але і калекцыянеры з
іншых краін Еўропы. Ад чытачоў пачалі прыходзіць лісты. Дарэчы, яны і сёння прыходзяць. Пасля выхаду першых нумароў «Беларускага калекцыянера» адразу адгукнуліся беларусы замежжа.
Напрыклад, калекцыянер з Чыкага Багдан Павук даслаў выяву маркі Слуцкага паўстання, якую на той час у Беларусі мала хто бачыў. Нам пісалі лісты калекцыянеры з Прыбалтыкі, Польшчы, Украіны, Германіі,
Расіі. Дзякавалі за выданне газеты і прасілі дасылаць ім наступныя нумары, яны ж, у сваю чаргу, дасылалі ў газету цікавыя, арыгінальныя матэрыялы, інфармацыі. А з Беларусі калекцыянеры нас проста
завальвалі лістамі. Першыя нумары «Беларускага калекцыянера» выдаваліся накладам 990 асобнікаў. Распаўсюджвалася газета праз Белсаюздрук, ТБМ, праз сядзібу БНФ, была на яе і
падпіска. Пазней, калі змяніліся палітычныя ўмовы, газета выдавалася накладам 299 экземпляраў.
Зараз толькі мы ў Беларусі не маем свайго выдання для калекцыянераў. У Расіі, напрыклад, нават кожны рэгіён выдае што-небудзь сваё. Некалькі гадоў таму ў Беларусі вучыўся адзін немец. Яму так
спадабалася Беларусь і наша філатэлія, што ён, калі вярнуўся ў Германію, пачаў на нямецкай мове выдаваць там свой прыватны часопіс, цалкам прысвечаны беларускай філатэліі. Часопіс называецца
«Belarus-Report». Ён змяшчае на сваіх старонках даволі цікавыя і сур’ёзныя артыкулы пра нашу філатэлію. Але не ўсе беларусы-калекцыянеры пра гэта выданне ведаюць. А тыя,
хто ведае, нават дасылаюць туды свае артыкулы, іх там перакладаюць на нямецкую мову і публікуюць. Некалькі нумароў гэтага выдання ёсць і ў мяне.
Беларускi латарэйны бiлет 1928 года
— А што вы калекцыянуеце?
— Сам я збіраю беларускія значкі, памятныя медалі і беларускія латарэйныя білеты. Прычым, значкі калекцыяную, якія зробленыя з металу, паперы, пластыка, шкла. Адзіная ўмова, каб гэты значак
меў дачыненне да Беларусі. Збіраю іх тэматычна: гарады, прадпрыемствы, калгасы, дзяржустановы, войска, міліцыя, навучальныя ўстановы, культурныя фэсты і г. д. Латарэйныя білеты, акрамя ўласна
беларускіх, калекцыяную тыя, якія выкарыстоўваліся на тэрыторыі Беларусі ў розны час: пад Расійскай імперыяй, СССР, нямецкай акупацыяй, даваеннай Польшчай…
— Якая ў вашай калекцыі, напрыклад, ёсць рэдкая беларуская латарэя?
— Ёсць у мяне латарэйны білет мінскага таварыства «Прыхільнік дзяцей» 1928 года. Гэта была такая рэчавая латарэя, якая разыгрывалася ў дапамогу беспрытульным дзецям. Усяго
было выпушчана 10 тысяч такіх білетаў па 50 капеек. Тыя, хто купіў латарэю, маглі тады выйграць дзіцячыя ложкі, швейныя машыны, веласіпеды, паліто жаночыя, гарнітуры мужчынскія, прымусы, штаны
мужчынскія, самабрэйкі «Жылет», гадзіннікі, гарнітуры чайныя, галёшы, лодачкі жаночыя, чаравікі мужчынскія, адрэзы мануфактуры, коўдры дзіцячыя, муку пшанічную, радыёпрыёмнікі і
нават барэльеф таварыша Калініна.
— А якія ёсць каштоўныя значкі?
— Для калекцыянера кожная рэч каштоўная. Але часам гэты кошт вызначае сам калекцыянер. Напрыклад, у мяне ёсць сяброўскія значкі беларускіх суполак «Талака» (Мінск),
«Узгор’е» (Віцебск) і «Повязь» (Орша). Гэта просценькія значкі, але для мяне яны вельмі каштоўныя. Ды і наклад іх быў мізэрны. Да гэтага часу шукаю значак
«Паходні» (Гродна). Ёсць і іншыя значкі, якія выходзілі накладам у 50 і нават 10 асобнікаў. Такія значкі адразу становяцца рэдкімі. Магу пахваліцца і беларускімі значкамі пачатку
1950-х гадоў, якія выпускаліся пры Сталіне.
— Ці падтрымліваеце сувязі з іншымі беларускімі калекцыянерамі?
— Вядома ж. Сувязі з іншымі калекцыянерамі падтрымліваць трэба заўсёды. Без гэтых сувязей немагчыма папаўняць калекцыю і развіваць яе. Дзякуючы калекцыянерам латарэйных квіткоў Міхасю
Верацілу з Ваўкавышчыны, Аркадзю Падліпскаму з Віцебска і Уладзіміру Бачкову з Бабруйска я ў апошні час значна папоўніў сваю калекцыю сучасных беларускіх латарэй. У сваю чаргу і яны ад мяне
атрымліваюць нешта цікавае.
— Як вы сталі калекцыянерам?
— У 15 гадоў, пакідаючы Беларусь на вакзале ў Оршы, купіў на памяць тры значкі: Якуб Колас, Касцюшка і Белавежская пушча. У Ленінградзе, дзе я вучыўся, павесіў іх над ложкам. Разам са мной
жылі некалькі землякоў, якія таксама мелі беларускія значкі. Вось такім чынам і пачалася мая калекцыя беларускай фалерыстыкі. Жывучы ў Ленінградзе, я стаў наведваць клуб калекцыянераў, дзе вельмі
здзіўляў расійскіх калекцыянераў, бо, калі яны пыталіся, што калекцыяную, я адказваў: беларускія значкі і медалі. І калі я вярнуўся дахаты, стаў сур’ёзна займацца фалерыстыкай.
Беларускія латарэі я пачаў збіраць пазней — напачатку 2000 года. Таму ёсць вялікі прабел у гэтай маёй калекцыі. Але я паціху яго запаўняю.
Па спецыяльнасці я — будаўнік. Працаваў брыгадзірам у Аршанскіх рэстаўрацыйных майстэрнях ад самага іх утварэння ў 1987 годзе і да закрыцця ў 1996-м. Потым займаўся рэстаўрацыяй розных
храмаў у Віцебскай вобласці і ў Расіі. Цяпер працую ў адной аршанскай будаўнічай фірме.
— Ведаю, што вы цікавіцеся і старадаўняй цэглай і кафляй, нават калекцыянуеце іх.
— Такую сваю калекцыю я называю прафесійнай. Справа ў тым, што працуючы са старадаўняй цэглай, часам трапляюцца цікавыя цагліны з рознымі надпісамі, кляймом, адрасамі. Такія цагліны я
пакідаю сабе. У Оршы на месцы былога Успенскага Куцеінскага манастыра часам назіраю за рознымі землянымі работамі. І вось нядаўна знайшоў некалькі фрагментаў геральдычнай кафлі, якія склалі
арыгінальны малюнак.
— А ці шмат сёння ў Беларусі калекцыянераў?
— Ёсць такое выказванне: узровень дабрабыту і культуры нацыі вызначаецца колькасцю калекцыянераў сярод чальцоў гэтай нацыі. Мне вядома, што ў Германіі, каля 10 працэнтаў насельніцтва
што-небудзь калекцыянуе. Колькі калекцыянераў у Беларусі сёння — цяжка сказаць, але яны ёсць. У маёй Оршы, напрыклад, з насельніцтвам больш за 100 тысяч чалавек — набярэцца толькі
каля 150 калекцыянераў. Тым не менш, яны ёсць і будуць. Калекцыя беларускай філатэліі, якую сабраў Леў Коласаў з Мінска, мае нацыянальную і дзяржаўную каштоўнасць. У яго калекцыі ёсць унікальныя
выданні, якіх няма нават у беларускіх дзяржаўных музеях і архівах. Наогул, беларусы калекцыянуюць шмат што. З’явіліся сёння нават калекцыянеры, якія збіраюць старыя бутэлькі з надпісамі на
шкле. Нядаўна мае землякі знайшлі бутэльку Аршанскага піўзавода царскіх часоў. Бутэлька вельмі прыгожая і цікавая, захавалася ў добрым стане. Знаходку выставілі ў інтэрнэце. І хутка
масквічы-калекцыянеры за добрыя грошы яе купілі. У нас — не. Бяда ў тым, што шмат дарагіх і каштоўных старых беларускіх рэчаў знікае за межамі Беларусі.
— У набыцці беларускай даўніны найперш павінна быць зацікаўлена дзяржава. Яна павінна скупляць каштоўнасці нашага народа для архіваў, бібліятэк, музеяў. Дзяржава павінна і
дапамагаць нашым калекцыянерам, хаця б выданнем газеты ці часопіса. Ці не так?
— Па-першае, вельмі хацелася б, каб дзяржаўныя структуры стварылі ў поўным аб’ёме нацыянальную калекцыю нумізматыкі, баністыкі, фалерыстыкі, філатэліі, каб калекцыянер мог прыйсці ў
Дзяржаўны гістарычны музей і паглядзець усё гэта. Па-другое, з боку дзяржавы, безумоўна, павінна быць дапамога ў выданні часопіса ці газеты для беларускіх калекцыянераў, дапамога ў выданні розных
каталогаў і даведнікаў для калекцыянераў. Але пакуль, на жаль, гэтага няма.